Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў ЗША. Сацыяліст Сандэрс вырваўся ў лідэры сярод кандыдатаў-дэмакратаў


Бэрні Сандэрс
Бэрні Сандэрс

Сэнатар Бэрні Сандэрс, які называе сябе дэмакратычным сацыялістам, вырваўся наперад у перадвыбарнай гонцы сярод дэмакратаў, якія 11 лютага прынялі ўдзел у прэзыдэнцкіх праймэрыз у амэрыканскім штаце Нью-Гэмпшыр, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Пасьля падліку амаль 90% бюлетэняў Бэрні Сандэрс, лідэр прагрэсіўнага крыла Дэмакратычнай партыі, перамог, атрымаўшы 26% галасоў. «Гэтая перамога азначае пачатак канца Дональда Трампа», — заявіў Сандэрс радасным прыхільнікам, пасьля таго як тэлекампаніі NBC і АВС абвясьцілі вынікі, якія паказваюць ягонае лідэрства.

Былы мэр горада Саўт-бэнд у Індыяне Піт Бутыджэдж трохі адстаў ад яго, атрымаўшы 24,4%.

Сэнатарка Эмі Клобушар, якая спадзявалася на прарыў пасьля ўдалага выступу на дэбатах 7 лютага, заняла трэцяе месца з 19,7%.

Ад першай тройкі значна адстаюць сэнатарка Элізабэт Уорэн (9,3%) і былы віцэ-прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн (8,4%).

77-гадовы Байдэн раней ужо двойчы выстаўляў сваю кандыдатуру на пост прэзыдэнта, але беспасьпяхова. У 2008 годзе ён перамог на выбарах у якасьці віцэ-прэзыдэнта пры Бараку Абаму.

Неўзабаве пасьля закрыцьця ўчасткаў у Нью-Гэмпшыры, крыніцы ў выбарчым штабе бізнэсоўцы Эндру Янга паведамілі, што ён зьняў сваю кандыдатуру і больш ня ўдзельнічае ў прэзыдэнцкай гонцы. Сэнатар ад Каларада Майкл Бэнэт таксама спыніў кампанію 11 лютага ў Нью-Гэмпшыры. Пасьля сыходу Янга і Бэнэта, колькасьць кандыдатаў, якія змагаюцца за вылучэньне ад Дэмакратычнай партыі, скарацілася да дзевяці.

Паводле экзыт-полаў, праведзеных на ўчастках, дзе галасавалі рэспубліканцы, поўную і безумоўную перамогу на рэспубліканскіх праймэрыз атрымаў Дональд Трамп: яго кандыдатуру падтрымалі 86,6% выбарнікаў-рэспубліканцаў (дадзеныя прыводзяцца на аснове экзыт-полаў у 20% выбарчых участкаў). За дзень да праймэрыз Трамп правёў мітынг у Нью-Гэмпшыры для сваіх прыхільнікаў, на якім раскрытыкаваў кандыдатаў-дэмакратаў.

Калі лідэрства Сандэрса захаваецца, ён можа замацаваць свой статус фаварыта, але многія палітолягі сумняваюцца, што Сандэрс зможа зрушыць рэспубліканскага прэзыдэнта Дональда Трампа. Трамп неаднаразова асуджаў сацыялістычную палітыку Сандэрса, якая ўключае доступ да бясплатнага мэдыцынскага абслугоўваньня для ўсіх амэрыканцаў.

Паводле NBC і CBS, Джо Байдэн і Элізабэт Уорэн не набралі дастаткова галасоў сярод жыхароў Нью-Гэмпшыра для таго, каб заручыцца падтрымкай дэлегатаў, якія будуць галасаваць за адзінага кандыдата ад партыі на Нацыянальным зьезьдзе дэмакратаў у ліпені.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG