361 чалавек памёр ад новага каранавірусу 2019-nCoV у Кітаі, колькасьць хворых павялічылася да 17 205 чалавек, паведамілі 3 лютага ў Дзяржаўным камітэце здароўя КНР.
Паводле стану на 00.00 2 лютага (19.00 па менскім часе) колькасьць пацьверджаных выпадкаў заражэньня каранавірусам у Кітаі дасягнула 17 205, зь іх 2296 чалавек знаходзяцца ў цяжкім стане. 475 пацыентаў паправіліся і выпісаныя зь лякарні. Агулам у 21 558 чалавек падазраюць каранавірус.
За апошнія суткі выявілі 2829 новых выпадкаў захворваньня, памерлі 56 чалавек.
1 лютага сьмерць ад новага каранавіруса ўпершыню зафіксавалі па-за межамі Кітая, такім чынам усяго ахвярамі каранавірусу 2019-nCoV сталі 362 чалавекі. З улікам інфікаваных ва ўсіх краінах колькасьць тых, хто захварэў, складае 17 388 чалавек.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ