Дзясяткі беларусаў праверылі на каранавірус, пакуль знайшлі толькі грып. Самастойна праверыцца на небясьпечны вірус пакуль немагчыма, патрэбна накіраваньне лекара.
У Нацыянальным аэрапорце «Менск» увядуць падвойны кантроль
Мэдыцынскія работнікі будуць правяраць пасажыраў на борце самалётаў (а ня толькі ў аэрапорце, як цяпер). Пра гэта паведаміў 28 студзеня міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік.
У хуткім часе тыя, хто прыбывае ў Беларусь, змогуць здаць экспрэс-тэст на наяўнасьць каранавірусу — у іх будуць браць мазкі са сьлізістай абалонкі, аналіз будзе гатовы цягам 4–12 гадзін.
«Супрацоўнікі памежнай службы падчас памежнага кантролю зьвяртаюць увагу на магчымыя праявы вострых рэсьпіраторных захворваньняў. Асаблівая ўвага аддаецца тым катэгорыям грамадзян, якія прыбываюць з краінаў зь неспрыяльнай санітарна-эпідэмічнай абстаноўкай або наведвалі гэтыя краіны, калі гэта бачна па дакумэнтах. Ня трэба зьдзіўляцца, калі памежнікі пацікавяцца станам здароўя ў чалавека, які перасякае мяжу. Гэта нармальныя захады кантролю, адэкватныя тым рызыкам, якія ёсьць на межах», — сказаў Свабодзе прэс-сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі.
Прайсьці тэст на каранавірус можна толькі па накіраваньні лекара
У Беларусі ёсьць рэактывы, неабходныя для дыягностыкі новага каранавірусу. Пра гэта яшчэ 23 студзеня сказаў міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік.
«Мы атрымалі ўсе рэактывы, якія дазваляюць выявіць менавіта гэты вірус 2019 году — новы штам, які быў знойдзены ў КНР», — сказаў міністар.
Аднак ня кожны можа праверыцца, ці ёсьць у яго каранавірус.
Загадчыца лябараторыі грыпу і грыпападобных захворваньняў Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі Натальля Шмялёва кажа, што неабходнасьць абсьледавацца на наяўнасьць каранавірусу можа вызначыць толькі лекар.
То бок, калі чалавек вярнуўся з Кітаю ці кантактаваў зь людзьмі, у якіх ужо дыягнаставалі каранавірус, участковы тэрапэўт прымае рашэньне, даць накіраваньне на тэст ці не.
Пры любых недамаганьнях мэдыкі рэкамэндуюць зьвяртацца ў сваю паліклініку.
20-гадовая Ганна І., якая правяла ў Кітаі два месяцы, вярнулася ў Менск з Шанхаю 20 студзеня, і на наступны дзень стала дрэнна сябе пачуваць. Яе паклалі ў Менскі гарадзкі інфэкцыйны шпіталь. У дзяўчыны дыягнаставалі грып В. 24 студзеня яна яшчэ лячылася ў шпіталі, казаў у пятніцу на брыфінгу міністар здароўя Ўладзімер Каранік. У аўторак Свабодзе не ўдалося высьветліць, ці выпісалі ўжо дзяўчыну.
Беларусы ў Кітаі дадому не сьпяшаюцца
У Кітаі ў закрытых гарадах правінцыі Хубэй ёсьць дзясяткі беларусаў, але прапановай амбасады Беларусі ў КНР паспрыяць у вяртаньні на радзіму пакуль скарысталіся толькі двое.
Беларуска Валерыя Салаўёва, якая прыехала ў кітайскі Ўхань 20 студзеня, паведамляе, што мясцовыя СМІ супакойваюць: 60 чалавек вылекаваліся і выпісаліся са шпіталяў. Аднак прайсьці тэст на каранавірус амаль немагчыма — у клініках велічэзныя чэргі і нестае рэактываў. Ударнымі тэмпамі дабудоўваюць новы шпіталь, які вось-вось адкрыецца.
Вяртацца Валерыя пакуль не плянуе. Учора на сайце амбасады Беларусі яна прачытала, што дыпляматы гатовыя паспрыяць у вяртаньні на радзіму. Аднак яна ня хоча правесьці два тыдні ў карантыне і баіцца падхапіць вірус пры пералёце.
«Я лепш перасяджу ва Ўхані за зачыненымі дзьвярыма і буду ведаць, што ні на што не захварэла, чым па дарозе ў аэрапорт ці ў самалёце падхаплю што-небудзь. Кажуць, інкубацыйны пэрыяд — ад 1 да 14 дзён. І, да прыкладу, са мной побач будзе ляцець нібыта здаровы чалавек, а потым акажацца, што ён носьбіт вірусу, і я заражуся», — кажа Валерыя.
Замежныя грамадзяне могуць пакінуць межы правінцыі Хубэй на падставе афіцыйнага запыту амбасады. Але пры выезьдзе за межы закрытай зоны давядзецца 14 дзён адбыць у карантыне. Эвакуаваць беларусаў на самалёце непасрэдна з Ухані беларускае пасольства на момант публікацыі не зьбіралася.
На раніцу 28 студзеня ў Кітаі зафіксавалі 4,5 тысячы пацьверджаных выпадкаў захворваньня на каранавірус, 976 чалавек у цяжкім стане. У 6793 чалавек падазрэньне на заражэньне. 44 132 чалавекі, якія кантактавалі з заражанымі, праходзяць мэдычнае абсьледаваньне.
Памерлі 106 чалавек, зь іх 26 — у апошнія суткі.
У Нямеччыне пацьвердзілі першы выпадак заражэньня каранавірусам. 33-гадовы жыхар баварскага гораду Штарнбэрг заразіўся, кантактуючы з калегай з Кітаю, якая прыяжджала ў Нямеччыну на мінулым тыдні.
У Японіі кіроўца аўтобуса, які перавозіў турыстаў з кітайскага гораду Ўхань, таксама заразіўся каранавірусам, паведамляе Kyodo News. Гэта першы выпадак, не зьвязаны з паездкамі ў Кітай. Усяго ў Японіі захворваньне дыягнаставалі ў 6 чалавек, пяцёра захварэлі пасьля наведваньня Кітаю.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ