На фоне нафтавых спрэчак з Масквой і фактычнага спыненьня паставак Беларусь шукае нафту ў эўрапейскіх краінах. І нават пачала імпарт нафты з Нарвэгіі. Свабода разабралася, наколькі гэта выгадна і ці можна замяніць расейскія пастаўкі эўрапейскімі.
У канцэрне «Белнафтахім» паведамілі, што падкантрольная яму Беларуская нафтавая кампанія (БНК) купіла партыю нарвэскай нафты з радовішча Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда 22 студзеня, паведамляе Reuters.
Паводле крыніцы агенцтва, такая пастаўка праз Клайпедзкі порт абыдзецца Беларусі істотна даражэй за імпарт па нафтаправодах — перавалка і транспартаваньне да заводу па чыгунцы будуць каштаваць больш як 20 даляраў за тону. Глядзім, у чым выгада такой пастаўкі для Беларусі.
Ці можна замяніць расейскую нафту іншай
Сёлета Беларусь плянавала перапрацаваць 24 мільёны тон нафты. Гэта па 12 тон на кожны з двух НПЗ. З такіх разьлікаў відаць, што за месяц адзін НПЗ плянаваў перапрацаваць 1 мільён тон, прыводзіць лічбы аглядальніца Тацяна Манёнак. З Нарвэгіі пакуль закуплена 80 тысяч тон, то бок 8% таго, што плянавалі перапрацаваць на адным НПЗ за месяц.
«Пакуль невядома, з Нарвэгіі будзе разавая пастаўка ці не. Тым ня менш НПЗ цяпер працуюць на мінімальнай загрузцы. Таму гэта падтрымка, пакуль ідуць перамовы з расейскім бокам. Пакуль ня бачна, што гэта сур’ёзная альтэрнатыва. Хоць раней гаварылася, што праз порт Клайпеды можна паставіць да 3 мільёнаў тон. Важны яшчэ і кошт гэтай нафты», — кажа Тацяна Манёнак.
Умовы камэрцыйнага кантракту паміж Беларусьсю і Нарвэгіяй невядомыя. Таму пакуль нельга казаць, наколькі гэтая нафта даражэйшая за расейскую. «Белнафтахім» паведамляў, што расейская нафта каштуе Беларусі 83% ад усясьветнай цаны.
Паспрабуем падлічыць паводле раней агучанай інфармацыі, колькі Беларусь можа паставіць нафты без Расеі. Зь Літвы — 3 мільёны тон, з Украіны транзытам праз трубаправод — да 4 мільёнаў тон. Таксама Беларусь вядзе перамовы пра магчымыя пастаўкі нафты з Казахстану і Азэрбайджану.
Раней там нафту ўжо набывалі. У 2011 годзе — амаль мільён тон у Азэрбайджане; у 2016 — 44 тысячы тон нафтавай сыравіны ў Казахстане; у 2010 — 1,4 мільёна тон нафты ў Вэнэсуэле.
Атрымліваецца, тэарэтычна Беларусь без Расеі можа набраць да 10 мільёнаў тон нафты. Але па плянах трэба 24 мільёны.
Навошта Беларусі столькі нафты
З Расеі Беларусь атрымлівае ад 18 да 24 мільёнаў тон нафты на год. Гэта менавіта расейская нафта. Зь Літвы, Латвіі, Украіны Беларусь можа атрымліваць транзытную нафту любых краін, але яна можа быць даражэйшая за расейскую.
На перапрацоўцы нафты і далейшым продажы нафтапрадуктаў (галоўным чынам у ЭЗ) Беларусь зарабляе. Напрыклад, у 2018 годзе Беларусь купіла ў Расеі нафты на 6,8 мільярда даляраў, а прадала нафтапрадуктаў на 12,8 мільярда. Паводле справаздачы Мінфіну, нафтавыя пастаўкі ў 2018 годзе склалі 10% даходаў беларускага бюджэту. Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук заўважае, што самой Беларусі на ўласныя патрэбы трэба толькі каля 7 мільёнаў тон нафты на год.
«Пазытыў у пастаўках нарвэскай нафты ў тым, што Беларусь пачне пазбаўляцца статусу эмірату Расеі і будзе думаць у катэгорыі рынкавых цэн. Можа, пачне думаць пра іншыя крыніцы росту эканомікі. Гэта пераход на іншую рэальнасьць, без энэргетычных датацый. Беларусь атрымае менш выручкі, менш заробяць НПЗ. Навошта набываць шмат нафты, калі гэта ўжо не прыносіць прыбытку? Унутранае спажываньне — 6–7 мільёнаў на год. Трэба, каб нашы НПЗ кіраваліся сваёй радай дырэктараў, а не дзяржаўным канцэрнам. Самі зараблялі, а не жылі па дзяржпляне», — падсумоўвае Яраслаў Раманчук.
Эканаміст прапануе зарабляць у іншых сфэрах, а нафты закупляць столькі, колькі гэта прыносіць выгады для эканомікі. Раней Свабода падлічвала, што ў 2018 годзе дзьве сфэры — ІТ і «малочка» — прынесьлі Беларусі больш, чым экспарт нафтапрадуктаў.
Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася
- 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
- Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
- Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
- 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
- Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
- Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
- Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
- Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
- Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
- Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
- Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
- Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.
Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст
Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі
Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі