Цэнтральная выбарчая камісія Абхазіі прызначыла паўторныя выбары прэзыдэнта гэтай самаабвешчанай рэспублікі на 22 сакавіка. Пра гэта паведаміў журналістам у нядзелю старшыня выбаркаму Тамаз Гогія.
Напярэдадні Вярхоўны суд Абхазіі адмяніў вынікі леташняга галасаваньня. У верасьні, паводле афіцыйных вынікаў, лідэр апазыцыйнай партыі «Амцахара» Алхас Квіцінія зь невялікай розьніцай прайграў у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў дзейнаму кіраўніку рэгіёну Раулю Хаджымбу.
У Абхазіі ўжо некалькі дзён працягваюцца масавыя пратэсты. Прадстаўнікі апазыцыі захапілі будынак адміністрацыі прэзыдэнта, забарыкадаваліся ў ім і патрабуюць адстаўкі Хаджымбы.
Абхазія, сэпаратысцкі рэгіён Грузіі, абвясьціла незалежнасьць пасьля вайны з Грузіяй у 1993 годзе. Расея пасьлядоўна падтрымлівала сэпаратысцкія настроі ў Абхазіі, а ў 2008 годзе пасьля пяцідзённай расейска-грузінскай вайны прызнала яе незалежнасьць. Грузія лічыць Абхазію і Паўднёвую Астыю тэрыторыямі, акупаванымі Расеяй, і абвінавачвае РФ у парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны і анэксіі яе тэрыторыі. У той жа час Расея аказвае вялікую дапамогу самаабвешчанай рэспубліцы і па афіцыйных, і па неафіцыйных каналах, а таксама дала пашпарты прыблізна 90% яе жыхароў.