Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея будзе мадэрнізаваць войска Абхазіі за свой кошт


Антырасейскі плякат у Тбілісі
Антырасейскі плякат у Тбілісі

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін даручыў ураду падпісаць пагадненьне, якое ўскладзе на Расею фінансаваньне мадэрнізацыі ўзброеных сілаў непрызнанай Абхазіі.

«Прыняць прапанову ўраду Расейскай Фэдэрацыі аб падпісаньні пагадненьня паміж Расейскай Фэдэрацыяй і Рэспублікай Абхазіяй аб фінансаваньні выдаткаў на мадэрнізацыю Ўзброеных сілаў Рэспублікі Абхазіі», — цытуе дакумэнт «Настоящее время».

Сума, якую выдаткуюць на ўзбраеньне войска непрызнанай рэспублікі, у дакумэнце не названая.

Абхазія, сэпаратысцкі рэгіён Грузіі, абвясьціла незалежнасьць пасьля вайны з Грузіяй у 1993 годзе. Расея пасьлядоўна падтрымлівала сэпаратысцкія настроі ў Абхазіі, а ў 2008 годзе пасьля пяцідзённай расейска-грузінскай вайны прызнала яе незалежнасьць.

На гэты момант незалежнасьць Абхазіі, акрамя Расеі, прызнаная яшчэ чатырма краінамі – чальцамі ААН. Беларусь незалежнасьці Абхазіі не прызнала.

Грузія лічыць сэпаратысцкія Абхазію і Паўднёвую Асэтыю тэрыторыямі, акупаванымі Расеяй, і абвінавачвае РФ у парушэньні тэрытарыяльнай цэласнасьці краіны і анэксіі яе тэрыторыі.

Расея дапамагае самаабвешчанай рэспубліцы і па афіцыйных, і па неафіцыйных каналах. Сёньня 10 найбуйнейшых падаткаплатнікаў у Абхазіі — гэта кампаніі з расейскімі інвэстыцыямі, што прызнаў у інтэрвію «Настоящему времени» міністар эканомікі самаабвешчанай рэспублікі Адгур Ардзінба.

Расейскія пашпарты маюць прыблізна 90% жыхароў непрызнанай рэспублікі. Расея афіцыйна даплачвае абхаскім пэнсіянэрам да пэнсій паводле расейскіх стандартаў, а агульны аб'ём дапамогі, якая штогод ідзе з РФ у Абхазію, ацэньваецца ў $ 300 мільёнаў (афіцыйна гэтыя лічбы ніколі не раскрываліся). Амаль уся прадукцыя абхаскіх кампаніяў пры гэтым ідзе альбо на ўнутраны рынак, альбо ў Расею.

У 2015 годзе генштаб Абхазіі ўзначаліў расейскі генэрал Анатолі Хруль, а неўзабаве пасьля гэтага Дзяржаўная дума РФ прыняла пастанову аб абʼяднанай групоўцы войскаў РФ і Абхазіі. У яе склад ад Расеі ўвайшла абʼяднаная расейская вайсковая база, якая дыслякуецца на тэрыторыі Абхазіі, а ад абхаскай – два асобныя мотастралковыя батальёны, артылерыйская і авіяцыйная групы, а таксама асобны атрад спэцыяльнага прызначэньня. Камандаваць абʼяднанай групоўкай быў прызначаны камандзір расейскай вайсковай базы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG