Падсудныя, якіх пракурор патрабуе пакараць расстрэлам, раскаяліся і папрасілі ў суду літасьці. Маці забітай ім адказала: «Хто мне верне дачку?»
Вырак агучаць 10 студзеня.
У райцэнтры Чэрыкаў Магілёўскай вобласьці браты Ільля і Станіслаў Косьцевы, якім пагражае сьмяротнае пакараньне за забойства з асаблівай жорсткасьцю мясцовай настаўніцы, выступілі з апошнім словам.
Паводле сьледзтва, у красавіку 2019 году Косьцевы нанесьлі пацярпелай больш за 100 нажавых раненьняў, ад якіх яна сканала. Акрамя забойства, Косьцевы абвінавачаныя ў крадзяжы і зьнішчэньні маёмасьці ў асабліва буйным памеры.
Рэзанансную справу, якая знаходзіцца на кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі, разглядае на выязным пасяджэньні калегія Магілёўскага абласнога суду. 8 студзеня пракурор прасіла вынесьці абвінавачаным сьмяротны вырак.
21-гадовага Ільлю і 19-гадовага Станіслава Косьцева ў судовай залі трымаюць у клетцы, на руках кайданкі. Перад апошнім словам яны выглядалі разгубленымі, але час ад часу ўсьміхаліся. Іхныя прамовы публіка, якая прыйшла на працэс, суправаджала злымі камэнтарамі. У судовай залі былі маці, муж і сын забітай, якія прызнаныя пацярпелымі. Слухаючы абвінавачаных, маці настаўніцы сказала: «Хто мне верне дачку?»
Жорсткае забойства ў Чэрыкаве
10 красавіка 2019 году ў Чэрыкаве ў доме на вуліцы Гагарына (ускраек райцэнтру) пасьля пажару было знойдзена цела 47-гадовай жанчыны з шматлікімі нажавымі раненьнямі. Гэта была мясцовая настаўніца-дэфэктоляг Натальля Кастрыца. Неўзабаве затрымалі братоў Косьцевых 1998 і 2000 гадоў нараджэньня, якім і было выстаўленае абвінавачваньне ў забойстве. У ім яны прызналіся.
Як устанавіла сьледзтва, дом пацярпелай падпалілі, каб схаваць сьляды злачынства. У хаце, дзе жылі падазраваныя, сьледчыя знайшлі кампутар забітай. Косьцевых раней судзілі за крадзеж. Яны жылі паблізу ад забітай імі настаўніцы.
Якія былі матывы?
Паводле сьледзтва, адносіны паміж братамі і забітай былі непрыязныя. На допыце яны казалі, настаўніца Натальля Кастрыца паведаміла ў праваахоўныя органы, што іхная сястра не выконвае належным чынам бацькоўскіх абавязкаў па гадаваньні малалетніх дзяцей. За гэта сям’ю паставілі на прафіляктычны ўлік, прызнаўшы, што яна ў сацыяльна небясьпечным становішчы. Пра гэта браты ўспомнілі, калі разам выпівалі, і пайшлі разьбірацца.
Натальля Кастрыца ўпусьціла братоў у дом. Тады яе пачалі зьбіваць. На погляд сьледзтва, Косьцевы разумелі, што, зьбіваючы жанчыну, прыносяць ёй пакуты і што іхныя дзеяньні могуць прывесьці да яе сьмерці. Пасьля працяглага зьбіваньня яны ўзялі нажы і пачалі наносіць імі ўдары ў розныя часткі цела, у тым ліку ў важныя жыцьцёвыя органы. Усяго было нанесена больш за 130 удараў. Сьмерць Натальлі Кастрыцы наступіла ад гемарагічнага шоку.
Што сказалі падсудныя ў апошнім слове
Ільля Косьцеў раскаяўся ў злачынстве і выбачыўся перад роднымі забітай «за невыносны боль і пакуты». Ён заявіў, што ішоў да Натальлі Кастрыцы не для таго, каб помсьціць і забіваць, «а толькі пагаварыць».
«Я ня ведаю, што пайшло ня так, — казаў абвінавачаны. — Можа, гарэлка так падзейнічала. Дагэтуль не магу патлумачыць, чаму яе забіў».
Станіслаў Косьцеў чытаў сваё апошняе слова з паперкі. У ім адзначыў, што за час, праведзены за кратамі, «у поўнай меры ўсьвядоміў, што ўчыніў незваротнае і стаў саўдзельнікам злачынства». Таксама выбачыўся перад роднымі забітай і сваімі роднымі. Сябе з братам назваў «аблуднымі душамі і дзецьмі».
Ён зьвярнуў увагу, што не трымаў у руках нажа, а ў доме забітай апынуўся выпадкова. Па яго словах, Натальлю Кастрыцу ён ведаў і паважаў. «За час вучобы ў школе не было зь ёю канфліктаў», — казаў абвінавачаны. Тое, што зь ім адбылося, ён патлумачыў «памутненьнем розуму».
Паводле яго, да настаўніцы ён ішоў з братам, каб падтрымаць яго маральна, і злога намеру забіваць яе ў іх не было.
Ён прасіў суд не караць яго з братам «максымумам», а выносячы прысуд, «прыслухоўвацца ня толькі да розуму, але да свайго сэрца».
«Дайце нам шанец жыць і стаць хоць калі-небудзь паўнапраўнымі грамадзянамі, — зьвяртаўся да суду ў апошнім слове Станіслаў. — Мы ня хочам страціць нітку, якая зьвязвае нас са свабодаю».
Справа на кантролі ў Лукашэнкі
Аляксандар Лукашэнка згадаў гэтае забойства ў інтэрвію рэдактару расейскай радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксею Венядзіктаву.
«Два падонкі, інакш іх не назавеш — ужо і разбоі былі, і каралі іх — забілі сваю настаўніцу, — казаў ён. — За тое, што яна бараніла дваіх дзетак іхнай сястры. Сястра ніякая, асацыяльны элемэнт».
Паводле Аляксандра Лукашэнкі, настаўніцу «забівалі ўсю ноч» і «пад ранак дабілі».
Публікацыя падрыхтавана пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.