У Лос-Анджэлесе завершылася чарговая цырымонія ўручэньня ўзнагародаў «Залаты глёбус». Гэтая прэстыжная кінапрэмія прысуджаецца ад 1944 году Галівудзкай асацыяцыяй замежнай прэсы за мастацкія фільмы і тэлевізійныя карціны.
Самую вялікую колькасьць узнагародаў сабраў фільм Квенціна Таранціна «Аднойчы ў Галівудзе», сам рэжысэр таксама атрымаў узнагароду за найлепшы сцэнар.
У намінацыі «Найлепшы міні-сэрыял або тэлевізійны фільм» не было роўных працы швэдзкага рэжысэра Ёхана Рэнка «Чарнобыль».
Найлепшай драмай стаў фільм брытанскага рэжысэра Сэма Мэндэса «1917», прысьвечаны падзеям Першай сусьветнай вайны.
Найлепшым фільмам на замежнай мове прызнаная паўднёвакарэйская чорная камэдыя «Паразыты».
Найлепшым драматычным акторам за галоўную ролю ў фільме «Джокер» стаў Хаакін Фэнікс, а Рэнэ Зельвэгер атрымала прыз за найлепшую жаночую ролю ў драме «Джудзі».