Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэрыя Варшавы патлумачыла словы пра «беларускі дух», ад якога «трэба пазбавіць горад»


Сядзіба варшаўскай мэрыі
Сядзіба варшаўскай мэрыі

На прэзэнтацыі канцэпцыі цэнтра Варшава, мэр польскай сталіцы Рафал Тшаскоўскі заявіў, што над горадам «стаіць беларускі дух» і што прагнаць яго здольныя зьмены, якія ён прапануе. Прэс-сакратар мэрыі патлумачыў Свабодзе, што меў на ўвазе Тшаскоўскі.

— Пэўная частка гораду была запраектаваная нашымі «савецкімі сябрамі», таму над ім стаіць савецкі і беларускі дух. — сказаў мэр Тшаскоўскі, прадстаўляючы канцэпцыю «Усьмешка Варшавы», якая прадугледжвае больш пераходаў для мінакоў, роварных сьцежак і зеляніны.

Паводле Тшаскоўскага, прапанаваныя ім зьмены змогуць прагнаць з Варшавы «беларускі дух».

Рафал Тшаскоўскі
Рафал Тшаскоўскі

Словы пра «беларускі дух» абурылі карыстальнікаў сацыяльных сетак, сярод якіх і беларусы Варшавы. Заяву Рафала Тшаскоўскага яны ўспрынялі як праяву вышэйшасьці і абразу. Свабода скантактавалася з прэс-сакратаром варшаўскай мэрыі Камілям Дамбровам. Ён патлумачыў, што меў на ўвазе Тшаскоўскі.

— Кажучы пра «беларускі дух», мэр Тшаскоўскі меў на ўвазе архітэктуру і ўрбаністычныя савецкія і постсавецкія рашэньні, якія закранулі таксама і гарады БССР. Гаворка вялася выключна пра архітэктуру. Мэр Варшавы бачыць гэтыя падабенствы паміж Варшавай і Менскам і хоча зьмяняць горад, каб ачысьціць Варшаву ад сацрэалізму.

Каміль Дамброва запэўніў, што мэр польскай сталіцы шануе ўсіх жыхароў і гасьцей Варшавы, незалежна ад нацыянальнасьці.

— Варшава павінна быць адкрытай і горадам для ўсіх. Усе, хто сумленна працуе і паважае закон, маюць права лічыць гэты горад сваім. У тым ліку і госьці з Усходняй Эўропы. У мэра Тшаскоўскага вельмі сардэчнае стаўленьне да беларусаў, украінцаў, расейцаў. Гэтыя словы былі накіраваныя ня супраць людзей, а супраць падыходу да архітэктуры, які выкарыстоўваўся ў Менску або Берасьці.

Рафал Тшаскоўскі ўзначальвае мэрыю Варшавы ад 2018 году. Яму 47 гадоў. Па адукацыі ён палітоляг, доктар гуманітарных навук. На выбары ішоў ад лібэральнай «Грамадзянскай плятформы» і перамог у першым туры, набраўшы 56% галасоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG