Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі могуць увесьці пасаду віцэ-прэзыдэнта, каб палегчыць транзыт улады, — былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду


Афіцыйнае мерапрыемства на Дзень перамогі ў Менску, 9 траўня 2019 году Віктар Лукашэнка, Дзьмітры Лукашэнка, Мікалай Лукашэнка, Аляксандар Лукашэнка
Афіцыйнае мерапрыемства на Дзень перамогі ў Менску, 9 траўня 2019 году Віктар Лукашэнка, Дзьмітры Лукашэнка, Мікалай Лукашэнка, Аляксандар Лукашэнка

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў заяўляе, што ўсе цяперашнія беларускія ўладныя структуры і падпісаныя імі міжнародныя пагадненьні ня маюць паўнавартаснай легітымнасьці, тлумачыць, чаму трэба вяртацца да Канстытуцыі 1994 году, і разважае, якія зьмены ў Асноўны закон рыхтуюць улады.

Сьцісла

  • Ёсьць усе падставы лічыць гэтыя парлямэнцкія выбары незаконнымі
  • Новыя, легітымныя органы ўлады могуць паставіць пад сумнеў легітымнасьць міжнародных дамоваў і на гэтай падставе іх скасаваць.
  • Была і засталася законнай Канстытуцыя 1994 году, якую проста трэба «ажывіць».
  • Магчыма, што прэзыдэнта будуць абіраць не праз усенародныя выбары, а праз парлямэнт.

— У сваіх публікацыях вы неаднаразова падкрэсьліваеце думку, што пасьля прыняцьця зьменаў у Канстытуцыю ў 1996 годзе (альбо, як некаторыя гэта называюць, дзяржаўнага перавароту 1996 году) цяперашнія ўладныя структуры ў Беларусі маюць сумнеўную легітымнасьць. Ці мае гэта ўсё практычнае значэньне? Ці можа гэтая юрыдычная сытуацыя ўплываць на ацэнку міжнародных дамоваў, якія можа падпісваць кіраўніцтва Беларусі?

— Зараз, вядома, гэта ня мае вялікага юрыдычнага значэньня. Мы прызнаем як дадзенасьць дзейную сыстэму ўлады. Але калі лічыць, што калі ў 1996 годзе адбыўся, як кажуць многія незалежныя юрысты, дзяржаўны пераварот, — то гэта азначае, што органы ўлады ня маюць легітымнай асновы. Усё гэта павінна быць юрыдычна ацэнена належным чынам, і павінна быць адноўлена канстытуцыйная законнасьць. Гэта азначае, што ў краіне была і застаецца адзіная легітымная Канстытуцыя 1994 году, зь якой і трэба пачынаць далейшыя канстытуцыйныя пераўтварэньні.

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў
Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў

Якія-хаця падпісаныя дамоўленасьці з Расеяй таксама можна ацаніць такім самым чынам. То бок калі палітычная сытуацыя зьменіцца, будуць створаныя новыя, легітымныя органы ўлады — яны могуць паставіць пад сумнеў легітымнасьць гэтых міжнародных дамоваў і на гэтай падставе іх скасаваць.

— Калі ж абапірацца выключна на юрыдычныя нормы, а не на палітычную рэальнасьць — ці можна лічыць, што ўсе раней падпісаныя кіраўніцтвам Беларусі міжнародныя дамовы недастаткова юрыдычна легітымныя?

— Так, такую выснову можна зрабіць. Думаю, новы Канстытуцыйны суд зможа даць ацэнку рэфэрэндумам, міжнародным пагадненьням, прынятым законам, прэзыдэнцкім дэкрэтам — усё гэта можа быць перагледжана. Але гэтае «калісьці» ў будучыні.

Пакуль жа мы жывем тут і цяпер, і ў цяперашняй сытуацыі ніхто не асьмеліцца афіцыйна паставіць такое пытаньне. Вы ведаеце, што пасьля рэфэрэндуму 1996 году заставаўся легітымны і правамоцны Вярхоўны Савет 13-га скліканьня, і ён нават прызначыў выканаўцу абавязкаў генэральнага пракурора, які распачаў крымінальную справу ў дачыненьні да кіраўніка дзяржавы. Аднак усё гэта выклікала толькі інфармацыйную хвалю, але ніякіх практычных наступстваў.

— Калі канкрэтна казаць пра вынікі апошніх парлямэнцкіх выбараў у Беларусі, наколькі важная заява місіі АБСЭ, што гэтыя выбары не адпавядалі дэмакратычным стандартам? Ці мае гэта чыста гіпатэтычнае маральнае значэньне, ці больш непасрэдны палітычны аспэкт? Якія міжнародныя дамовы можа зацьвярджаць гэта парлямэнт?

— Я лічу, што гэта мае і палітычнае, і юрыдычнае значэньне. Я таксама адсочваў і аналізаваў гэтыя выбары і прыйшоў да высновы, што яны былі незаконнымі — па многіх пазыцыях. Яны былі прызначаныя занадта рана, што скараціла на 10 месяцаў тэрмін працы дэпутатаў. А як фармаваліся выбарчыя камісіі, як вялася рэгістрацыя кандыдатаў, як ажыцьцяўлялася папярэдняе галасаваньне, як выдалялі назіральнікаў, як вёўся падлік бюлетэняў. Усё гэта пацьвярджае, што ёсьць усе падставы лічыць гэтыя парлямэнцкія выбары незаконнымі і нелегітымнымі.

— Калі казаць пра гістарычныя паралелі, то ў сьвеце даволі доўга не прызнавалі бальшавіцкага перавароту 1917 году ў Расеі, толькі ў 1930-я гады некаторыя дзяржавы ўсталявалі дыпляматычныя адносіны з СССР. Ці, напрыклад, міжнародная супольнасьць так і не прызнала акупацыі краінаў Балтыі, але яны жылі 60 гадоў у СССР, па савецкіх законах. Тая недастатковая легітымнасьць цяперашняй беларускай улады, пра якую вы кажаце, — якое яна можа мець значэньне ў будучыні?

— Залежыць ад таго, якім будзе шлях разьвіцьця краіны. Калі ў выніку нейкіх пагадненьняў Беларусь стане новым суб’ектам Расеі, то казаць пра нейкія канстытуцыйныя пэрспэктывы нерэальна. Калі ж сувэрэнітэт захаваецца і зьменіцца палітычная сытуацыя — то будзе сфармаваная новая сыстэма органаў улады, можа быць адноўленая Канстытуцыя 1994 году, праз выбары будзе абраная новая ўлада. І гэтая новая ўлада абвесьціць, што мы прыхільнікі дэмакратычнага шляху разьвіцьця, а тое, што было пасьля рэфэрэндуму 1996 году, мы прызнаем нелегітымным.

— Вы лічыце, што ў выпадку «зьмены палітычнай сытуацыі» трэба будзе вяртацца да Канстытуцыі 1994 году ці прымаць новую?

— У нас была і засталася законнай Канстытуцыя 1994 году, якую проста трэба «ажывіць». Усе папраўкі, унесеныя ў яе на незаконных рэфэрэндумах, ня маюць юрыдычнай сілы. Таму ў кожны момант можна будзе сказаць, што мы прызнаем законнай толькі Канстытуцыю 1994 году і ў гэтай сувязі патрабуем правядзеньня выбараў на падставе гэтай Канстытуцыі і дзейнага тады заканадаўства.

Пасланьне беларускаму народу і Нацыянальнага сходу, 19 красавіка 2019 году
Пасланьне беларускаму народу і Нацыянальнага сходу, 19 красавіка 2019 году

— Якія зьмены, на вашую думку, рыхтуюць праўладныя юрысты ў цяперашнюю Канстытуцыю? Пра распрацаваньне гэтых зьменаў ужо ня раз казаў Лукашэнка, але ніхто ня ведае іхнае сутнасьці.

— Можна пэўна сказаць, што такія папраўкі рыхтуюцца. Але пры гэтым захоўваецца таямніца. Мы сустракаліся са старшынём Канстытуцыйнага суду Міклашэвічам — нічога канкрэтнага ён не сказаў.

Можна толькі меркаваць, пра што будуць гэтыя папраўкі. Гэта варыянт фармальнай лібэралізацыі, калі часткова паўнамоцтвы прэзыдэнта будуць перададзеныя парлямэнту і ўраду. Цалкам магчыма дапусьціць, што прэзыдэнта будуць абіраць не праз усенародныя выбары, а праз парлямэнт — магчыма, з павелічэньнем тэрміну ягоных паўнамоцтваў. Таму магчыма, што вясной будзе рэфэрэндум аб папраўках у Канстытуцыю. І тады праўная і палітычная сытуацыя можа істотна зьмяніцца — прынамсі, што да адносінаў з Расеяй і парадку фармаваньня органаў улады.

— Іншыя аналітыкі заяўляюць, што магчымыя зьмены ў Канстытуцыю найперш скіраваныя на забесьпячэньне транзыту ўлады — маўляў, Аляксандар Лукашэнка не захоча пакідаць наступнаму прэзыдэнту такія шырокія паўнамоцтвы, якія мае сам. Як вы ставіцеся да гэтай вэрсіі?

— Гэтую вэрсію я таксама ўлічваю. Думаю, у гэтым кірунку і будзе ажыцьцяўляцца транзыт улады. Магчыма, будзе ўведзена пасада віцэ-прэзыдэнта для палягчэньня транзыту ўлады. Калі віцэ-прэзыдэнт можа адаптавацца ў гэтай пасадзе, зразумець, як і што працуе — тады яму лягчэй будзе перадаць уладу. Як гэта ўведзена ў Азэрбайджане, дзе пасаду віцэ-прэзыдэнта займае жонка прэзыдэнта Аліева. Гэтым як бы забясьпечваецца ўстойлівасьць вярхоўнай улады. Такое нельга выключаць і ў Беларусі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG