Украінскія трэйдэры спынілі пастаўкі электраэнэргіі зь Беларусі ў ноч з 30 лістапада на 1 сьнежня.
Як паведаміла ўкраінскае інтэрнэт-выданьне «Економічна правда» са спасылкай на ўласныя крыніцы, імпарт электраэнэргіі зь Беларусі спынены а 1-й гадзіне ночы таму, што яна стала даражэйшая, чым на ўнутраным украінскім рынку.
Украінскія трэйдэры сьцьвярджаюць, што працягваюць набываць электраэнэргію ў Расеі, але ў невялікіх аб’ёмах.
Паводле выданьня, на мінулым тыдні парлямэнцкі камітэт у пытаньнях энэргетыкі і жыльлёва-камунальнай гаспадаркі папярэдне ўхваліў зьмены да заканадаўства аб рынку электраэнэргіі, якімі прапануецца забараніць пастаўкі энэргіі з Расеі на падставе двухбаковых кантрактаў. На наступным тыдні гэтая заканадаўчая ініцыятыва будзе разглядацца ў сэсійнай залі Вярхоўнай рады Ўкраіны.
Пакуль тэма заканадаўчай забароны паставак зь Беларусі не абмяркоўваецца, хоць раней украінскія энэргетыкі выступалі з такой прапановай. Прафсаюз працаўнікоў энэргетыкі і электратэхнічнай прамысловасьці Ўкраіны заяўляў, што аднаўленьне паставак ва Ўкраіну электраэнэргіі зь Беларусі, Славаччыны, Вугоршчыны і Расеі можа выклікаць крызіс у энэргетычнай галіне, які справакуе скарачэньне 100 тысяч працоўных месцаў у нацыянальнай энэргетыцы.
Беларусь з моманту адкрыцьця энэргетычнага рынку ва Ўкраіне цягам ліпеня — кастрычніка стала найбольшым пастаўніком электраэнэргіі ва Ўкраіну — украінскія спажыўцы атрымалі 644,9 мільёна кіляват-гадзін беларускай энэргіі.
У лістападзе Міністэрства энэргетыкі і аховы навакольля Ўкраіны паведаміла, што ў прагнозным балянсе электрычнай энэргіі Аб’яднанай электрычнай сыстэмы Ўкраіны ў 2020 годзе прадугледжаны закуп у Беларусі 2,1 мільярда кіляват-гадзін электраэнэргіі. Гэта амаль траціна ад заплянаванага ў наступным годзе аб’ёму вытворчасьці электраэнэргіі БелАЭС: згодна з Канцэпцыяй энэргетычнай бясьпекі Беларусі, БелАЭС у 2020 годзе будзе выпрацоўваць 7,1 мільярдаў кіляват-гадзін. Пры гэтым агульны аб’ём вытворчасьці электраэнэргіі ў Беларусі, як мяркуецца, складзе 39,9 мільярдаў кіляват-гадзін.