Як паказала нядаўняе апытаньне расейскага «Левада-цэнтру», толькі 24 адсоткі расейцаў ставяцца з сымпатыяй да прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Гэта на 8 адсоткаў менш, чым у 2017 годзе.
Такі ж паказьнік быў у Пуціна ў кастрычніку 2011 году перад пратэстамі на Балотнай плошчы. Самая нізкая доля тых, хто сымпатызуе Пуціну, была зафіксаваная сацыёлягамі ў сакавіку 2013 году — 18%.
Цяпер 30% апытаных ня могуць сказаць пра Пуціна нічога дрэннага, 8% — нічога добрага, 15 % настроеныя абыякава, а антыпатыю і агіду адчуваюць па 3% рэспандэнтаў.
У той жа час працу Пуціна на пасадзе прэзыдэнта Расеі сёньня ўхваляюць 70% апытаных, паведамляе «Левада-цэнтар». Рэкордным гэты рэйтынг быў у кастрычніку 2014 году — 85%.
Дырэктар «Левада-цэнтру» Леў Гудкоў адзначае, што ядро прыхільнікаў Уладзіміра Пуціна — гэта жанчыны, людзі з правінцыі і расейцы старэйшага ўзросту. На ягоную думку, зьніжэньне сымпатыі зьвязанае з расчараваньнем у курсе прэзыдэнта і асабліва ў сувязі з пэнсійнай рэформай.