Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пагадзілася на аўстрыйскую дапамогу ў пабудове 5G-сеткі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прэс-служба беларускага мабільнага апэратара А1 (былы Velcom) паведаміла пра падпісаньне беларускімі і аўстрыйскімі чыноўнікамі супольнай дэклярацыі аб супрацы ў сфэры сувязі і ў тым ліку ў пабудове сеткі 5G.

Цяпер у Беларусі дзейнічаюць сеткі мабільнай сувязі другога, трэцяга і чацьвёртага пакаленьняў. Калі сеткі 2G і 3G будавалі самі апэратары, то 4G-сетку (па тэхналёгіі LTE) будаваў на сродкі мабільных апэратараў напаўдзяржаўны інфраструктурны апэратар beCloud. МТС падключыў 4G у сьнежні 2015 году, Life:) — у жніўні 2016-га. Velcom доўга спрачаўся з beCloud і атрымаў доступ да сеткі толькі ў сакавіку 2019-га.

Velcom наракаў, што кампаніі не дазваляюць разгарнуць сваю сетку самастойна, хоць трэба толькі дазвол на выкарыстаньне частотаў, а абсталяваньне гатовае, «дастаткова націснуць кнопку».

Цяпер апэратар А1 адзначае, што LTE даступнае толькі ў буйных гарадах, і сьцьвярджае, што beCloud не зацікаўлены ў разьвіцьці пакрыцьця ў малых гарадах і на вёсцы. Нядаўна А1 перадала beCloud уласнае абсталяваньне для 4G у Пінску, дзе сетка інфраструктурнага апэратара працавала кепска.

Мацярынская кампанія беларускага А1 — аўстрыйская A1 Telekom Austria Group (60% якой, у сваю чаргу, валодае мэксыканская América Móvil). Але не сама кампанія, а ўлады Аўстрыі цяпер паабяцалі Беларусі дапамогу ў IT-сфэры, разьвіцьці шырокапалоснай сувязі і ўкараненьні 5G, а таксама кансультацыі ў распрацоўцы нарматыўнай базы для канкурэнтнага і спрыяльнага інвэстыцыям асяродзьдзя ў галіне сувязі.

A1 ужо прапаноўвала беларускім уладам сваё бачаньне пабудовы 5G і яшчэ летась падавала заяўку на доступ да радыёчастотнага спэктру пад 5G «на камэрцыйных умовах, роўных для ўсіх інвэстараў». Але афіцыйна рашэньне пра тое, ці дадуць апэратарам самім будаваць сетку, ці паўтораць сцэнар з інфраструктурным апэратарам, яшчэ не прынятае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG