Рэйтынг ухваленьня прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ня зьведаў значных зьменаў пасьля таго, як у Палаце прадстаўнікоў пачалося расьсьледаваньне, якое ставіць пад пагрозу яго прэзыдэнцтва.
Такія вынікі сацапытаньня, праведзенага агенцтвам Associated Press і Цэнтрам дасьледаваньняў сувязяў з грамадзкасьцю NORC.
Сярод рэспубліканцаў рэйтынг ухваленьня Дональда Трампа дасягае 85%, агулам жа яго дзеяньні ўхваляюць 42% амэрыканцаў — і гэта звычайны паказьнік для дзейнага прэзыдэнта. Сярод дэмакратаў пазытыўных поглядаў на Трампа прытрымліваюцца толькі 7%.
Самым станоўчым момантам для Трампа застаецца эканоміка, якая працягвае расьці, нягледзячы на захаваньне прыкметаў пэўнага спаду. 54% амэрыканцаў ухваляюць тое, як Трамп вырашае эканамічныя пытаньні, у тым ліку 25% дэмакратаў. Аднак 55% удзельнікаў апытаньня не ў захапленьні ад таго, як Трамп вырашае пытаньні ў гандлёвых перамовах зь іншымі краінамі.
Больш крытычныя амэрыканцы ў дачыненьні міжнароднай палітыкі Трампа: 59% нэгатыўна ставяцца да ягонай дзейнасьці ў гэтай сфэры. Таксама грамадзкасьць скептычна настроеная што да карысьці, якую дзеяньні Трампа прыносяць пазыцыям ЗША ў сьвеце: 46% лічаць, што ўчынкі прэзыдэнта прыносяць больш шкоды, чым карысьці, 39% прытрымліваюцца адваротнай думкі.
56% амэрыканцаў лічаць, што прэзыдэнта нельга ахарактарызаваць словам «сумленны». Сярод рэспубліканцаў погляды на сумленнасьць Трампа таксама неадназначныя: толькі каля паловы згодныя з тым, што прэзыдэнта можна назваць сумленным.
61% амэрыканцаў (у тым ліку 26% рэспубліканцаў) лічаць, што Трамп наогул не паважае ці амаль не паважае дэмакратычныя інстытуты і традыцыі краіны. Амаль палова амэрыканцаў кажуць, што Трамп іх злуе. Кожны чацьвёрты кажа, што прэзыдэнт выклікае ў іх пачуцьцё «ашаламленьня».
Рэйтынг ухваленьня Трампа ды іншыя маркеры, вылучаныя ў дасьледаваньні, адлюстроўваюць глыбока супярэчлівую прыроду ягонага прэзыдэнцтва, калі пераважная колькасьць рэспубліканцаў яго падтрымліваюць, а большасьць дэмакратаў ня лічаць яго працу здавальняючай.
Апытаньне было праведзенае 24-28 кастрычніка, да таго, як Трамп абвясьціў аб ліквідацыі лідэра «Ісламскай дзяржавы» Абу Бакра аль-Багдадзі.