Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ў поўным складзе 31 кастрычніка будзе галасаваць за фармалізацыю разгляду працэдуры імпічмэнту прэзыдэнта Трампа.
У цяперашні час тры камісіі Палаты прадстаўнікоў праводзяць сумесныя слуханьні, каб вызначыць, злоўжываў Трамп уладай прэзыдэнта для асабістай палітычнай выгады.
Апрача таго, сёньня другі службовец Белага дома мусіць даць паказаньні перад камісіяй Кангрэсу, якая разглядае, ці зрабіў прэзыдэнт Дональд Трамп злачынствы, якія заслугоўваюць імпічмэнту.
Як паведамляецца, высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі заявіў некалькім СМІ, што напярэдадні яго адстаўкі Цім Морысан, галоўны дарадца Трампа ў расейскіх і эўрапейскіх справах, падае ў адстаўку.
Былы дарадца ў нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан быў выкліканы на наступны тыдзень, але яго адвакат сказаў CNN, што ён ня зьявіцца бяз позвы ў суд.
Болтан, які служыў з красавіка 2018 году да таго часу, пакуль Трамп ня звольніў яго 10 верасьня, стаў ключавой фігурай, якая спрабавала перашкодзіць унутраным намаганьням Белага дома прымусіць Украіну расьсьледаваць дзеяньні палітычнага канкурэнта прэзыдэнта, былога віцэ-прэзыдэнта Джо Байдэна і яго сына Гантэра.
Гэтыя намаганьні ляжаць у аснове расьсьледаваньня ў справе аб імпічмэнце і зьвязаныя з тэлефонным званком 25 ліпеня, калі Трамп папрасіў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага расьсьледаваць справу Байдэна.
Палата прадстаўнікоў зьбірае доказы, каб вызначыць, ці выкарыстаў Трамп уладу свайго офіса для асабістай палітычнай выгады, і калі так, то ці ўяўляюць гэтыя дзеяньні «сур’ёзныя злачынствы і правапарушэньні», якія заслугоўваюць імпічмэнту і зьняцьця з пасады згодна з Канстытуцыяй.
4 лістапада адваката Рады нацыянальнай бясьпекі Джона Эйзэнбэрга і ягонага намесьніка Майкла Эліса папрасілі таксама прыйсьці для дачы паказаньняў.
Між тым два амэрыканскія дыпляматы далі паказаньні Кангрэсу 30 кастрычніка.
Дональд Трамп адмаўляе, што ў яго размове з прэзыдэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім быў ціск, называючы расьсьледаваньне махлярствам і «паляваньнем на ведзьмаў».