Большасьць амэрыканскіх выбарнікаў падтрымліваюць эканамічную палітыку, якую праводзіць прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Пра гэта сьведчаць вынікі сацыялягічнага апытаньня, апублікаваныя ўнівэрсытэтам Куініпіяк (штат Канэктыкут) 20 лістапада.
Апытаньне паказала сур’ёзны раскол у грамадзтве. Пры гэтым праціўнікаў у Трампа, калі зыходзіць з вынікаў дасьледаваньня, прыкладна на 10% больш, чым прыхільнікаў. Высокі негатыўны рэйтынг, як паведамляе тэлеканал CNBC, можа стаць для Трампа праблемай пры магчымым вылучэньні на другі тэрмін у 2020 годзе.
Адзіная сфэра, у якой у цяперашняга прэзыдэнта ёсьць істотная перавага — эканоміка. 53% апытаных станоўча ацэньваюць прэзыдэнцкую падыход да кіраваньня эканомікай. У той жа час 42% удзельнікаў апытаньня далі процілеглую ацэнку Трампу-эканамісту.
У цэлым прэзыдэнцкую дзейнасьць Трампа ўхваляюць толькі 42% выбарнікаў. 54% удзельнікаў апытаньня лічаць, што ён не спраўляецца са сваёй працай. У пытаньнях замежнай палітыкі прэзыдэнта падтрымліваюць усё тыя ж 42%, а 53% апытаных яе не ўхваляюць.
Крыху больш за 40% амэрыканцаў згодныя з пунктам гледжаньня Трампа на іміграцыйную палітыку, 56% зь ім не згаджаюцца. Самыя негатыўныя ацэнкі прэзыдэнт атрымаў у сфэры расавых праблем: паводле вынікаў апытаньня, расавую палітыку прэзыдэнта ўхваляюць толькі 35% выбарнікаў, у той час як 59% яе не падтрымліваюць.
Такая вялікая розьніца паміж ацэнкамі эканамічнай палітыкі Трампа і ягонай дзейнасьці ў цэлым абумоўленая тым, што многім выбарнікам не падабаюцца асоба прэзыдэнта і рысы яго характару, тлумачыць Тым Мэл з унівэрсытэту Куініпіяк.
«Нягледзячы на нядаўняе падзеньне рынку, выбарнікі аптымістычна ацэньваюць уклад Дональда Трампа ў эканоміку, аднак яны хутчэй нэгатыўна ставяцца да ўсіх астатніх аспэктаў ягонай дзейнасьці. Несумленны, неўраўнаважаны, нячулы... Фактар эканамічнага росту нівэліруецца пытаньнямі [выбарнікаў] да характару і паводзінаў прэзыдэнта», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да сацапытаньня.