Прэзыдэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган усё ж сустрэнецца з віцэ-прэзыдэнтам ЗША Майкам Пэнсам і дзяржсакратаром Майкам Пампэа. Пра гэта паведаміў прадстаўнік адміністрацыі турэцкага прэзыдэнта Фахрэтын Алтун.
Сустрэча заплянаваная на чацьвер, 17 кастрычніка. Сёньня амэрыканская дэлегацыя павінна прыбыць у Анкару для тэрміновых перамоваў наконт турэцкай ваеннай апэрацыі на поўначы Сырыі каля мяжы з Турэччынай.
Раней Эрдаган заяўляў, што не плянуе перамоваў ні з Пэнсам, ні з Пампэа. Як сказаў прэзыдэнт Турэччыны, ён сустрэўся б з прэзыдэнтам Дональдам Трампам, калі б той прыехаў у Турэччыну. З прадстаўнікамі адміністрацыі прэзыдэнта ЗША павінны былі сустрэцца роўныя ім па пасадзе турэцкія лідэры.
Міністар замежных спраў Мэўлют Чавушаглу у сераду заявіў, што запатрабуе ад Пампэа, каб ЗША адмовіліся ад «небясьпечнага падыходу» да двухбаковых адносін і каб Амэрыка адмовілася ад увядзеньня новых санкцый у адносінах да Турэччыны.
Злучаныя Штаты асудзілі турэцкую апэрацыю на поўначы Сырыі, якая накіравана галоўным чынам супраць узброеных фарміраваньняў сырыйскіх курдаў — хаўрусьнікаў ЗША ў барацьбе з ваяўнікамі так званай «Ісламскай дзяржавы».
Вашынгтон увёў санкцыі супраць шэрагу турэцкіх афіцыйных асоб і ведамстваў. Апанэнты прэзыдэнта Трампа, аднак, ставяць яму ў віну тое, што ён не зрабіў больш дзейсных крокаў, а таксама тое, што ён распарадзіўся вывесьці амэрыканскія войскі з поўначы Сырыі.
- У сераду вывад амэрыканскіх войскаў, як паведамляюць сьведкі, прадоўжыўся. У шэрагу месцаў, у прыватнасьці, каля гораду Манбідж іх пазыцыі займаюць войскі сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада і расейскія вайскоўцы.
- Тэлеканал «Аль-Маядын» у сераду паведаміў, што войскі Башара Асада ўвайшлі ў горад Рака — былое апірышча «Ісламскай дзяржавы», які два гады таму ўзялі курдзкія атрады пры падтрымцы міжнароднай кааліцыі на чале з ЗША. Афіцыйных пацьверджаньняў гэтаму няма, але ў сацсетках зьявіліся фотаздымкі блокпастоў сырыйскай арміі на ўезьдзе ў горад.
- Раней войскі Асада ўвайшлі ў Манбідж. Гэта стала магчымым у выніку пагадненьня, якое курды заключылі з уладамі Сырыі для абароны ад турэцкага наступу: мяркуецца, што турэцкая армія ня будзе штурмаваць гарады, перададзеныя пад кантроль афіцыйнага Дамаска.
- Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у сераду выказаў меркаваньне, што канфлікт быў паміж Турэччынай і Сырыяй, і што гэта «нармальна», калі Расея дапамагае Дамаску. Трамп, выступаючы перад журналістамі ў Белым доме, заявіў, што ўвядзеньне амэрыканскіх санкцый супраць Турэччыны будзе лепшым варыянтам, чым ваенныя дзеяньні ў рэгіёне.