У Кіеве адкрылася XVI Міжнародная спэцыялізаваная выстаўка «Зброя і бясьпека» — наймаштабнейшая за апошнія некалькі гадоў. Яна сабрала ня толькі рэкордную колькасьць удзельнікаў, але і найноўшыя ўзоры вайсковай тэхнікі і зброі.
На выставачную пляцоўку ўпершыню для публічнай дэманстрацыі прывезьлі ракетны супрацькарабельны комплекс «Нэптун», створаны ва Ўкраіне ў рэкордныя тэрміны — яшчэ ў траўні праводзіліся яго агнявыя выпрабаваньні. Таксама ўпершыню дэманструюцца буйнакалібэрны кулямёт з дыстанцыйным кіраваньнем і плавучы бронетранспартэр «Отаман-3».
Без удзельнікаў зь Беларусі, але зь беларускімі камплектуючымі
Беларусь ужо трэці год у выстаўцы ня ўдзельнічае. Але ўкраінскія прадпрыемствы шторазу дэманструюць навінкі вайсковай тэхнікі, створанай на базе беларускіх складнікаў. Агрэсія Расеі падштурхнула і дзяржаўныя, і прыватныя прадпрыемствы пераарыентавацца пад патрэбы войска. А яно найперш патрабавала грузавой тэхнікі, здольнай перавозіць боепрыпасы, і вайсковай тэхнікі ў зону павялічанай рызыкі.
Сёлета кіеўская кампанія «Практыка» прадэманстравала новую такую распрацоўку — браняваны грузавы аўтамабіль «Козак-012». Ён ствараецца на базе МАЗ-6317. Ва Ўкраіне на яго ўсталёўваюць браняваную кабіну вышэйшай клясы абароны, адмысловую здымную плятформу з мульты-ліфтам, якая дазваляе пры пагрузцы абыходзіцца бяз кранаў.
«На гэтай машыне зручна перавозіць і боепрыпасы з тэхнікай, а таксама эвакуаваць пашкоджаную тэхніку. Наша распрацоўка ўжо прайшла выпрабаваньні і цяпер дапушчаная для эксплюатацыі ва Ўзброеных сілах Украіны. Мы ўжо рыхтуем першыя кантракты на пастаўку такіх бранявых аўтамабіляў», — сказаў Свабодзе намесьнік дырэктара прадпрыемства «Практика» Віктар Крывы.
Гэтае прадпрыемства да вайны на Данбасе спэцыялізавалася на выпуску тэхнікі для банкаўскай сыстэмы.
Як і прадстаўнікі ўсіх іншых абаронных прадпрыемстваў, якія ўдзельнічаюць у выстаўцы і прадстаўляюць узоры тэхнікі зь беларускімі складнікамі, Віктар Крывы падрабязнасьцяў кантракту і супрацы зь Беларусьсю не ўдакладняе:
«Лічба закрытая. Але першая партыя дазволіць нам ацаніць здатнасьць выкарыстаньня такога варыянту машыны ў баявых умовах. Дарэчы, гэтая мадыфікацыя МАЗу досыць актыўна выкарыстоўваецца ў нашым войску і ўжо паказала свае высокія характарыстыкі. Таму мы шчыльна супрацоўнічаем зь беларускімі вытворцамі і дзякуем ім за такі аўтамабіль».
«Варта» выпрабаваная ў баях
Спэцыялізаваны бронеаўтамабіль «Варта», які з 2016 году вырабляецца ў сэрыйнай вытворчасьці на прадпрыемстве «Українська бронетехніка» (да 2015 году яно займалася выпускам тары з плястмасы), таксама ствараецца на базе беларускага шасі.
Гэтая машына стваралася адмыслова для паліцыі спэцыяльнага прызначэньня «КОРД» і сілаў спэцыяльных апэрацый Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны. Пасьля дадатковага аснашчэньня баявым модулем з кулямётам «Варту» накіравалі на ўсход, у зону правядзеньня антытэрарыстычнай апэрацыі (цяпер Апэрацыя аб’яднаных сілаў). Там яна выкарыстоўвалася як машына падтрымкі пяхоты і абароны блёкпастоў.
«Гэтыя машыны пакуль не экспартуюцца, мы забясьпечваем патрэбы ўласнай арміі. Але мы плянуем зь ёй выйсьці і на зьнешні рынак. Цяпер над гэтым працуем, бо цікавяцца заказчыкі. Разглядаецца пытаньне пастаўкі машыны як на шасі МАЗу — гэта надзейнае шасі, так і КРАЗу ці іншых вытворцаў, напрыклад, „Татра“», — сказаў Свабодзе першы намесьнік дырэктара прадпрыемства «Українська бронетехніка» Дзьмітро Палякоў.
«Варта» мае добрыя ацэнкі ў вайскоўцаў, якія карысталіся ёй на Данбасе — машына мае высокую праходнасьць, якасную падвеску і вялікае дэсантнае аддзяленьне, што дазваляе камфортна разьмясьціць 9 дэсантнікаў і кулямётчыка.
Беларускія праекты прарываліся скрозь крытыку
Кіраўнік упраўленьня сувязяў з грамадзкасьцю аўтамабільнай кампаніі «Богдан Моторс» Юры Поўх кажа, што іхнае прадпрыемства ў Чаркасах таксама пераарыентавалася ў 2014 годзе на вайсковую тэхніку.
«Пасьля пачатку агрэсіі Расеі найпершая патрэба Ўзброеных сілаў Украіны была менавіта ў велікагрузнай усюдыходнай тэхніцы. І мы пачалі выпускаць „Богдан-63172“. Супраца зь Беларусьсю мела некалькі этапаў.
Першы этап, калі была распрацаваная тэхналёгія зборкі такога аўтамабіля ў Чаркасах. На другім — адмова ад расейскіх рухавікоў, якімі камплектаваліся беларускія аўтамабілі. Цяпер яны аснашчаюцца кітайскімі рухавікамі. Мы абсалютна афіцыйна набываем беларускія машынакамплекты, далучаем іншых пастаўшчыкоў на астатнія дэталі, і цяпер можна казаць, што ўкраінскі складнік у іх больш за 50 адсоткаў».
Што праўда, ва Ўкраіне на гэты праект абрынуўся шквал крытыкі. Папярэдняга прэзыдэнта Пятра Парашэнку (ён да 2009 году быў адным з уласьнікаў кампаніі «Богдан») пачалі абвінавачваць у тым, што ён «зарабляе на вайне» і зьнішчае ўкраінскае прадпрыемства КРАЗ (Крамянчуцкі аўтамабільны завод), якое таксама спэцыялізуецца на вытворчасьці велікагрузных машын.
Ад вайсковай тэхнікі да касьмічных тэхналёгій
І ў Беларусі, і ва Ўкраіне неахвотна распавядаюць пра вайскова-тэхнічную супрацу дзьвюх гэтых краін. Але яна трывае ўсе пяць гадоў, ад пачатку расейска-ўкраінскага канфлікту. Цяпер жа бакі абмяркоўваюць і больш важныя супольныя праекты ў абароннай сфэры і галіне ракетна-касьмічных тэхналёгій. Але супрацоўніцтва ў гэтай галіне — больш складанае, бо яно мае шэраг абмежаваньняў і падпадае пад міжнародны кантроль за экспартам узбраеньняў і вайсковых тэхналёгій.
«Не сакрэт, што нашае прадпрыемства цяпер вымушана займацца набыцьцём новага абсталяваньня для вытворчасьці ракетна-касьмічнай тэхнікі. І мы для гэтага разглядаем розныя тэхналёгіі, у тым ліку і тое, што прапануюць нашыя беларускія партнэры. Пакуль пэўнага рашэньня няма. Вывучаем. Патэнцыйна — нам цікава, але мусім праверыць, ці атрымаем тое, што нам патрэбна. Казаць нешта больш канкрэтнае, улічваючы палітычную абстаноўку, я не магу, бо можам прыціснуць гэта на пачатку, да таго, калі гэта ўсё адбудзецца», — сказаў Свабодзе Аляксандар Кушнароў, першы намесьнік генэральнага канструктара — генэральнага дырэктара па сыстэмным праектаваньні Канструктарскага бюро «Південне».
Паводле яго, перамовы вядуцца на падставе трохбаковага пагадненьня, падпісанага некалькі гадоў таму Нацыянальнымі акадэміямі навук Беларусі і Ўкраіны і Канструктарскім бюро «Південне».
«Цяпер ідзе абмеркаваньне на больш глыбокім узроўні. Але зноў жа — на ўзроўні дасьледаваньня магчымасьцяў. Мы вывучаем гэтыя магчымасьці і паглядзім, наколькі яны могуць быць эфэктыўнымі пры выкарыстаньні нашай тэхнікі. Толькі потым будзе ўхваленае рашэньне. Калі нас гэтыя характарыстыкі задаволяць, то мы будзем набываць і камплектуючыя, і матэрыялы для ракетна-касьмічнай тэхнікі. Маю спадзеў, што празь некалькі месяцаў зможам да гэтага падыйсьці. Хутчэй за ўсё — пачатак наступнага году», — прагназуе Аляксандар Кушнароў.
Канструктарскае бюро «Південне» (Дніпро) займаецца распрацоўкай ракетна-касьмічнай тэхнікі. На выстаўку ў Кіеў гэтае дзяржаўнае прадпрыемства Ўкраіны прывезла макеты звышгукавой авіяцыйнай кіраванай ракеты «Блискавка», ракетнага снараду «Тайфун-1», ракет «Циклон-1М», «Циклон-4М», а таксама ракеты Antares, якая ствараецца ў межах праграмы NASA.