Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«17 верасьня ва ўкраінцаў была хутчэй злараднасьць, а ня радасьць», — украінскі гісторык


Львавяне вітаюць савецкае войска
Львавяне вітаюць савецкае войска

Чым былі падзеі 1939 году для Заходняй Украіны: узьяднаньнем ці акупацыяй? Якім было месца Галічыны ў вялікай палітычнай гульні двух таталітарных рэжымаў? Што шакавала больш за ўсё жыхароў Заходняй Украіны?

Пра гэта размова Ўкраінскай службы Радыё Свабода з украінскім гісторыкам, прафэсарам Украінскага каталіцкага ўнівэрсытэту Яраславам Грыцакам.

— 1939 год. 1 верасьня ўпалі першыя нямецкія бомбы на горад. Нямецкае войска ў Львове. І раптам 17 верасьня савецкая армія пачала ўварваньне ва Ўсходнюю Польшчу. 19 верасьня падышла да Львова. Ці ўсьведамлялі львавяне, што небясьпека паходзіць з Усходу?

Яраслаў Грыцак
Яраслаў Грыцак

— Гэта было ўзрушэньне, таму што ніхто не чакаў у Львове савецкай арміі. Вайна працягвалася другі тыдзень, Варшава пала і немцы стаялі ў Львове перад Гарадоцкай і Рагаткай. Немцы былі ў Стрыі, зайшлі занадта далёка. Нямецкі генэрал Гальдэр глядзеў на Львоў у свой бінокль.

Было агульнае чаканьне, што ў горад увойдуць немцы. І тут адбываецца нешта нечаканае: немцы сыходзяць, а на іх месца прыходзяць савецкія войскі.

У людзей былі супрацьлеглыя ўражаньні ад немцаў і ад савецкіх войскаў. Немцы былі падцягнутыя, чыстыя, гэта была вялікая сучасная армія, зь вялікай дысцыплінай, а тут прыходзіць, як гэта ёсьць у многіх успамінах, савецкая армія, нагадвае арду. Салдаты ў брудных шынялях, ня ўсе ў ботах, маюць выгляд людзей, якія недаядаюць. Уражаньне, што вяртаецца мангола-татарскае нашэсьце. Ніхто такога не чакаў. І для кагосьці гэта быў шок!

— Людзі выйшлі з кветкамі сустракаць савецкае войска. Старая львавянка мне распавяла, што жыла тады ў Пярэмышлі (Польшча). Яна пабегла з кветкамі, але калі ўбачыла жабракоў-салдат, то схавала кветкі, зразумеўшы, што насоўваецца бяда. Якой была рэакцыя львавян?

— Розная была рэакцыя. Скажам, сьвятар з-пад Стрыя абвясьціў на службе, што з Усходу вызваляць украінцаў ад Польшчы ідзе ўкраінская армія. Людзі сабраліся хрэсным ходам, упрыгожылі зялёнымі галінамі і кветкамі браму, паставілі абраз Маці Божай і трызубец.

Прыехалі на конях савецкія афіцэры, убачылі трызубец, сьсеклі шабляй, тады людзі разьбегліся ў розныя бакі.

Гэта значыць, чаканьні былі розныя.

Салдаты вэрмахту ў раёне Львова
Салдаты вэрмахту ў раёне Львова

Для многіх габрэяў, асабліва маладых, прыход савецкай арміі быў шанцам пазьбегнуць страшнай долі, якая была пры немцах, таму што было вядома, што робяць немцы з габрэямі ў Польшчы.

Акрамя таго, трэба браць пад увагу, што кожны раз, як прыходзіць армія, то першая рэакцыя насельніцтва заўсёды — «сустракаць кветкамі». Так званая зброя слабых, то бок заявіць пра сваю ляяльнасьць.

Мяркую, што ў многіх выпадках гэта былі пастановачныя кадры, але таксама нельга казаць, што не было шчырасьці. Была радасьць для многіх, асабліва для бедных людзей, для ўкраінцаў, якія радаваліся, што іх вызвалілі ад Польшчы. Думалі, што ад гэтага выйграе ўкраінская справа.

То бок нельга даць абагульнены вобраз, таму што для адных гэта быў шок і ўзрушэньне, а для большасьці — нечаканасьць.

Відавочна, пра пакт Молатава-Рыбэнтропа мала хто ведаў. Калі паглядзець на рэакцыю Ўсходняй Украіны, то для іх стала яшчэ большай нечаканасьцю, калі раптам Гітлер стаў сябрам савецкага народу.

Ніхто не спадзяваўся, што Заходняя Ўкраіна далучыцца да СССР.

Савецкі Саюз у сваіх пачатках меў такія пляны, яшчэ ў 20-х гадах разглядаў Заходнюю Ўкраіну як такую браму, празь якую можна «пранесьці полымя рэвалюцыі» на разьвіты Захад. Ленін, трактуючы Маркса, ня думаў, што рэвалюцыя можа пачацца ў Расеі, і самым вялікім жахам было б, калі б яна там і скончылася. Таму сапраўдная рэвалюцыя, у іх уяўленьні, павінна быць на Захадзе, у Эўропе, у Нямеччыне, дзе была прамысловая база, быў працоўны кляс і гэтак далей.

І калі бальшавіцкая рэвалюцыя абмежавалася расейскай імпэрыяй, то ў 20-х гадах Камінтэрн прызнаў украінскае пытаньне як найбольш рэвалюцыйнае, што «праз украінскае пытаньне полымя рэвалюцыі можна будзе пранесьці на Захад», і ў гэтым выпадку Заходняя Ўкраіна, у прыватнасьці Галічына, стала «цэнтральнай» тэрыторыяй.

Лічылася, што паколькі ўкраінцы знаходзяцца ў стане прыгнечанай нацыянальнай меншасьці, то камуністы і бальшавікі павінны маніпуляваць гэтым станам, для таго каб падарваць Польшчу і пайсьці далей на Захад. Але ў 30-х гадах гэтыя пляны адмерлі, таму што, калі дайшло да падпісаньня пакту Молатава-Рыбэнтропа, стала даволі нязручна шукаць тлумачэньня, чаму трэба ісьці на Захад.

— Чаму савецкая армія марудзіла з наступам? 17 верасьня нямецкія войскі дайшлі да Львова, а савецкая армія не сьпяшалася.

— Савецкі Саюз марудзіў са сваімі войскамі, бо наступ меўся быць адначасовы — нямецкі з Захаду і савецкі з Усходу.

Затое 17 верасьня, гэта ўжо амаль палова другога тыдня, немцы былі ў Львове, узялі частку Галічыны, а савецкая армія так і не ішла. Было прамаруджаньне, немцы не разумелі, пра што ідзе гаворка. Мы да канца ня ведаем, чаму было такое вялікае прамаруджваньне. Адна з прычын, магчыма, — што на самой справе савецкая армія вяла баі ў Манголіі. (Асноўнымі ўдзельнікамі таго канфлікту былі Японія і СССР. — РС) Другое, што марудзілі, таму што ня ведалі, што з гэтым рабіць, не было гатовага пляну. Нямецкі генэрал Гальдэр, які стаяў пад Львовам, напісаў дзёньнік, зь якога мы ведаем, калі ён даведаўся пра тое, што нямецкія войскі трэба адводзіць ад Львова. Для яго гэта была нечаканасьць. Ён казаў, што гэта найбольш ганебны дзень для нямецкай арміі, таму што Львоў фактычна быў ужо ўзяты. І тут без паведамленьня нямецкія войскі павінны былі адысьці на лінію, па рацэ Сан.

Насельніцтва Львова сустракае Чырвоную армію
Насельніцтва Львова сустракае Чырвоную армію

— З аднаго боку — вэрмахт, на Усходзе — Чырвоная армія. Ці разыгрываўся Львоў тады ў вялікай палітычнай гульні двух таталітарных рэжымаў? Ці гэта перабольшаная роля?

— Перабольшаная. Гаворка ішла ня толькі пра сам Львоў. Хоць, вядома, Львоў быў траўмай для Сталіна, не забывайце, што ў 20-х гадах адна з прычынаў паразы бальшавіцкай арміі на Вісьле была тая, што Сталін зрабіў няправільны крок: замест таго каб ісьці сваёй арміяй у напрамку Варшавы, ён зрабіў тур на Львоў, і гэта разьяднала войскі.

Але Львоў ня быў галоўнай картай, гэта быў падзел польскай тэрыторыі, зьнішчэньне Польшчы як такой — і пашырэньне межаў СССР максымальна на Захад, на тэрыторыю паміж Балтыйскім і Чорным морам. Не забывайце, што акцыя 1939–1940 гадоў не была апошняя. Таму што далей анэксія Балтыкі, затым Бэсарабіі. Гэта была частка вялікага пляну. Дзьве вялікія імпэрыі пагадзіліся падзяліць паміж сабой гэты рэгіён, відавочна, што часова. І, відавочна, на гэтай вялікай карце Львоў быў вельмі важны, але не настолькі, каб за яго вялася вайна.

— Якая была роля савецкай прапаганды, скіраванай на насельніцтва, аб далучэньні Заходняй Украіны да «сям’і савецкіх народаў»? Бо Львоў быў шматнацыянальным горадам. Як паўплывала агітацыя на сьвядомасьць людзей і ў цэлым прапаганда так званага «залатога верасьня», якая вялася на працягу ўсяго савецкага пэрыяду?

— Так і не. Калі рыхтаваўся ўваход у так званы «залаты верасень», то ўсім вайсковым часткам, якія прымалі ўдзел у гэтай апэрацыі ў Заходняй Украіне, сьвядома надаваўся ўкраінскі характар.

Камандуючы быў з украінскім прозьвішчам Цімашэнка, максымальна прыцягвалі салдат з Усходняй Украіны, каб скласьці ўражаньне, што гэта ня ўнутраная грамадзянская вайна, а гэта далучэньне; што гэта не перамога, умоўна кажучы, ва ўнутранай вайне, а гэта «брацкая дапамога Ўкраінскай ССР сваім братам, якія знаходзяцца пад польскім прыгнётам». І ўсё гэта суправаджалася прапагандай, у якой прымалі ўдзел украінскія акторы. Некаторыя рабілі гэта вельмі старанна, а некаторыя зь верай.

Рэжысэр Аляксандар Даўжэнка, які ў гэта шчыра верыў, і Аляксандар Карнійчук (старшыня Саюзу пісьменьнікаў УССР. — РС), які вельмі цынічна пра гэтыя падзеі ўспамінае.

Мы забываем, ушаноўваючы сёньня Даўжэнку, якую ролю ён адыграў ва ўкраінізацыі Заходняй Украіны. Тады ва ўкраінцаў было адчуваньне хутчэй злараднасьці, а ня радасьці, ад таго, што польскі рэжым паў. Таму што да гэтага ён уяўляўся як непераможны. Гэта была вялікая пыха, якая была накіраваная супраць украінскага народу.

Аляксандар Даўжэнка агітуе сялян Львоўшчыны за аб'яднаньне з СССР
Аляксандар Даўжэнка агітуе сялян Львоўшчыны за аб'яднаньне з СССР

Як пазьней казалі ўкраінцы, з двух рэжымаў акупацыі, нямецкага і савецкага, савецкі быў горшы, таму што немцы хацелі забраць цела, а савецкія «вызваліцелі» хацелі забраць душу.

Вядома, былі надзеі ці, хутчэй, злараднасьць, што зачыняюцца польскія школы, вышэйшая польская жандармэрыя. І ўся вялікая помпа, якая называла сябе польскай непераможнай дзяржавай, зь вялікай непераможнай арміяй, распалася за два тыдні.

У палякаў было адчуваньне поўнай паразы, катастрофы, затое ва ўкраінцаў — злараднасьць.

У габрэяў, асабліва маладых, былі надзеі, што ім удасца пазьбегнуць лёсу габрэяў пад нямецкай акупацыяй. Сярод камуністычнай габрэйскай часткі была радасьць, што прыходзіць камунізм, але большасьць габрэяў ставілася нэўтральна, абыякава. Таму што гэта былі прававерныя артадоксы, якія проста чакалі, да чаго гэта ўсё прывядзе.

— У 1939 годзе ў Львове пражывала 50–55% палякаў, 30–35% габрэяў, 15–20% украінцаў. Савецкія так званыя «вызваліцелі» заігрывалі з украінцамі наконт украінізацыі, але неўзабаве ўкраінцамі запоўніліся турмы. Падʼюджвалі нянавісьць паміж украінцамі і палякамі. Дэманстравалі дыскрымінацыю паміж людзьмі розных нацыянальнасьцяў. Ці ўсьведамляла гэта ўкраінская інтэлігенцыя, ведаючы пра злачынствы ў Вялікай Украіне?

— То бок палова палякаў, траціна габрэяў і рэшта ўкраінцаў. Перш за ўсё пачалася ўкраінізацыя, як гэта было ў савецкай Украіне ў 20-х гадах — хуткая і гвалтоўная ўкраінізацыя. Украінская мова сталася абавязковаю. Польскае насельніцтва павінна было хутка вывучыць украінскую мову. Было ўражаньне, што ўкраінская мова запанавала на вуліцы, чаго ніколі ў прынцыпе не было. Было адчуваньне для многіх, што ўкраінізацыя перапоўніць савецкую рэальнасьць. Але давялося расчаравацца.

На фоне дэкляратыўнай украінізацыі савецкая ўлада вельмі мала ўкраінцаў дапускала да ўлады, не давярала ім.

Савецкі танк у Львове
Савецкі танк у Львове

Калі ўкраінцы паверылі і ў першыя дні пайшлі да савецкага камандаваньня з надзеяй, што ім удасца захаваць свае інстытуты, таварыства Шаўчэнкі або свае партыі, ім проста сказалі, што гэта новая рэальнасьць і ім няма ў ёй месца.

Навуковае таварыства імя Шаўчэнкі было расфармаванае на агульным сходзе, і ўсе павінны былі ўхваліць гэтае рашэньне. Толькі адзін чалавек падняў руку супраць — гэта гісторык Раман Зубік. Ён быў арыштаваны, і яго сьлед зьнік.

Украінская інтэлігенцыя ў Заходняй Украіне разумела, што адбываецца ў Савецкай Украіне. Таму што ў 30-х гадах у Савецкую Ўкраіну выехала шмат украінскай інтэлігенцыі, разьлічваючы, што гэта ўкраінская дзяржава і там ёсьць праца, таму што ў Польшчы няма.

Усе ведалі, што адбылося, што яны ўсе былі зьнішчаныя, і пра гэта пісала галіцкая прэса, заходняя. У гэтым не было сюрпрызу, але было адчуваньне, што чужымі рукамі можна зрабіць добрую справу. Гэта значыць, чужымі рукамі савецкай улады ўкраінізаваць гэтую частку. Гэта былі гульні з дʼяблам, які ніколі да дабра не прывядзе. З аднаго боку, Сталін і Гітлер абʼядналі Ўкраіну, а з другога, Гітлер меў на мэце зьнішчыць Галічыну цалкам, і Сталін — тое ж.

Сталін добра разумеў: калі хочаш перамагчы ў вайне, як гэта было і ў Першай усясьветнай, то павінен мець кантроль ва Ўкраіне, і пытаньне толькі, хто лепш разыграе ўкраінскую карту. І Сталін аказаўся на парадак «лепшы» ад Гітлера ў пляне разыгрываньня ўкраінскай карты, якое пачалося ў 1939 годзе. А ў 1945 годзе Сталін ня толькі абʼяднаў украінскія землі, але ўзьняў Украіну да статусу адной з краін-заснавальніц Арганізацыі Абʼяднаных Нацый. Затое, калі б Гітлер вывесіў на Залатых варотах у Кіеве ня свастыку, а трызубец, то цалкам праўдападобна ён бы выйграў вайну, але тады б ён ня быў Гітлерам. Сталін разумеў, што без кантролю ўкраінскай карты ня выйграеш вайну, а з другога боку, разумеў, што Ўкраіна — вельмі небясьпечная і неўтаймаваная тэрыторыя.

Вельмі шмат украінскіх дзеячаў, у прыватнасьці інтэлігенцыі, не сьпяшаліся зьяжджаць. Частка зьехала адразу ў нямецкую зону акупацыі, але іншая — засталася. Да канца 1939 году можна было нелегальна перабрацца, апошні паток бежанцаў быў яшчэ ў сьнежні, на Каляды 1939 году. Гэта была апошняя хваля людзей, якія, прабыўшы тры месяцы ў Львове, канчаткова пераканаліся, што ніякіх ілюзій няма. Другое важна, што паход савецкай арміі ў Заходнюю Ўкраіну — гэта была першая сустрэча савецкіх людзей з гэтым Захадам, якога яны ніколі ня ведалі і не разумелі. Бо савецкая прапаганда казала, што Захад — гэта капіталізм, там жывуць бедна, масавае беспрацоўе.

— І што адбылося? Шок?

— Савецкія салдаты і афіцэры былі шакаваныя багацьцем. Польшча, паводле стандартаў, была адной з самых бедных краін Эўропы, але нават гэтая беднасьць шакавала людзей зь Вялікай Украіны. Тое, што яны ўбачылі ў крамах у вольным доступе, для іх было за межамі ўяўленьня. Савецкія афіцэры, асабліва жонкі, калі траплялі ў польскія кватэры, не маглі надзівіцца побыту. Савецкія жанчыны папракалі сваіх мужоў-афіцэраў, што пакаёўкі, якія служылі ў былых гаспадароў, лепш апранаюцца, чым яны. Пра гэта ёсьць маса ўспамінаў. Савецкія афіцэры ўсё скуплялі з прылаўкаў, высылалі масава на Ўсход.

Ёсьць успаміны, якія паказваюць, што Аляксандар Карнійчук паводзіў сябе як сапраўдны пан, апранаўся ў дарагія халаты і так прымаў людзей у сваім кабінэце, які быў разьмешчаны ў пакоі гасьцініцы «Жорж». Гэта паказала, што савецкая сыстэма вельмі неэфэктыўная, бо нават бедная Польшча мае нашмат лепшы ўзровень жыцьця, чым савецкія рабочыя і сяляне, насуперак таму, як пераконвала савецкая прапаганда. Ёсьць шматлікія апісаньні, успаміны, як паводзілі сябе савецкія афіцэры ў грамадзкіх месцах, у прыватнасьці ў туалетах, басэйнах.

Для мясцовай інтэлігенцыі прыход савецкіх войскаў, іхнія паводзіны былі шокам, настолькі гэта былі прымітыўныя, грубыя паводзіны.

— Ці была Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў гатовая да такога разьвіцьця падзей? Як праявіў сябе ўкраінскі нацыяналістычны рух?

— АУН не была гатовая да такога павароту падзей у 1939 годзе. Пачала рыхтавацца да гэтага тады, калі апынулася ў Кракаве. У агульным хаосе многім зьняволеным, у прыватнасьці палітычным, аунаўцам, удалося выйсьці з турмаў і перайсьці ў нямецкую зону акупацыі. У прыватнасьці, Сьцяпану Бандэру. Ён апынуўся ў Кракаве, і яго сябры таксама. Адбыўся канчатковы развал і разрыў паміж старэйшым і малодшым кіраўніцтвам, паміж мельнікаўцамі і бандэраўцамі.

Савецкія войскі ў Львове
Савецкія войскі ў Львове

Бандэраўцы акцэнт рабілі на паўстаньне і рэвалюцыю ва Ўкраіне і да гэтага рыхтаваліся дастаткова ўпарта. Яны, відавочна, разьлічвалі на дапамогу Абвэра. Таму будавалі сваю дывізію ў вэрмахце. Большасьць разумела, што сытуацыя 1939 году часовая і што ідзе да вайны паміж Савецкім Саюзам і Нямеччынай. У 1939–1941 гадах АУНаўцы рыхтуюцца да паўстаньня, і калі савецкае войска ў 1941 годзе адыходзіць, паўстаньне пачынаецца ў Львове. Гэта зафіксавана ў дакумэнтах: пры адыходзе савецкай арміі іх абстрэльваюць з вокнаў і дахаў украінцы, а менавіта АУНаўцы. Гэта было не шырокамаштабнае паўстаньне, а сытуацыйнае. Але пачатак савецкай акупацыі і канец — гэта дзьве розныя сытуацыі.

Відавочна, палякі і ўкраінцы спрабавалі рабіць падпольную сетку ў Заходняй Украіне, сваё падпольле, але палякам гэта мала ўдалося. Украінская сетка існавала, была досыць актыўная. НКВД спрабаваў масава яе ліквідаваць ня толькі пранікненьнем унутр, але проста рабілі прэвэнтыўны тэрор. То бок арыштоўвалі не за тое, што зрабіў, а за тое, што мог зрабіць. Па падліках амэрыканскага гісторыка Яна Гроса, у савецкай зоне акупацыі ахвяр было ў 3–4 разы больш, чым у нямецкай. Найбольшы шок у Львове быў ня столькі ад хамскіх, прымітыўных паводзінаў савецкіх афіцэраў і салдат, а ад тэрору, жорсткасьці. Гэта тое, чаго ніколі не чакалі львавяне і ня мелі прамога вопыту.

— За два гады савецкага «вызваленьня», 1939–1941, Львоў з польскай традыцыі, з прымешкамі ўкраінскай, польскай, габрэйскай, армянскай, быў зьнішчаны, разрабаваны, у хаосе, у сьлязах і горы тысячаў семʼяў...

— 1939 год — пачатак канца Львова. Таго Львова, які мы ведаем як эўрапейскі. Што здарылася на вайне? Насельніцтва сапсавалася: Гітлер вынішчае габрэяў, Сталін высяляе палякаў, і горад страціў сваю шматнацыянальную ідэнтычнасьць, асабліва павялічваючы колькасьць украінцаў. У 1950-я гады не было зразумела, якім будзе Львоў — украінскамоўным ці расейскамоўным. Гэта было зьвязана зь міграцыяй ня толькі кіраўнікоў, але і рабочых ды інжынэраў. 1939 год — канец старога Львова, таму што савецкі Львоў — гэта іншая катэгорыя. Вайна мела агульны эфэкт нэўтроннай бомбы. Львову пашанцавала захавацца ў архітэктурным пляне, але яго насельніцтва вельмі зьмянілася, і гэта пачалося ў 1939 годзе.

Ідэя абʼяднаньня ў 1939 г. была распушчана ў апісаньнях падрабязнасьцяў паводзін савецкіх «вызваліцеляў», напрыклад, мыцьця галавы ў прыбіральні або рабаваньня падвалаў, калі жанчыны вымушаныя былі самастойна арганізоўвацца, чаргавацца дома, каб бачыць злодзеяў, шумець, што савецкія салдаты злодзеі, і тыя ўцякалі ад сораму. Гарадзкое насельніцтва супраціўлялася гэтай грубасьці. Савецкая ўлада нічога не магла забясьпечыць і была абсалютна бездапаможная, таму хаос прымусіў усіх выжываць як хто мог. Львоў стаў вялікім базарам. Савецкія «вызваліцелі» кралі рэчы і ня ўмелі імі карыстацца. Жанчыны ў начным адзеньні прыходзілі ў опэру. Гэта ня выдуманая гісторыя.

— Ці існавалі кантакты паміж усходнікамі і заходнікамі?

— Савецкая прапаганда сьвядома выкарыстала тых бедных салдат і афіцэраў як агентаў прапаганды. Яны распавядалі, што ў Савецкім Саюзе ўсё ёсьць, і на пытаньне аб мандарынах адказвалі, што іх выпускаюць на фабрыках СССР. Людзі з усходніх зямель прыдумлялі розныя прычыны, каб прыехаць на Заходнюю Ўкраіну. Салдаты спрабавалі львавянам расказаць, папярэдзіць, якія жахі іх могуць чакаць. Найбольшы жах і страх выклікалі калгасы. Было і такое, што ўсходнікі пры арыштах дапамагалі галічанам.

Паштовая марка
Паштовая марка

У 1939 годзе на гэтай тэрыторыі пасяліўся дʼябал. Гэта быў беспрэцэдэнтны гвалт, дзе ахвярай мог стаць кожны, без прычын. Абодва рэжымы былі забойчыя, але ў нямецкім зразумелыя былі пэўныя правілы гульні, а ў савецкім правілаў не было наогул. Панавала агульнае адчуваньне, што ніхто не абаронены, нават самая вялікая ляяльнасьць да савецкай улады не магла гарантаваць абарону ад арышту або рэпрэсій. Гэта была цывілізацыйная катастрофа, крушэньне ўсіх нормаў цывілізацыі, да якіх прызвычаіліся людзі на працягу дзясяткаў, сотняў гадоў жыцьця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG