17 верасьня, у 80-ю гадавіну аб’яднаньня Заходняй Беларусі і БССР, у Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы адкрылася выстава «Мяжа была пад Менскам 1921–1941 гг.» з калекцыі гісторыка Ігара Мельнікава.
У Менску адкрылі выставу пра «рыскую мяжу» і аб’яднаньне Беларусі. ФОТА

1
Аўтар выставы кажа, што амаль усе экспанаты прадстаўленыя ў Беларусі ўпершыню. Калекцыя зьбіралася 10 гадоў

2
Матэрыялы паказаныя храналягічна: ад пачатку «рыскай мяжы» ў 1921 годзе, калі беларускія землі былі падзеленыя між Савецкім Саюзам і Польшчай, і ня толькі да аб’яднаньня Беларусі і супольнага параду саветаў і нацыстаў у Берасьці, а да 1941 году і пачатку вайны між імі

3
У выставе паказаныя дакумэнты, пашпарты і даведкі, тагачасныя газэты, артэфакты зь месцаў баёў, адноўленая форма савецкіх і польскіх войскаў

4
Раней гісторык Мельнікаў ужо ладзіў выставы пра беларусаў у польскім войску і ў арміі Андэрса, ён выдаў шэраг кніг пра міжваенную Беларусь і тагачасных беларусаў

5
На адкрыцьці наведнікі ня толькі распытвалі гісторыка пра выставу і міжваенную Беларусь, але і згадвалі сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў, лёс якіх быў зьвязаны з «рыскай мяжой»

6
Сам Мельнікаў нагадвае, што ў Другой усясьветнай вайне беларусы ўдзельнічалі ад самага верасьня 1939 году. Выставу ён ладзіць, «каб шанавалі беларускую незалежнасьць і тыя межы, што атрымалі»

7
Гісторык кажа Свабодзе пра 17 верасьня: «Гэтая дата — ключавая ў гісторыі Беларусі ХХ стагодзьдзя, бяз гэтага не было б сёньня Беларусі. На вялікі жаль, заходняя частка была б палянізаваная, ператварылася б у такую ж частку Польшчы, як сёньняшняе Падляшша, а ўсходняя стала б часткай РСФСР»

8
«Але іншы момант, які варта ўлічваць, што гэта ня сьвята, а трагедыя для вялікай колькасьці людзей, — працягвае Мельнікаў. — І беларусы заплацілі вялікую цану за тое, каб жыць у гэтай аб’яднанай дзяржаве. Пра ахвяры гэтых людзей трэба памятаць»

9
На наведнікаў «пазірае» скульптура Янкі Купалы, які ў 1939 годзе ўдзельнічаў у працы Народнага сходу Заходняй Беларусі, што прыняў Дэклярацыю аб узьяднаньні Заходняй Беларусі з БССР

10
Выстава будзе працаваць у музэі Янкі Купалы штодзень, акрамя нядзелі, ад 9.45 да 17.15 (у чацьвер да 20.30), да 12 кастрычніка