Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сказаць «не», калі на працы прапануюць накрыць стол, а потым прыбраць


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Што такое асабістая бясьпека жанчыны? Як распазнаць таксычныя адносіны і абараніцца ад маніпуляцый? Як сказаць цьвёрдае «не», калі ў кагосьці на працы дзень народзінаў і супрацоўніцы прапаноўваюць накрыць стол, а потым прыбраць за ўсімі? Расказвае Вольга Янчук, якая адкрыла онлайн-школу бясьпекі для жанчын Women’s Safety.

Вольга Янчук: 40 гадоў. Кандыдатка сацыялягічных навук. Генэральная сакратарка грамадзкага абʼяднаньня жаночай арганізацыі «ІВКА Беларусь». Больш за пятнаццаць гадоў працуе ў праектах, зьвязаных з дапамогай жанчынам у сытуацыі гендэрнага гвалту.

Галоўная ідэя школы Womenʼs Safety — кіслародная маска спачатку на сябе

У інструкцыях у самалёце рэкамэндавана спачатку адзець кіслародную маску на сябе, а потым на дзіця. Так і галоўная ідэя навучаньня — жанчына спачатку адзявае на сябе «кіслародную маску», а потым непакоіцца пра атачэньне. Нашы жанчыны пераважна так выхаваныя, што яны павінны быць зручныя і найперш клапаціцца пра другіх. А калі пра сябе падумаюць, то гэта найчасьцей можа яшчэ і абясцэніцца.

На якіх кліентак разьлічаная школа жаночай бясьпекі

Сярэдняя нашая кліентка — жанчына ва ўзросьце 24-26 гадоў. Яна даволі пасьпяховая на працы, цэніць сябе як прафэсіянала, яе праца зьвязаная з кантактамі зь людзьмі. Яна мае добры заробак. У яе ёсьць партнэр, зь якім яны жывуць асобна ад бацькоў. Штодзённа жанчына сутыкаецца з ціскам. Напрыклад, на працы калегі ці кіраўнікі кажуць, што трэба зрабіць нешта большае за працоўныя абавязкі, пачынаючы ад таго, што ў кагосьці дзень народзінаў і ёй трэба накрыць столі і потым прыбраць, бо гэтага чакаюць ад яе, як ад жанчыны. І яна ня ведае, як рэагаваць, што сказаць, каб і калег не пакрыўдзіць, і каб начальнік яе пачуў.

Яна ня ведае, як размаўляць са сваім роднымі, якія могуць настойліва гаварыць, што яна павінна ці не павінна рабіць. Гэта многія рэчы, зь якімі мы сутыкаемся ў паўсядзённым жыцьці, калі з аднаго боку я хацела б і прамаўчаць, але ўнутры я ня згодная, з другога боку я хачу, каб гэта не паўтаралася, і каб не выклікаць канфлікту.


Што такое бясьпека жанчыны

  • Псыхалягічная бясьпека. Як жанчына я адчуваю сябе спакойнай, упэўненай, свабоднай, іншыя людзі не замахваюцца на мае асабістыя межы, не маніпулююць мной. Я магу сказаць «не» сваім калегам, людзям з бліжэйшага атачэньня, калі я не хачу нешта рабіць з розных прычынаў. Школа прапаноўвае курс па псыхалягічнай бясьпецы, накіраваны на ўмацаваньне асабістых межаў. Іх вядзе псыхалягіня, якая мае багаты досьвед працы з жанчынамі ў крызісных сытуацыях, на «гарачых лініях», падчас індывідуальнай і групавой парцы.
  • Эканамічная бясьпека. Маючы ўласныя крыніцы даходу, я распараджаюся імі, уяўляючы свой бюджэт. Я магу рабіць гэта рацыянальна ці нерацыянальна, такім чынам, як у мяне атрымліваецца, як я лічу неабходным разьмяркоўваць гэтыя сродкі.
  • Сэксуальная і рэпрадукцыйная бясьпека. Якія сродкі асабістай гігіены бясьпечныя, якія падыходзяць ці не падыходзяць? Наколькі ў сэксуальных адносінах з партнэрам мне камфортна і захоўваецца мая свабода? Усе гэтыя рэчы ўкладаюцца ў паняцьце сэксуальнай бясьпекі і зьвязаныя з рэпрадукцыйным здароўем.
  • Фізычная бясьпека. Мы імкнёмся распавядаць ня толькі пра фізычныя прыёмы, але і пра сілу голасу, сілу позы, у якой мы можам гаварыць людзям пра тое, што нам падабаецца ці не, ці проста весьці камунікацыю.
  • Інфармацыйная бясьпека. Найноўшыя тэхналёгіі даюць камфорт, зручнасьць і свабоду ў пэўных дзеяньнях, а з другога боку яны дазваляюць кантраляваць нашы паводзіны знаёмым і незнаёмым людзьмі.

Чаму онлайн-навучаньне

Вольга Янчук. Фота Ксеніі Іонцавай
Вольга Янчук. Фота Ксеніі Іонцавай

Ідэя школы жаночай бясьпекі нарадзілася даўно і стала лягічным працягам працы ў рамках грамадзкіх арганізацый псыхолягаў, спэцыялістаў па сацыяльнай працы, якія працуюць з жанчынамі ў крызісных сытуацыях. Мы маем шматгаловы досьвед працы з жанчынамі, пацярпелымі ад гвалту, з маладымі жанчынамі, якія хочуць умацаваць сваю бясьпеку і разьвіць лідэрскія якасьці. У нас у Беларусі ёсьць пул спэцыялістаў, якія маюць навуковыя ды іншыя распрацоўкі ў гэтых тэмах. Курсы па бясьпецы вядуць псыхолягі, спартовыя трэнэры, IT-спэцыялісты, сэксолягі, мэдыкі. На сёньня ва ўсіх гарадах Беларусі ня так шмат арганізацый і спэцыялістаў, якія гатовы прадстаўляць такую інфармацыю, таму гэта прасьцей зрабіць онлайн. Гэты курс дазваляе жанчыне траціць столькі часу, колькі яна сама гатовая аддаваць на ўмацаваньне асабістай бясьпекі. Калі яна не жадае казаць іншым пра тое, што яна навучаецца, гэта дае ёй магчымасьць застацца сам насам з відэаўрокамі, падчас якіх можна даведацца, што і як можна рабіць у той ці іншай сытуацыі.


Гэта школа для жанчын, калі яны не знаходзімся ў сытуацыі гвалту

Школа жаночай бясьпекі патрэбная для разьвіцьця і ўмацаваньня сябе ў сытуацыі нормы, але калі ёсьць унутраная незадаволенасьць, напружаньне, адчуваньне, што мной маніпулююць, каб навучыцца дакладна казаць «не». Гэта школа для жанчын, калі яны не знаходзімся ў сытуацыі гвалту. Падчас навучаньня шмат гаворыцца пра сытуацыю гвалту, мы вучым распазнаваць таксычныя, гвалтоўныя адносіны. Усе паслугі, якія прапаноўваюць недзяржаўныя арганізацыі ахвярам гвалту, бясплатныя. Нашыя курсы платныя, але ахвяраў гвалту мы перанакіроўваем, даем кантакты спэцыялістаў, якія аказваюць дапамогу бясплатна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG