Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі падтрымаў злучэньне Чорнага мора і Балтыкі празь Беларусь


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Новая ўлада Ўкраіны вызначыла праект па аднаўленьні воднага шляху ад Балтыйскага да Чорнага мора праз рэкі Віслу, Заходні Буг, Прыпяць і Дняпро як адзін з прыярытэтных інфраструктурных праектаў.

«Спадзяюся, што найбліжэйшым часам мы дамо канкрэтнае дэталізаванае бачаньне, бо ёсьць такая мара, каб рака запрацавала, і можна было злучыць Балтыйскае і Чорнае мора. Тады адкрыюцца зусім іншыя пэрспэктывы», – сказаў намесьнік парлямэнцкага камітэту ў пытаньнях транспарту і інфраструктуры Ўладзімір Крэйдэнка, прадстаўнік фракцыі партыі «Слуга народу».

Паводле яго, на нядаўняй сустрэчы ў Варшаве прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі абмяркоўваў гэты праект са сваім польскім калегам Анджэем Дудам.

«У Польшчы працаў значна больш, і яны ўжо іх зьдзяйсьняюць. У Беларусі ў ім зацікаўленыя, і мы, уласна, таксама. Днямі мы правялі сустрэчу з адной міжнароднай фінансавай арганізацыяй і Эўрапейскім банкам рэканструкцыі і разьвіцьця, які ў гэтым праекце ўжо фінансаваў пэўныя рэчы», – дадаў намесьнік старшыні парлямэнцкага камітэту.

Яшчэ адзін чалец парлямэнцкага камітэту Генадзь Вацак дадаў, што рэалізацыя гэтага праекту дазволіць павялічыць на 10 мільёнаў тон агульны аб'ём грузаў, якія перавозяцца празь Дняпро: «Фінансуецца рачны шлях коштамі Эўрапейскага Зьвязу, які гатовы выдаткаваць тром краінам-удзельніцам праекту 12 мільярдаў эўраў, зь якіх Украіна можа атрымаць 32 мільёны».

Гісторыя праекту

У ліпені 2017 году кіраўнікі Ўкраіны і Беларусі Пятро Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка агучылі ініцыятыву аб аднаўленьні воднага шляху Е40, а ў 2016-м адпаведны мэмарандум Беларусь падпісала з Польшчай.

Пазьней Беларусь і Ўкраіна падпісалі дарожную мапу рэалізацыі гэтага праекту.

Прыпяць
Прыпяць

Для паўнавартаснага аднаўленьня суднаходнага шляху Е40 «Балтыйскае мора – Гданьск – Дняпро – Чорнае мора» неабходна паглыбіць дно на перакатах Дняпроўскага і Днепрадзяржынскага вадасховішчаў і павялічыць габарыты воднага шляху на ўчастку Кіеўская ГЭС – Ніжнія Жары.

Магчымасьць рэалізацыі праекту абмяркоўваецца ад 2011 году, але пакуль што дакумэнты аб аднаўленьня воднага шляху Е-40 мелі хутчэй дэклярацыйны, чым практычны характар.

Падрыхтоўчыя працы ва Ўкраіне стрымліваў брак новага закону аб унутраным водным транспарце. Пасьля прызначэньня новага ўраду прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі даручыў парлямэнту і ўраду да 1 лістапада ўхваліць гэты закон.

Адразу пасьля абвяшчэньня плянаў аб аднаўленьні воднага шляху Е40 каля 20 недзяржаўных экалягічных арганізацый Беларусі, Польшчы і Ўкраіны разгарнулі кампанію #STOP_E40. Пазьней беларускія бізнэс-асацыяцыі (Саюз прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафэсара М. C. Куняўскага, Рэспубліканскі саюз прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, Беларуская навукова-прамысловая асацыяцыя) неаднаразова заклікалі ўрад адмовіцца ад рэалізацыі гэтага праекту.

Сёлета ў траўні беларускі пры падтрымцы Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця завяршыў абсьледаваньне на сваёй тэрыторыі суднаходных гідраўлічных збудаваньняў воднага шляху Е-40. Украіна найбліжэйшым часам плянуе ажыцьцявіць аналягічныя працы на ўкраінскім участку рэк Прыпяць і Дняпро.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG