Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Facebook схібіў зноў: тэлефоны больш як 419 млн карыстальнікаў трапілі ў сеціва


Тэлефонныя нумары больш як 419 мільёнаў карыстальнікаў сацыяльнай сеткі Facebook апынуліся ў адкрытым доступе. Пра гэта ўвечары 4 верасьня паведаміла выданьне TechCrunch.

На сэрвэры, не абароненым паролем, былі выяўленыя базы дадзеных з больш як 419 мільёнамі запісаў, якія зьмяшчаюць унікальныя нумары карыстальнікаў сацыяльнай сеткі, а таксама іхныя тэлефоны. Калі першыя зьяўляюцца агульнадаступнымі зьвесткамі, дык другія не траплялі ў адкрыты доступ з тых часоў, як Facebook абмежаваў магчымасьць іх праглядаць.

Як адзначае TechCrunch, некаторыя запісы таксама зьмяшчалі імёны карыстальнікаў, зьвесткі пра іх пол і краіну пражываньня. У базе апынуліся нумары 133 мільёнаў уліковых запісаў жыхароў ЗША, 50 мільёнаў жыхароў Віетнаму і 18 мільёнаў акаўнтаў жыхароў Вялікай Брытаніі.

Выданьне падкрэсьлівае, што ўцечка гэтых зьвестак робіць карыстальнікаў уразьлівымі для спаму і махлярства з падменай SIM-картак.

Прадстаўнік Facebook Джэй Нанкэраў заявіў, што база зьвестак ужо выдаленая і яны «ня маюць ніякіх доказаў» таго, што акаўнты карыстальнікаў былі ўзламаныя. Ён сьцьвярджае, што тэлефонныя нумары былі ўзятыя з адкрытых уліковых запісаў да таго, як кампанія зьмяніла налады прыватнасьці летась. Паводле прадстаўніка Facebook, дадзеныя даволі старыя, паколькі для іх збору патрэбна была адмысловая функцыя, а менавіта пошук іншых карыстальнікаў па тэлефонным нумары, якая цяпер недаступная.

  • У ліпені Фэдэральная гандлёвая камісія ЗША аштрафавала на пяць мільярдаў даляраў кампанію Facebook за ўцечку дадзеных карыстальнікаў. Яшчэ 100 мільёнаў даляраў сацсетка заплаціць за ўрэгуляваньне прэтэнзій камісіі каштоўных папераў. У рамках пагадненьня з уладамі заснавальнік Facebook Марк Цукербэрг будзе несьці пэрсанальную адказнасьць за выкананьне патрабаваньняў прыватнасьці.
  • У сакавіку 2018 году ўлады ЗША пачалі расьсьледаваньне ў дачыненьні да Facebook. Тады журналісты абвінавацілі брытанскую аналітычную кампанію Cambridge Analytica ў незаконным выкарыстаньні зьвестак карыстальнікаў Facebook падчас выбарчай кампаніі Дональда Трампа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG