Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што нават газаваныя напоі, дзе замест цукру выкарыстоўваецца штучны падсаладжальнік, маюць дачыненьне да магчымай раньняй сьмерці. Пра гэта інфармуе амэрыканскі бізнэс-партал marketwatch.com.
Вынікі новага дасьледаваньня былі апублікаваныя 3 верасьня ў Journal of the American Medical Association.
Высновы аўтараў
Аўтары кажуць, што людзі, якія п’юць дзьве ці больш за дзьве шклянкі салодкага газаванага напою ў дзень, маюць вышэйшы шанец памерці ад старэчых хваробаў, чым тыя, хто ня пʼе больш за шклянку ў месяц.
Падсалоджаныя цукрам газаваныя напоі статыстычна маюць большы шанец выклікаць сьмерць ад хваробы стрававальнага характару (печані, апэндыкса, падстраўнікавай залозы, кішэчніка і іншых органаў).
Тыя ж газаваныя напоі, што маюць у сабе штучны падсаладжальнік, часьцей зьвязаны з хваробамі сэрца (напрыклад, з ішэмічнай хваробай).
Тым ня менш, не было знойдзена ніякай сувязі паміж ужываньнем салодкіх газаваных напояў і сьмерцьцю ад хваробы Альцгаймэра ці раку.
Пры гэтым, ужываньне газаваных напояў з цукрам ці са штучным падсаладжальнікам, паводле новага дасьледаваньня, можа павышаць рызыку сьмерці ад хваробы Паркінсона. Паводле больш старога дасьледаваньня, яны яшчэ зьвязаны з павышанай рызыкай атлусьценьня, дыябэтам другога тыпу і сэрдэчна-судзінкавымі хваробамі
Іншыя вынікі новага дасьледаваньня паказваюць, што ўжываньне больш за два падсалоджаных цукрам напояў у дзень, прыводзіць да большай рызыкі сьмерці ад сэрдэчна-сасудзістых хваробаў (пры гэтым рызыка для жанчын яшчэ большая).
Газаваныя напоі з кафэінам, паводле ранейшых дасьледаваньняў, могуць выклікаць мігрэнь, а літар энэргетычных газаваных напояў, калі яго выпіць менш чым за гадзіну, моцна ўскладняе працу сэрца на працягу наступных чатырох гадзін.
Недахопы дасьледаваньня
Галоўным недахопам апошняга дасьледаваньня лічыцца тое, што яно паказвае карэляцыю, але не даказвае прысутнасьць прычынна-вынікавай сувязі.
Пры гэтым, дасьледаваньне не фінансавалася цукравай індустрыяй ці індустрыяй вытворцаў газаваных напояў.
Што рабіць
Экспэрты кажуць, што найлепшы спосаб скараціць колькасьць цукру ў арганізьме — адмовіцца ад салодкіх напояў.
Напрыклад, у 360 мілілітрах апэльсінавага соку ўваходзіць 10 чайных лыжак цукру. Мока зь белым шакалядам, якую звычайна робяць у сеткавых кавярнях, мае ў сабе да 18 чайных лыжак.
Таму больш надзейна піць ваду ці несалодкія напоі.
Падрыхтаваў Ян Поклад.