Лінкі ўнівэрсальнага доступу

840 млн рублёў: Эўрапейскія гульні падаражэлі яшчэ больш пасьля пытаньня Лукашэнкі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На арганізацыю II Эўрапейскіх гульняў у Менску за 2017–2019 гады было выдаткавана каля 840 млн рублёў (блізу 400–430 млн даляраў з улікам ваганьня курсу).

Такія лічбы агучыў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» першы віцэ-прэм’ер Аляксандар Турчын пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 27 жніўня. Турчыну і яшчэ аднаму віцэ-прэм’еру Ўладзімеру Дварковічу Лукашэнка даручаў кантраляваць фінансавы бок гульняў.

Паводле Турчына, канчатковы аналіз кошту Эўрапейскіх гульняў і прыбыткаў ад іх правядуць у студзені 2020 году, бо пакуль ёсьць ня ўсе зьвесткі. Цяпер вядомыя колькасьць прададзеных квіткоў, запоўненасьць гатэляў, купленыя з Tax Free тавары.

У 2016 годзе Лукашэнка казаў, што Эўрапейскія гульні абыдуцца Беларусі ў 50 млн даляраў, у канцы чэрвеня міністар фінансаў Максім Ермаловіч заяўляў, што на рыхтаваньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь патраціла 540 мільёнаў рублёў (каля 265 мільёнаў даляраў).

Правядзеньне гульняў аплочвалі зь дзяржаўнага бюджэту, банкаўскіх крэдытаў і спонсарскай дапамогі. З выдаткаваных грошай каля 70% — «інвэстыцыйныя выдаткі», сьцьвярджае Турчын.

«Можна спытаць сябе: гэта грошы, якія пайшлі на гульні, або, калі б не было іх, мы гэтыя выдаткі ўсё роўна рабілі б?» — дадаў віцэ-прэм’ер і прывёў у прыклад новыя аўтобусы, закупленыя да гульняў, і дабудову студэнцкага інтэрнату.

Турчын цьвердзіць, што на правядзеньне менавіта спартовых захадаў падчас Гульняў было выдаткавана 240 млн рублёў (115–125 млн даляраў), палова зь іх — спонсарскія грошы, якія пайшлі ў тым ліку на пражыцьцё і харчаваньне спартоўцаў.

Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць

Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.

  • На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
  • За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
  • З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
  • Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.​
  • Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
  • Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG