Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрадыскатэка. Як Менск разьвітаўся з ІІ Эўрапейскімі гульнямі. ФОТА


Цырымонія закрыцьця Эўрапейскіх гульняў у Менску
Цырымонія закрыцьця Эўрапейскіх гульняў у Менску

Шмат музыкі, падзякаў ад Лукашэнкі і «Лепрыконсы» для Пуціна. Што карэспандэнты Свабоды пабачылі на цырымоніі закрыцьця ІІ Эўрапейскіх гульняў

У апошні дзень Эўрапейскіх гульняў валянтэры на «Дынама» пачалі правяраць коды на журналісцкіх акрэдытацыях. «Гэта таму, што высокія госьці тут, — пытаюся ў аднаго зь іх. — Уладзімір Уладзіміравіч прыехаў?». Хлопец адводзіць вочы і дазваляе прайсьці.

Кіраўнік Расеі прыляцеў у Менск раніцай проста зь Японіі, дзе ўдзельнічаў у саміце G20. Удзень пабываў на боксе, зьезьдзіў у Заслаўе да Лукашэнкі і потым разам з кіраўніком Беларусі прыехаў на «Дынама». Але цырымонія закрыцьця Эўрагульняў моцна адрозьнівалася ад адкрыцьця, якое замест Пуціна глядзеў прэм’ер Мядзьведзеў. Замест расповеду пра гісторыю і культуру Беларусі кіраўнік Расеі трапіў на музычны канцэрт.

Уладзімер Пуцін і Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі закрыцьця
Уладзімер Пуцін і Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі закрыцьця

На цырымоніі закрыцьця Эўрагульняў арганізатары замест купальскага вогнішча вырашылі паставіць у цэнтар «Дынама» будынак Нацыянальнай бібліятэкі з праектарам унутры. Гэта адразу ж стала прадметам жартаў з боку гледачоў. «А яна таксама паляціць у паветра, як алімпійскі мядзьведзік?» — розныя варыяцыі гэтага выказваньня можна было пачуць неаднойчы.

Саму цырымонію пачалі з прадстаўленьня прысутных на стадыёне кіраўнікоў краін — Лукашэнкі, Саргсяна, Пуціна і Рахмона. Вось толькі больш за ўсіх аплядысмэнтаў сабраў не гаспадар спаборніцтваў, а Пуцін.

За некалькі гадзін да пачатку цырымоніі арганізатары раскрылі некаторыя падрабязнасьці. Сказалі, што пакажуць сучасную Беларусь, якой натхніліся падчас працы ў Менску. А таксама паведамілі, што мерапрыемства будзе больш падобнае на дыскатэку, чым на тое, што можна было пабачыць на адкрыцьці гульняў.

Таньчыць на трыбунах было ня вельмі зручна, а вось валянтэры і ўдзельнікі спаборніцтваў, якіх сабралі на полі стадыёна, маглі адрывацца па-поўнай. «Полька беларуская», «Лявоніха», «Касіў Ясь канюшыну» — паскакаць было пад што. А яшчэ і бібліятэка над танцпляцам зьзяла ўсімі колерамі, як шкляны шар у клюбах сярэдзіны і канца 90-ых.

​Далей былі IOWA, J:Mors, Shuma, Naviband і іншыя больш ці менш вядомыя артысты. Слухаючы і назіраючы такое разнастайнае відовішча, гледачы пачыналі часам нудзіцца. Тым больш што палова зь іх празь вялізны макет бібліятэкі сьпевакоў не магла нават пабачыць — сцэну разьмясьцілі акурат перад прэзыдэнцкай трыбунай. Прыкладна на «Лепрыконсах» людзі пачалі пакрысе сыходзіць. У тым ліку спартоўцы.

Перад прамовай кіраўніка Беларусі з флагштока ўрачыста зьнялі сьцяг Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Салдаты з ганаровай варты аднесьлі яго ў «падтрыбунку». Што будзе са сьцягам далей — пакуль невядома. Улады Кракава, дзе гэты сьцяг павінны ўзьняць праз чатыры гады на ІІІ Эўрагульнях, ня вельмі радыя мерапрыемству і ўжо заявілі, што ня будуць яго фінансаваць з бюджэту гораду.

У адрозьненьне ад цырымоніі адкрыцьця, на закрыцьці Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў зрываў аплядысмэнты. Дзякаваў валянтэрам, журналістам, удзельнікам, судзьдзям і нават афіцыйнаму талісману «Лесіку». Людзям спадабалася. А вось кіраўнік Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янэз Кацыянчыч на закрыцьці прамаўляў па-ангельску. А на мове Коласа з Купалам толькі падзякаваў у канцы прамовы. Але ўсё адно быў сустрэты авацыямі за кожны выраз.

​Апошнімі на сцэну выйшлі Мікалай Баскаў (прадстаўлены як уладальнік мэдаля Францішка Скарыны) зь беларускай сьпявачкай Аксанай Волкавай.

Менск разьвітаўся зь вялікім спортам, але ненадоўга. У траўні 2021 году ў сталіцы Беларусі пройдзе чэмпіянат сьвету па хакеі. Ужо можна зьбіраць грошы на новыя ўрачыстасьці.

Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць

Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.

  • На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
  • За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
  • З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
  • Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.​
  • Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
  • Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG