На менскім стадыёне «Дынама» ўвечары 30 чэрвеня праходзіць цырымонія закрыцьця ІІ Эўрапейскіх гульняў.
Разам з Аляксандрам Лукашэнкам, а таксама ягонымі сынамі Мікалаем і Віктарам, прысутнічаюць кіраўнікі Расеі, Армэніі і Таджыкістану — Уладзімір Пуцін, Армэн Саркісьян і Эмамалі Рахмон. Акрамя таго, побач зь імі прэзыдэнты Эўрапейскага і Міжнароднага алімпійскіх камітэтаў.
Цырымонія пачалася а 22-й гадзіне 30 ліпеня.
Праз шэраг ад кіраўнікоў краін на трыбуне таксама прысутнічаюць мінстр замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў і прэсавая сакратарка прэзыдэнта Беларусі Натальля Эйсмант.
На цырымоніі адкрыцьця Эўрагульняў Расею прадстаўляў прэм’ер Дзьмітрый Мядзьведзеў. Акрамя яго на «Дынама» прысутнічалі кіраўнік Малдовы Ігар Дадон, Рамзан Кадыраў з Чачэніі, кіраўнік сэрбскай часткі Босьніі і Герцэгавіны Міларад Додзік і прэзыдэнт Косава Хашым Тачы. Апошняга Беларусь на Эўрагульні не запрашала, ён прыехаў на запрашэньне кіраўніцтва Эўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў. Менавіта праз прысутнасьць косаўскага лідэра на «Дынама» здарыўся гучны скандал — за цырымоніяй адмовіўся назіраць прэзыдэнт Сэрбіі Аляксандар Вучыч.
Цырымонія адкрыцьця гульняў, якая прайшла 21 чэрвеня, была прысьвечаная гісторыі Беларусі: гледачам коратка прадставілі пэрыяды з гісторыі Беларусі — старажытны, сярэднявечны, а таксама пэрыяд новага часу і Другой сусьветнай вайны. Прысутным цытавалі Ўсяслава Чарадзея, Францішка Скарыну, Льва Сапегу і іншых беларускіх гістарычных асобаў.
Як расказалі арганізатары цырымоніяў адкрыцьця гульняў і закрыцьця, ужо падчас знаходжаньня ў Беларусі ў іх зьявілася ідэя паказаць таксама і сучасную Беларусь — гэта і паабяцалі зрабіць на цырымоніі закрыцьця. Яшчэ да пачатку цырымоніі прысутныя зьвярнулі ўвагу на надзіманую фігуру Нацыянальнай бібліятэкі.
Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць
Другія Эўрапейскія гульні прайшлі у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.
- На падрыхтоўку і правядзеньне II Эўрапейскіх гульняў Беларусь выдаткавала ня менш за 840 мільёнаў рублёў (каля 400–430 млн даляраў).
- За два гады да гульняў Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 млн даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры. У кастрычніку 2018 году агучвалі ўдвая большую суму, у чэрвені 2019-га — у пяць з паловай раза большую. Выніковую суму абяцаюць назваць у студзені 2020 году.
- З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
- Паводле папярэдніх падлікаў, Беларусь за час Эўрапейскіх гульняў наведалі 37 450 турыстаў, зь іх каля 7 тысяч чалавек былі акрэдытаваныя на гульні. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.
- Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
- Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.