Служба аўтамабільных дарог у Роўненскай вобласьці разарвала дамову з дарожна-будаўнічым трэстам № 4 Берасьця аб капітальным рамонце 6-кілямэтровага ўчастку дарогі Ўсьцілуг — Луцк — Роўна вартасьцю 290 мільёнаў грыўняў (больш як 10 мільёнаў даляраў у эквіваленце).
«Кантракт разарваны, бо неабходна карэктаваць праектную дакумэнтацыю. Гэта зьвязана з намерамі пабудаваць паўночную аб’язную дарогу вакол Роўна. І менавіта на гэтым участку мусіць быць выезд», — сказаў Свабодзе кіраўнік прэсавы сакратар Службы аўтамабільных дарог у Роўненскай вобласьці Дзьмітры Леанціюк.
Прэсавы сакратар падкрэсьліў, што ў часе выкананьня рамонтных работ немагчыма ўносіць зьмены ў зацьверджаны праект:
«Ніякіх прэтэнзіяў да якасьці працы беларускіх дарожнікаў у нас няма. Усе работы яны выконвалі якасна і ў поўным аб’ёме. І наколькі мне вядома, беларускае прадпрыемства таксама ня мае да нас прэтэнзій — фінансаваньне было ў поўным аб’ёме».
Паводле яго, беларускае прадпрыемства з разуменьнем паставілася да разарваньня кантракту і ня будзе праз суд патрабаваць кампэнсацыі.
У супольным беларуска-ўкраінскім прадпрыемстве «Белаўтадар-Украіна» пацьвердзілі, што кантракт разарваны па ўзаемнай згодзе.
«У нас няма прэтэнзій, бо ў часе выкананьня працаў высьветлілася, што праект патрабуе карэкціроўкі, а ў такіх умовах працягваць працы — гэта нонсэнс», — сказаў Свабодзе намесьнік дырэктара прадпрыемства «Белаўтадар-Украіна» Алег Баранец.
Дзьмітры Леанціюк дадаў, што ўжо 20 жніўня будуць раскрытыя прапановы ў тэндэры на будаўніцтва паўночнай аб’язной дарогі Роўна. У гэтым конкурсе бярэ ўдзел іншае беларускае прадпрыемства — Гомельскі дарожна-будаўнічы трэст № 2.
У той жа час рэгіянальныя мэдыя падазраюць, што такое рашэньне абумоўлена жаданьнем абласной службы аўтамабільных дарог перадаць тэндэр «сваім» падраднікам.
Беларускія будаўнікі пасьпелі адрамантаваць 2,5 кілямэтра дарогі ў адным кірунку без пакрыцьця апошняга пласту і пачалі работы на першых ста мэтрах у другім кірунку. Кантрактам было прадугледжана 6 кілямэтраў.
Два беларускія прадпрыемствы — дарожна-будаўнічы трэст № 4 Берасьця і дарожна-будаўнічы трэст № 2 Гомля — ад 2017 году ўдзельнічаюць ва ўкраінскіх тэндэрах на рамонт і будаўніцтва дарог. За гэты час яны выйгралі некалькі конкурсаў на рамонт і будаўніцтва аўтадарог у розных рэгіёнах Украіны.
Сёлета ў красавіку мясцовыя жыхары перакрылі трасу ў Навабускім раёне Мікалаеўскай вобласьці, дзе супольнае беларуска-ўкраінскае прадпрыемства «Белаўтадар-Украіна» рамантавала дарогу. Яны былі незадаволеныя якасьцю працы беларускіх аўтадарожнікаў.