Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы перакрылі трасу, бо незадаволеныя якасьцю працы беларускіх аўтадарожнікаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Навабускім раёне Мікалаеўскай вобласьці, дзе супольнае беларуска-ўкраінскае прадпрыемства «Белаўтадар-Украіна» рамантуе дарогу, мясцовыя жыхары спрабавалі перакрыць трасу. Яны незадаволеныя якасьцю працы беларускіх аўтадарожнікаў.

«Сапраўды, такая спроба заблякаваць дарогу мела месца ў мінулую пятніцу, 13 красавіка. Але пытаньне ўжо ўрэгуляванае і работы працягваюцца», — паведамілі Свабодзе ў «Белаўтадар-Украіна».

У той жа час у Навабускай раённай дзяржаўнай адміністрацыі паведамілі, што інфармацыі аб канфлікце зь беларускімі аўтадарожнікамі ня маюць. Паліцыя Мікалаеўскай вобласьці таксама сьцьвярджае, што на сёньняшні дзень ні ў адным з раёнаў рэгіёну няма блякаваньня дарог мясцовымі жыхарамі. На гарачай лініі «Укравтодору» таксама паведамілі, што не атрымлівалі ніякіх скаргаў і інфармацыі аб праблемах рамонту дарог у Мікалаеўскай вобласьці.

Кампанія «Будаўніча-мантажны трэст №8», якая ўваходзіць у структуру «Белаўтадар», летась у траўні выйграла тэндэр на рамонт дарогі Н-11 Дняпро — Мікалаеў (праз Крывы Рог) вартасьцю 92,103 мільёна грыўняў (амаль 3,5 мільёна даляраў у эквіваленце). Сёлета беларускія аўтадарожнікі плянавалі асвоіць 90 % сродкаў гэтага кантракту.

Летась у верасьні для забесьпячэньня работ у Новым Бугу Мікалаеўскай вобласьці змантавалі асфальтабэтонны завод, але сёлета ў лютым яго падпалілі невядомыя.

Паводле папярэдніх высноў Мікалаеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі, сёлета гэты завод ня зможа аднавіць выраб асфальтабэтонных сумесяў і будзе вымушаны набываць іх ва ўкраінскіх кампаній.

Кіраўнік Мікалаеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Аляксей Саўчанка ня выключыў, што падпал зьвязаны з канкурэнтнай барацьбой у гэтай сфэры. Ён падазраваў магчымае дачыненьне да падпалу тых падрадных кампаній, якія раней рамантавалі дарогі ў гэтым рэгіёне. У кампаніі «Белаўтадар-Украіна» паведамілі, што расьсьледаваньне гэтай справы яшчэ не завершанае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG