Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскоўскія ўрокі для Беларусі


Затрыманьне ўдзельніка пратэсту ў Маскве, 3 жніўня 2019
Затрыманьне ўдзельніка пратэсту ў Маскве, 3 жніўня 2019

Пратэсты, якія адбываюцца ў Маскве — гэта, апроч іншага, аргумэнт у беларускіх спрэчках наконт байкоту і ўдзелу ў несапраўдныя выбарах.

Сьцісла:

  • Што можа даць удзел у выбарах? Вось тое, што зараз адбываецца ў Маскве
  • У Расеі народнае незадавальненьне выплюхваецца шмат дзе і ў разнастайных формах
  • Выбары ў Масгардуму сталі адно нагодай, а не прычынай пратэстаў
  • Байкот такой нагодай ня стаў бы дакладна
  • Тое, што адбываецца ў Маскве — хутчэй за ўсё не расейскі Майдан. Але гэта зрух у грамадзкіх настроях і паводзінах

Чакаецца, што на наступным тыдні Аляксандар Лукашэнка падпіша ўказ аб выбарах у Палату прадстаўнікоў. Якія выбары ў Беларусі — усім добра вядома. І што можа даць удзел у такіх «ня выбарах»? А хіба маскоўская Дума мае больш уладных паўнамоцтваў, чым беларуская Палата прадстаўнікоў, хіба апошнія выбары Дзяржаўнай думы РФ не далі стэрыльны парлямэнт?

Што можа даць удзел у выбарах? Вось тое, што зараз адбываецца ў Маскве. Чаму нерэгістрацыя апазыцыйных і незалежных кандыдатаў вывела на вуліцы тысячы масквічоў, якія не пабаяліся дубінка і аўтазакаў? Так атрымалася, у гэтым выплюхнулася народнае незадавальненьне. Яно там шмат у якіх формах выплюхваецца: і ў «сьмецьцевых» пратэстах у шэрагу гарадоў, і ў паразах на некаторых губэрнскіх выбарах «Единой России», і ў хваляваньнях у Дагестане наконт мяжы з Чачнёй.

Ну а ў самой Маскве зусім нядаўна падобным дэтанатарам пратэсту стала справа журналіста Івана Галунова, арыштаванага па сфальсыфікаванай справе аб наркотыках.

Усе сюжэты, нагоды, нібыта не зьвязаныя паміж сабой. Але і зьвязаныя. Раней многія з падобных злоўжываньняў ніякіх асаблівых пратэстаў не выклікалі. Таму падаецца, што і зараз гэта ў большай ступені менавіта нагоды. Як у Высоцкага «да дело в общем не в гусях, а все неладно».

Вось гэтае адчуваньне ўзьнімае расейцаў, а не самыя нагоды, якія раней цярпелі ці на якія нават не зважалі.

Ну зарэгістравалі б гэтых кандыдатаў — і што? Хіба былі гарантыі, што іх абяруць? А нават абралі б, то што б яны ў маскоўскай Думе зьмянілі б? Ды так, ніякіх гарантыяў няма. Але сфакусавалася пачуцьцё несправядлівасьці, «няладнасьці» тамтэйшага жыцьця на гэтым чыньніку.

А калі б апазыцыя байкатавала гэтыя выбары ў Маскоўскую думу? Ну прынамсі такой нагоды для пратэстаў не было б. Байкот тысячы людзей на вуліцы Масквы ня вывеў бы дакладна.

Але гэта тычыцца і Беларусі. Шанцаў на электаральнай перамогу што расейская, што беларуская сыстэма практычна не даюць. Але ёсьць шанец на збой мэханізму, на нечаканую рэакцыю грамадзтва на тое, з чым раней мірыліся.

Ці адбудзецца гэта сёлета ўвосень у Беларусі? Ніякіх гарантыяў, зразумела, няма. Варта адзначыць, што няма і такога суквецьця разнастайных пратэстаў па ўсёй краіне, як апошнім часам у Расеі.

Але нечаканасьці здараюцца часам і ў адзіночку. У Беларусі няма чыньніка «крымнаш», які ў Расеі гуртуе людзей вакол улады.

І размова не ідзе пра Майдан. Зусім ня факт, што яна зараз ідзе пра гэта і ў Маскве. Хутчэй не. Хаця варта заўважыць, што і на Майдане людзі не былі ўпэўненыя ў перамозе.

Але зрух у грамадзкіх настроях і ў паводзінах грамадзтва ў Расеі і прынамсі ў Маскве навідавоку. Адным з чыньнікаў гэтага стаў удзел апазыцыі ў маскоўскіх выбарах.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG