Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі 21 мільён бедных. А колькі ў Беларусі?


У Расеі колькасьць людзей з даходамі, ніжэйшымі за пражытковы мінімум, у першым квартале 2019 году павялічылася ў параўнаньні з тым жа пэрыядам гадавой даўнасьці на 500 тысяч чалавек і дасягнула амаль 21 мільёна. Такія дадзеныя апублікаваў Расстат.

У I квартале 2019 годзе даходы, ніжэйшыя за пражытковы мінімум, мелі 14,3% насельніцтва Расеі, ці 20,9 млн чалавек. Цяпер пражытковы мінімум у Расеі складае 10 753 расейскія рублі (344,5 беларускага рубля).

Рост бедных ў Расеі Расстат тлумачаць «апераджальным ростам паказьніка пражытковага мінімуму ў параўнаньні з індэксам спажывецкіх цэн»: велічыня пражыковага мінімуму павялічылася на 7,2%, а індэкс спажывецкіх цэнаў — на 5,2%. Асобна ў Расстаце падкрэсьліваюць, што паказьнік узроўню беднасьці мае ярка выражаны сэзонны характар — максымальны ў першым квартале і мінімальны ў апошнім, калі некаторым работнікам выплачваюць прэміі па выніках году.

А колькі ў Беларусі?

Паводле зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту Беларусі аб разьмеркаваньні даходаў беларусаў у I квартале 2019 году, колькасьць беларусаў, якія маюць наяўных рэсурсаў (гэта заробкі плюс іншыя даходы і выплаты мінус падаткі і зборы) на месяц менш за пражытковы мінімум (каля 100 даляраў), крыху скарацілася: цяпер іх 5,3%, у IV квартале 2019 году такіх налічылі 5,5%. Найменей за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі такіх было ў 2014 годзе — 4,8%.

Калі ўлічыць, што насельніцтва Беларусі, паводле апошніх дадзеных Белстату, складае 9 456 200 чалавек, дык да катэгорыі бедных цяпер можна залічыць звыш 500 тысяч беларусаў (501 178 чалавек).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG