На Алясцы патанула 24-гадовая грамадзянка Беларусі Ніка Ніканава. Яна была рэжысэркай, якая дасьледавала тэму асуджаных за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. У гэтым годзе яна зьняла 20-хвілінны фільм «Пакаленьне 328».
1 ліпеня Ніка Ніканава стала жонкай актывіста ініцыятывы Legalize Belarus Пятра Маркелава. Ён пацьвердзіў Свабодзе сьмерць рэжысэркі. Таксама пра здарэньне паведамляе выданьне Fairbanks Daily News-Miner.
Грошы на дапамогу сям’і Нікі Ніканавай, якая загінула 25 ліпеня на Алясцы, зьбіраюць праз сайт GoFundMe. Таксама сябры сям’і заклікаюць пераводзіць грошы праз PayPal ейнаму мужу.
Пётар Маркелаў і Ніка Ніканава пасьля вясельля вандравалі па Алясцы, менавіта ў гэтым штаце яны хацелі застацца жыць. Маладыя дабраліся да аўтобусу, у якім жыў і памёр Крыстафэр МакКэндлес — герой кнігі Джона Кракаўэра «У дзікіх умовах».
Як расказаў Маркелаў БелаПАН, яны правялі ў знакамітым аўтобусе дзьве ночы.
«У першую ноч там быў яшчэ адзін чалавек, спаў у намёце, пакінуў нам аўтобус. Другі дзень мы адпачывалі. Мы не разьлічылі ежу, таму елі тую ежу, якая была ў аўтобусе. Мы пакінулі знак у аўтобусе — выдрапалі «Piotr & Nika, Just Married, 07/19». І пакінулі запісы ў дзённіку: я — у першы дзень, Ніка — проста перад выхадам».
25 ліпеня, калі здарыўся няшчасны выпадак, яны спрабавалі перайсьці раку Тэкляніка. Дзяўчыну змыла моцнай плыньню вады. Муж выцягнуў як і спрабаваў рэанімаваць, але было занадта позна.
Маркелаў яшчэ знаходзіцца на тэрыторыі ЗША.
«Я ў Анкорыджы. Усе дакумэнты, грошы, карткі, тэлефоны патанулі. Цягам бліжэйшых дзён буду зьбіраць дакумэнты, каб мне можна было выехаць, сэртыфікат пра сьмерць, усё гэта. Цела забралі для аўтапсыі, на наступным тыдні ў аўторак-сераду будзе інфармацыя. Хутчэй за ўсё мы зробім крэмацыю ўжо тут, на месцы», — сказаў актывіст Свабодзе.
Ніка вырасла ў Менску. У 13 гадоў дзяўчына атрымала роль у фільме «Брэсцкая крэпасьць» і захацела стаць акторкай. Паступаць зьбіралася ў Лос-Анжэлес, але амэрыканская амбасада вырашыла іначай і не дала ёй візу. У той момант дзяўчына адмовілася ад акторскай кар’еры на карысьць рэжысуры.
Для паступленьня Ніканава выбрала гадавую праграму дакумэнталістыкі ў New York Film Academy. Аб праблемах зьняволеных паводле 328-га артыкулу Ніка даведалася ў Амэрыцы і вырашыла, што будзе здымаць дыплёмны праект менавіта пра Беларусь.