З 2000 году ў Беларусі зарэгістраваная адна палітычная партыя, ва Ўкраіне — 293. Болей лічбаў, фактаў і інфаграфіка тут.
Ва Ўкраіне адбыліся выбары ў Вярхоўную Раду, па іх выніках парлямэнцкімі сталі новыя сілы — партыі «Слуга народа», «Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё», «Эўрапейская салідарнасьць», «Голас». Са старых партыйных брэндаў у Радзе захавалася толькі «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі.
Сёлета ў лістападзе чакаюцца парлямэнцкія выбары і ў Беларусі. Свабода параўноўвае структуру і ўмовы партыйнага жыцьця ў Беларусі і Ўкраіне.
У Беларусі 15 партый
Згодна з інфармацыяй Міністэрства юстыцыі Беларусі, у краіне дзейнічаюць 15 палітычных партый. Кіраўнік ведамства Алег Сьліжэўскі перакананы, што такой колькасьці цалкам дастаткова.
Практычна ўсе зарэгістраваныя цяпер беларускія партыі зьявіліся ў 1990-х, у новым стагодзьдзі сіта рэгістрацыі здолела прайсьці Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ.
Ва Ўкраіне 352 партыі
Міністэрства юстыцыі Ўкраіны зарэгістравала 352 партыі. Пасьля анэксіі Расеяй Крыму і частковай акупацыі Данбасу ў стане прыпыненьня дзейнасьці знаходзяцца тры партыі, зарэгістраваныя ў Крыме, Данецкай і Луганскай абласьцях.
Большасьць палітычных партый зарэгістраваныя ў Кіеве. Але партыйныя цэнтры ёсьць і ў рэгіёнах, найперш — у найбуйнейшых прамысловых цэнтрах Украіны.
У Січаслаўскай вобласьці зарэгістраваныя 7 партыяў, у Данецкай — 11, у Адэскай — 7, у Харкаўскай — 3, у Львоўскай — 4. Найбольш партыяў маюць прапіску ў Кіеўскай вобласьці — 14. Але гэта не азначае, што яны маюць статус рэгіянальных палітычных сілаў. Украінскае заканадаўства не прадугледжвае абмежаваньняў для дзейнасьці партый, зарэгістраваных у рэгіёнах. Напрыклад, партыя львоўскага мэра Андрэя Садавога «Самапомач» зарэгістраваная ў Львове, а дзейнічае па ўсёй Украіне.
3 2000 году ва Ўкраіне было зарэгістравана 293 партыі.
Як рэгіструюць партыі ў Беларусі
Пасьля савецкай манаполіі КПСС-КПБ у незалежнай Беларусі здарыўся палітычны бум — па стане 1999 год было зарэгістравана 43 партыі.
Але ў 1999 годзе адбылася прымусовая перарэгістрацыя, якую прайшла толькі палова субʼектаў палітычнага жыцьця. За дзейнасьць без рэгістрацыі ўвялі крымінальную адказнасьць — да двух гадоў пазбаўленьня волі. Пасьля гэтага новых партый, за выключэньнем КХП-БНФ, не зьяўлялася.
Апошнюю партыю Міністэрства юстыцыі зарэгістравала амаль 20 гадоў таму — у 2000-м пасьпела зарэгістравацца Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ. На наступны год зьявіўся прэзыдэнцкі дэкрэт, які ўсталёўваў жорсткі дзяржаўны кантроль над атрыманьнем і выкарыстаньнем замежнай фінансавай дапамогі.
Ня раз атрымлівалі адмову ў рэгістрацыі аргкамітэты дзеля стварэньня «Беларускай партыі працоўных», «Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада)», «Партыі свабоды і прагрэсу». Рэкардсмэн — Беларуская хрысьціянская дэмакратыя: ёй адмовілі ў рэгістрацыі сем разоў.
Актывісты лічаць адмовы палітычна матываванымі, іх прычыны — фармальнымі.
Як рэгіструюць партыі ва Ўкраіне
Дзейнасьць палітычных партый ва Ўкраіне рэглямэнтуецца законам, ухваленым у 2001 годзе Вярхоўнай Радай. Але ён ці ня кожны год удасканальваецца, і часьцей пад палітычную каньюнктуру перад выбарамі.
Напрыклад, раней партыя не магла ўдзельнічаць у выбарах у тым выпадку, калі яна была зарэгістраваная менш як за год да правядзеньня выбараў. Цяпер гэтае абмежаваньне зьнятае.
Стварэньне палітычнай партыі павінны ініцыяваць ня менш як 100 грамадзян, але для рэгістрацыі ў Міністэрстве юстыцыі спатрэбяцца подпісы ня менш як 10 тысяч асобаў, якія пражываюць у дзьвюх трацінах рэгіёнаў (усе яны павінны быць грамадзянамі Ўкраіны, удзел замежнікаў у палітычнай дзейнасьці забаронены). Таксама абавязковыя дакумэнты аб правядзеньні ўстаноўчага сходу, статут і праграма партыі.
Дастаткова простая працэдура рэгістрацыі партыі абумоўлівае іх колькасьць ва Ўкраіне — з 352 зарэгістраваных палітычных сілаў у выбарах удзельнічаюць крыху больш за паўсотні. Напрыклад, сёлета ў парлямэнцкіх выбарах бралі ўдзел 22 партыі ў шматмандатнай выбарчай акрузе (паводле партыйных сьпісаў) і яшчэ 43 партыі вылучалі сваіх кандыдатаў у мажарытарных акругах.
Украіна: бізнэс на партыях
Ідэалёгія — не галоўны чыньнік для стварэньня палітычнай сілы. У сьпісе зарэгістраваных Міністэрствам юстыцыі партый даволі часта сустракаюцца зусім не палітычныя назвы — «Сам за сябе», «Мост», «Сумленнасьць Украіны», «Сырыюс», «Пчала», «Пірацкая партыя», «Цыганская партыя», «Інтэрнэт-партыя», «Родны горад», «Белая Царква разам», «Блёк Дарта Вэйдэра». Што праўда, апошнія шэсьць партыяў сёлета ўдзельнічалі ў парлямэнцкіх выбарах.
Вельмі часта, каб не абцяжарвацца праблемамі арганізацыі ўстаноўчага сходу і зьбіраньня подпісаў, палітыкі набываюць ужо зарэгістраваную партыю, пераймяноўваюць яе, зьмяняюць кіраўніцтва і ідуць зь ёй на выбары. Якраз паводле такой схемы была створаная прапрэзыдэнцкая партыя «Слуга народу» — яна была зарэгістраваная ў 2017 годзе як рэбрэндынг «Партыі рашучых зьмен».
Такі працэс не супярэчыць заканадаўству — ва ўкраінскім сэгмэнце інтэрнэту можна часта сустрэць абвестку аб «продажы» палітычнай партыі, а таксама аб паслугах адвакатаў у такіх зьдзелках. Паводле аналітыкаў, кошт партыі — 20–30 тысячаў даляраў, але афіцыйна такія апэрацыі ажыцьцяўляюцца не за грошы.
Вулічная актыўнасьць партый ва Ўкраіне і Беларусі
У Беларусі партыйная дзейнасьць абкладзеная шматлікімі перашкодамі. Любая спроба правесьці масавае мерапрыемства ня толькі патрабуе дазволу мясцовых уладаў, але і абавязковай аплаты паслуг міліцыі, лекараў, ратавальнікаў.
Выдаткі вылічваюцца тысячамі даляраў у эквіваленце — гэта для апазыцыйных партый непадʼёмная ноша. З гэтай прычыны сёлета ўпершыню за 30 гадоў не адбыўся «Чарнобыльскі шлях».
Ва Ўкраіне да дзейнасьці партыяў ставяцца больш лібэральна. Тут заканадаўства забараняе стварэньне і дзейнасьць палітычных партый, калі іхная праграма накіраваная на ліквідацыю незалежнасьці Ўкраіны, гвалтоўную зьмену канстытуцыйнага ладу, парушэньне сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці, а таксама калі партыя займаецца прапагандай вайны, таталітарных рэжымаў, міжнацыянальнай ці рэлігійнай варожасьці. У той жа час дагэтуль ня могуць забараніць дзейнасьць Камуністычнай партыі Ўкраіны — судовы працэс трывае ўжо некалькі гадоў.
Няма і абмежаваньняў ці асаблівых патрабаваньняў да правядзеньня партыямі масавых мерапрыемстваў — пра гэта палітычныя сілы павінны паведаміць мясцовым уладам, а тыя, у сваю чаргу, забясьпечваюць грамадзкі парадак.
Паводле заканадаўства, у заяўцы, якую трэба падаць не пазьней як за 10 дзён да мерапрыемства, трэба пазначыць ягоную мэту, форму, дату і месца правядзеньня, кантакты арганізатараў, выкарыстаньне гукаўзмацняльнай тэхнікі. У залежнасьці ад гэтых фактараў мясцовыя ўлады выдаюць распараджэньне аб забесьпячэньні парадку на час падзеі. У выпадку шэсьця па вуліцах удзельнікаў акцыі суправаджаюць паліцэйскія аўтамабілі і пры неабходнасьці спыняюць аўтамабільны рух.
З 2017 году ў паліцыі створанае асобнае падразьдзяленьне — «Паліцыя дыялёгу». Яго супрацоўнікаў дадаткова накіроўваюць, каб папярэджвалі канфлікты, што могуць вынікаць у часе правядзеньня масавых акцыяў.
У той жа час мясцовыя органы ўлады, атрымаўшы заяўку на акцыю і ўгледзеўшы ў ёй небясьпеку для грамадзтва, могуць зьвярнуцца ў суд, каб той забараніў яе праводзіць.
Дзяржаўнае фінансаваньне партый ва Ўкраіне
Партыі, якія пераадольваюць 5-адсоткавы выбарчы барʼер і праходзяць у парлямэнт, атрымліваюць фінансаваньне зь дзяржаўнага бюджэту. Ім кампэнсуюцца ўсе выдаткі на перавыбарчую агітацыю. Штогод ім дадаткова налічваецца дзьве дзясятыя долі мінімальнай заработнай платы (сёлета яна складае 4173 грыўні), памножаныя на агульную колькасьць выбарнікаў.
Паводле такой жа схемы дзяржава падтрымлівае і тыя партыі, якія на парлямэнцкіх выбарах атрымалі ня менш як 2% галасоў выбарнікаў.
У Беларусі партыі па-за гульнёй на выбарах
У Беларусі партыі ня маюць ніякіх перавагаў на ніводным з этапаў выбарчых кампаній. Таму палітычныя партыі амаль не прадстаўленыя ў органах улады — выбары ўсіх узроўняў адбываюцца па аднамандатных акругах, а не па партыйных сьпісах. Фармальна дзейнічае норма, што зарэгістраваная партыя можа вылучыць свайго кандыдата бяз збору подпісаў, аднак ёсьць тэрытарыяльнае абмежаваньне: у абласны савет можа вылучаць кандыдатаў толькі абласная партыйная арганізацыя, а ў раённы — раённая. Акрамя таго, забаронена рэгістраваць ініцыятыўныя групы па зборы подпісаў за аднаго і таго ж кандыдата адразу ў некалькіх акругах.
У Палаце прадстаўнікоў няма партыйных фракцыяў (яны былі ў Вярхоўным Савеце 12 скліканьня, сфармаваным яшчэ ў савецкай Беларусі). Цяпер у Палаце са 110 дэпутатаў 92 беспартыйныя. У апошнюю выбарную кампанію ў двухпалатны парлямэнт упершыню трапіла прадстаўніца апазыцыйнай Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая.
У Беларусі няма нават так званай партыі ўлады — на гэты статус прэтэндуе «Белая Русь», але вось ужо больш як 10 гадоў яна застаецца рэспубліканскім грамадзкім абʼяднаньнем. Як мяркуюць палітолягі, такая сытуацыя падтрымліваецца асабіста Аляксандрам Лукашэнкам, каб не ствараць новых цэнтраў палітычнай сілы, патэнцыйна небясьпечных для аўтарытарнай улады.
Даведка: партыйная структура Беларусі
Цяперашнія 15 палітычных партый, якія маюць легальны статус, можна падзяліць на апазыцыйныя да рэжыму і праўладныя.
Апазыцыйныя
- Абʼяднаная грамадзянская партыя
- Беларуская партыя «Зялёныя»
- Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет»
- Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)
- Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ
- Партыя БНФ
- Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада»
Праўладныя
- Беларуская аграрная партыя
- Беларуская патрыятычная партыя
- Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя
- Камуністычная партыя Беларусі
- Лібэральна-дэмакратычная партыя
- Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці
- Рэспубліканская партыя
- Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды
Шэраг палітычных партый Беларусі або самаліквідаваліся, або былі закрытыя ўладамі, у тым ліку Беларуская партыя Свабоды (1992–2003), Беларуская партыя жанчын «Надзея» (1994–2007).