У магістратуру і асьпірантуру хлопцы цяпер змогуць трапіць толькі пасьля войска. Ужо сёлета ВНУ рызыкуюць страціць некалькі дзясяткаў тысяч рублёў, якія атрымліваюць ад вучобы ў платнай магістратуры.
«Прапаноўвалі даваць адтэрміноўку адразу і на бакаляўрэат, і на магістратуру»
Новы закон аб адтэрміноўках горача абмяркоўваюць абітурыенты, студэнты, іх бацькі і выкладчыкі.
«Я ведаю, што перад прыняцьцем закону з кіраўніцтвам унівэрсытэту фармальна раіліся, — кажа Свабодзе намесьнік дэкана аднаго з факультэтаў БДУІР. — Наш дэкан па пунктах расьпісаў, з чым мы ня згодны. Мы прапаноўвалі бакаляўрэат і магістратуру абʼяднаць, даваць адтэрміноўку адразу на дзьве ступені, а таксама асьпірантам. Мы таксама прапаноўвалі пасьля магістратуры накіроўваць служыць нашых выпускнікоў у адмысловую ІТ-роту, якую трэба пашырыць (бо цяперашнія 60 чалавек — гэта мізэр). Але ўсё адно зрабілі, як хацелі».
Выкладчык лічыць, што, магчыма, у некаторых галінах перапынак на год-паўтара не адабʼецца на вучобе катастрафічна. Філёляг і гісторык, мяркуе ён, могуць чытаць кнігі і ў войску. А вось для адмыслоўца ў сфэры высокіх тэхналёгій страчаны год, а то і два — гэта вялікі тэрмін. Пасьля яго давядзецца ледзьве ня ўсё спачатку пачынаць.
«Большасьць нашых магістрантаў сумяшчаюць вучобу з працай. То бок іх ня толькі адарвуць ад студэнцкай лаўкі, а адлучаць ад прафэсіі. У войску дазволены толькі самы просты мабільнік і няма кампутараў», — кажа намесьнік дэкана.
Выкладчык непакоіцца, што пасьля службы ў войску ня ўсе вернуцца ў магістратуру. У выніку праз пэўны час ВНУ ня будзе хапаць выкладчыкаў і дасьледчыкаў.
І пра фінансавы бок
Платная магістратура прыносіць вышэйшым навучальным установам істотны прыбытак. Сярэдні кошт навучаньня ў магістратуры на платным аддзяленьні — 3 тысячы рублёў і вышэй.
Сёлета БДУІР на бюджэт на дзённае аддзяленьне набірае 156 магістрантаў, на завочнае — 53. Конкурс на некаторыя спэцыяльнасьці (інфармацыя і тэхналёгіі праграмаваньня, сыстэмны аналіз і апрацоўка інфармацыі) — 3 чалавекі на месца.
На платнае аддзяленьне мяркуюць набраць 230 магістрантаў на дзённае і 260 на завочнае. Ахвотчых працягнуць адукацыю шмат, таму набор абяцаюць крыху павялічыць. Такім чынам, як мінімум на платным будзе вучыцца каля 500 магістрантаў. Нават калі адняць невялікую колькасьць дзяўчат, якія хочуць вучыцца ў магістратуры БДУІР, фінансавыя страты для ўнівэрсытэту будуць даволі істотныя, прынамсі сёлета.
Сайт dev.by падлічыў: калі б закон быў падпісаны летась, то пад яго дзеяньне падпалі б каля 11,5 тысячы чалавек, у тым ліку 6,8 тысячы студэнтаў, якія навучаюцца па скарочанай праграме, і 4,7 тысячы магістрантаў.
Што кажа міністар адукацыі
Сёлета вышэйшыя навучальныя ўстановы плянуюць прыняць 3 тысячы чалавек у магістратуру на бюджэтную форму, у асьпірантуру — крыху болей за 1 тысячу. Міністэрства адукацыі сваю афіцыйную пазыцыю выказала ў безыменным камэнтары інфармацыйнаму агенцтву БелТА. Калі коратка, — «папраўкі аб адной адтэрміноўцы істотна не паўплываюць на паступленьне ў магістратуру і асьпірантуру тых, хто матываваны да навукова-пэдагагічнай дзейнасьці».
13 ліпеня, калі ўжо прайшлі іспыты і адбывалася залічэньне ў магістратуру, міністар адукацыі Ігар Карпенка заявіў, што «магістратура — неабавязковая ступень адукацыі, яна для матываваных людзей». І наагул, служба ў войску — не перашкода ў атрыманьні адукацыі, лічыць міністар.
Што кажуць абітурыенты-магістранты
«Раніцай адкрываю сайт pravo.by, гляджу, ці апублікаваны закон»
Ігар сёлета скончыў факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, атрымаў разьмеркаваньне ў кампанію, у якой ужо паўтара года працуе. Здаў іспыты ў магістратуру. Найверагодней, праходзіць на платнае аддзяленьне. Далей хоча паступаць у асьпірантуру.
«Раніцай у першую чаргу адкрываю сайт pravo.by, гляджу, ці апублікаваны закон. Спадзяюся пасьпець атрымаць дакумэнты аб паступленьні ў магістратуру раней і падаць іх на яшчэ адну адтэрміноўку».
«Не хачу служыць у войску, ня дзеля таго я на выдатна вучыўся»
Арцём скончыў эканамічны факультэт БДУ ў 2016 годзе. У яго была вайсковая катэдра, таму мае вайсковае званьне «лейтэнант запасу». Па разьмеркаваньні працуе ў банку. Сёлета вырашыў паступаць у магістратуру на завочнае аддзяленьне.
«У мяне цікавая праца, адукацыя нялёгка далася. Я не кажу, што вучоба на эканамічным факультэце — гэта „вырваныя гады“, але, паверце, вучыцца на выдатна і ў школе, і ва ўнівэры было вельмі няпроста. Так, я шчыра кажу: не хачу я служыць у войску, ня дзеля таго, прабачце, я штаны праціраў», — кажа банкаўскі працаўнік Арцём.
Конкурс у магістратуру на ягоную спэцыяльнасьць — 2 чалавекі на месца. У аўторак здаваў комплексны іспыт па васьмёх тэмах. Атрымаў 10 балаў.
«Так што, лічыце, паступіў. Афіцыйнае залічэньне — 12 ліпеня. Трэба будзе хуценька атрымаць даведку аб паступленьні ў магістратуру. Спадзяюся, што пранясе», — кажа Арцём.
«Магістратура патрэбная для карʼернага росту»
Антон, сёлетні выпускнік факультэту інфармацыйных тэхналёгій і кіраваньня БДУІР, ужо працуе ў ІТ-кампаніі.
«Я пра магістратуру марыў з самага пачатку вучобы. У нашай сфэры гэта вельмі важна для карʼеры, ва ўсіх рэзюмэ на адукацыю зьвяртаюць увагу, тым больш наш факультэт лічыцца вельмі прэстыжным. Мне магістратура і веды, якія я там атрымаю, патрэбныя менавіта для прасоўваньня, для далейшага карʼернага росту», — распавёў Антон.
Антон кажа, што з магістарскай ступеньню ў IT-кампаніях больш плацяць, а фінансавае пытаньне для яго важнае.
«У магістратуру ідуць людзі мэтанакіраваныя, „заточаныя“ на веды, на працяг адукацыі. Дык дайце ім яе атрымаць. Мне падаецца, што сваімі мазгамі я прынясу больш карысьці, чым маршыруючы па армейскім пляцы», — мяркуе Антон.