Тэлеграм-канал Nexta паведаміў 10 чэрвеня, што ў Менску знайшлі павешаным 45-гадовага супрацоўніка крымінальнага вышуку Ленінскага РУУС Андрэя М.
У Сьледчым камітэце карэспандэнту Свабоды інфармацыю пакуль не пацьвердзілі, абяцалі адказаць пазьней.
Знаёмы Макарэвіча, памочнік дэпутаткі Ганны Канапацкай Дзяніс Ціханенка, які вучыўся разам з памерлым у школе і рэгулярна кантактаваў пасьля, кажа Свабодзе, што сумняваецца ў вэрсіі суіцыду.
Ціханенка адзначае, што самагубствы — гэта, безумоўна, «цёмная справа», але ён ня верыць у тое, што гэты чалавек мог бы ўчыніць такое, і не ўяўляе, што магло б яго падштурхнуць. Маўляў, гэты чалавек «бачыў сьмерць і ведае, што гэта такое», і наўрад ці яго мог нехта напужаць, бо ён усё жыцьцё працаваў зь небясьпечнымі злачынцамі.
«Ён быў з тых міліцыянтаў, якіх можна назваць шчырымі і правільнымі, — расказвае Ціханенка. — Ён займаўся асабліва важнымі справамі, ня меў ніякага блату ніколі. Застаўся рана бяз бацькі, заўсёды хацеў служыць у міліцыі. Прайшоў службу ў арміі, у ПДВ, скончыў школу міліцыі — і ад самага шараговага супрацоўніка прайшоў, працаваў са злачынцамі ў справах забойстваў.
Яму літаральна сёлета 45, трэба было на пэнсію выходзіць. Мы ў шоку ўсе самі, бо ён ня схільны да самагубства быў абсалютна, са стрыжнем, з характарам».