Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памятную шыльду Чэславу Немэну ў Горадні адкрылі пад сьцягамі БРСМ. Фота


Шыльду з партрэтам культавага польскага музыканта і кампазытара беларускага паходжаньня Чэслава Немэна ўрачыста адкрылі 6 чэрвеня на гуманітарным каледжы, што паблізу ад горадзенскага аўтавакзалу.

​На ўрачыстым адкрыцьці сабралася некалькі дзясяткаў чалавек. Яно праходзіла пад дзяржаўнымі чырвона-зялёнымі сьцягамі, сьцягамі галоўнага горадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы і сьцягам БРСМ.

Аўтар шыльды — горадзенскі скульптар Уладзімер Панцялееў. На ёй партрэт музыкі. Надпісы — па-беларуску і па-польску.

Скульптар Уладзімер Панцялееў і жонка Чэслава Немэна Малгажата
Скульптар Уладзімер Панцялееў і жонка Чэслава Немэна Малгажата

​На адкрыцьці прысутнічалі другая жонка Чэслава Немэна Малгажата, якая жыве ў Польшчы, маршалак польскага Сэнату Станіслаў Карчэўскі, старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясьніковіч.

Станіслаў Карчэўскі (другі зьлева), Міхаіл Мясьніковіч (чацьвёрты зьлева)
Станіслаў Карчэўскі (другі зьлева), Міхаіл Мясьніковіч (чацьвёрты зьлева)

Месца для памятнай дошкі абралі невыпадкова. Некалі ў гэтым будынку на рагу вуліц Кірава і Леніна месьцілася музычна-пэдагагічная вучэльня, дзе ў 1954–1955 гадах у клясе домры вучыўся Чэслаў Выдрыцкі (Немэн — ягоны псэўданім).

Чэслаў Выдрыцкі нарадзіўся 16 лютага 1939 году ў вёсцы Старыя Васілішкі на Горадзеншчыне. Калі Чэславу было 19 гадоў, сям’я выехала ў Польшчу. На пачатку 1960-х ён пачаў выступаць на польскай эстрадзе. Менавіта ў гэты пэрыяд Выдрыцкі ўзяў сабе псэўданім Немэн (у гонар ракі Нёман, на якой вырас).

Прызнаньне прыйшло да артыста ў 1964 годзе, калі Марлен Дытрых запісала нямецкую вэрсію ягонай песьні «Czy mnie jeszcze pamiętasz?». Вельмі папулярнымі былі ягоныя альбомы, запісаныя ў 1960-х: «Dziwny jest ten świat...», «Czy mnie jeszcze pamiętasz?» і «Sukces». Немэн асацыюецца з эпохай біту і рытм-энд-блюзу другой паловы 1960-х. Агулам у ЗША, Вялікай Брытаніі, Нямеччыне і Польшчы Немэн выпусьціў 21 альбом. Яго называюць адным з самых яскравых прадстаўнікоў эўрапейскага прагрэсіў-року.

Чэслаў Немэн памёр у 2004 годзе. Пахаваны ў Варшаве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG