Зь фільму Rocketman пра Элтана Джона перад пракатам у Расеі выразалі каля 8 хвілін. У Менску фільм пакажуць таксама бяз гэтых выразаных сцэнаў.
Што выразалі?
З расейскамоўнай вэрсіі фільму выразалі каля 8 хвілін, дзе былі паказаны сцэны гомасэксуальнага сэксу і ўжываньня наркотыкаў.
Паводле музычнага прадусара Міхаіла Козырава, выразаныя сцэны «пазбаўляюць героя матывацыі ягоных учынкаў».
«Герой пасьля выразаных сцэнаў ужываньня наркотыкаў паводзіць сябе неадэкватна, а глядач не разумее, чаму», — напісаў Козыраў.
Зьмянілі і фінал?
Як піша расейскі кінакрытык Антон Долін, у расейскай вэрсіі зь фіналу прыбралі завяршальны тытар.
У арыгінале там сказана, што Элтан Джон выхоўвае з каханым мужчынам дзяцей. Перад гэтым у фільме ёсьць драматычны момант, калі маці кажа яму: «Ты асуджаны на самоту».
У расейскай вэрсіі паведамляецца, што музы́ка заснаваў фонд барацьбы са СНІДам і па-ранейшаму працуе са сталым суаўтарам.
Што пакажуць у Менску?
Пракат Rocketman у Менску пачнецца 1 чэрвеня. Першымі фільм пакажуць кінатэатры Silver Screen. Ад 6 чэрвеня да паказу далучацца Кінавідэапракат і Falcon Club.
Як сказалі Свабодзе ў Silver Screen, гэтая сетка кінатэатраў будзе паказваць фільм бяз сцэнаў пацалункаў, сэксу і ўжываньня наркотыкаў – то бок, як і ў Расеі.
У аддзеле інфармацыі Кінавідэапракату Менгарвыканкаму сказалі, што ня ведаюць, ці будуць паказваць цэнзураваны варыянт фільму, бо ня маюць перадпрагляду.
У Falcon Club не ўдакладнілі, ці будзе паказвацца цэнзураваны расейцамі варыянт фільму.
Прэмʼера Rocketman адбылася 16 траўня на 72-м Канскім кінафэстывалі. Карыстальнікі парталу IMDb ацанілі фільм на 7,7 бала з 10.