Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ад сёньня мы ўсе прэзыдэнты». Самае важнае з прэзыдэнцкай прамовы Зяленскага


Уладзімер Зяленскі
Уладзімер Зяленскі

Сёньня Ўладзімер Зяленскі прысягнуў на вернасьць украінскаму народу і зрабіў адразу некалькі рэзанансных заяў, у тым ліку пра роспуск парлямэнту.

Пра новую каманду

«Нас 65 мільёнаў, тых, каго нарадзіла ўкраінская зямля. Украінцы ў Эўропе і Азіі, Паўночнай і Паўднёвай Амэрыцы, Аўстраліі і Афрыцы. Я зьвяртаюся да ўсіх украінцаў на плянэце. Вы нам вельмі патрэбны. Усім, хто можа дапамагчы стварыць пасьпяховую і моцную Ўкраіну, я з радасьцю дам украінскае грамадзянства. Вы павінны ехаць ва Ўкраіну. Прывязіце нам свае веды, свой досьвед і мэнтальнасьць сумленнасьці. Усё гэта дапаможа нам пачаць новую эпоху».​

Пра прэзыдэнцтва і адказнасьць усіх грамадзян за выбар

​«Пасля перамогі на выбарах мой шасьцігадовы сын сказаў: «Тата, я па тэлевізары бачыў, кажуць, што Зяленскі — прэзыдэнт. Тады гэта прагучала як дзіцячы жарт, але потым я зразумеў, што насамрэч гэта праўда. Таму што кожны з нас — прэзыдэнт. Ня тыя 73%, якія за мяне галасавалі, а ўсе 100%. Гэта наша агульная перамога, і гэта наш агульны шанец. Кожны з нас прэзыдэнт».

«Ад сёньня кожны з нас нясе адказнасьць за Ўкраіну, якую мы пакідаем сваім дзецям. Кожны з нас загінуў на Данбасе, кожны дзень мы губляем кожнага з нас. Кожны з нас перасяленец... Але мы ўсё гэта пераадолеем, бо мы ўсе ўкраінцы. Не існуе большых ці меншых. Кожны з нас украінец — ад Ужгараду да Луганску, ад Чарнігава да Сімферопаля, у Львове, Харкаве, у Данецку, Дняпры і Адэсе. Мы павінны быць адзіныя, бо толькі тады мы моцныя».

«На працягу ўсяго жыцьця я стараўся рабіць усё, каб украінцы ўсьміхаліся. Гэта была ня толькі мая праца, гэта было маёй місіяй. У наступныя 5 гадоў я зраблю ўсё, каб украінцы ня плакалі».

Пра мір на Данбасе

​«Мяне часта пыталіся, на што я гатовы дзеля спыненьня агню. Дзіўнае пытаньне. А на што гатовыя вы, украінцы, дзеля жыцьця блізкіх вам людзей? На што? Магу запэўніць, што для таго, каб нашы героі больш ня гінулі, я гатовы на ўсё. Я дакладна не баюся ўхваляць складаныя і непапулярныя рашэньні, губляць сваю папулярнасьць і рэйтынгі. І, калі будзе трэба, я без ваганьняў гатовы страціць сваю пасаду, каб толькі наступіў мір».

Пра ўрад

«Дазвольце мне зараз працытаваць аднаго амэрыканскага актора, які стаў клясным амэрыканскім прэзыдэнтам: «Урад не вырашае нашых праблем, урад і ёсьць наша праблема», — працытаваў Уладзімір Зяленскі Рональда Рэйгана.

«Гэта проста цытата. Я не разумею, шчыра кажучы, наш урад, які толькі разводзіць рукамі і кажа: „Мы нічога ня можам зрабіць“. Гэта ня праўда, можаце. Вы можаце ўзяць паперу, ручку і вызваліць свае месцы для тых, хто будзе думаць пра наступныя пакаленьні, а не пра наступныя выбары. Думаю, што людзі гэта ацэняць».

Пра парлямэнт і сілавыя структуры

​«Народныя дэпутаты, вы прызначылі самі інаўгурацыю на панядзелак, на працоўны дзень. Я бачу ў гэтым плюс. Гэта значыць, што сёньня вечарынак ня будзе. Будзем з вамі працаваць. Таму я вельмі вас прашу прыняць закон аб скасаваньні дэпутацкай недатыкальнасьці, закон аб крымінальнай адказнасьці за незаконнае ўзбагачэньне, шматпакутны Выбарчы кодэкс. І зрабіце, калі ласка, адкрытыя сьпісы».

«Таксама я прашу вас вызваліць ад пасад кіраўніка Службы Бясьпекі, генэральнага пракурора, міністра абароны. Гэта далёка ня ўсё, што вы можаце зрабіць, але для пачатку дастаткова. На гэта ў вас ёсьць два месяцы. Зрабіце гэта і павесьце мэдалі сабе. Някепскія балы на датэрміновыя парлямэнцкія выбары».

«Я распускаю Вярхоўную Раду восьмага скліканьня».

Пра сябе

«Я хачу, каб у вашых кабінэтах не было маіх выяў, калі ласка, не было маіх партрэтаў. Таму што прэзыдэнт ня вобраз, ня ідал. Прэзыдэнт — гэта не партрэт. Павесьце туды фатаздымкі сваіх дзяцей і перад кожным сваім рашэньнем глядзіце ім у вочы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG