А ўсяго тыдзень таму расейскі прэм’ер даручаў звузіць абмежаваньні па малочных прадуктах.
Рассельгаснагляд часова забараніў ад 8 траўня пастаўкі ў Расейскую Фэдэрацыю прадукцыі чатырох беларускіх прадпрыемстваў: Лунінецкага каўбаснага цэху камбінату «Палесьсе», Магілёўскага мясакамбінату, Пінскага кааппраму і кампаніі «Рывіерагруп» зь Лідзкага раёну.
Яшчэ пяць прадпрыемствы трапілі пад узмоцнены лябараторны кантроль: кампаніі «Аляксандраў», «Бетпак», Берасьцейскі мясакамбінат, Слуцкі сыраробны камбінат і Камбінат каапэратыўнай прамысловасьці з Пружанскага раёну.
Абмежаваньні тлумачаць паўторным выяўленьнем розных парушэньняў санітарных патрабаваньняў, у тым ліку ДНК сьвіньні або курыцы ў ялавічыне і непажаданыя бактэрыі і лекі.
Рассельгаснагляд пэрыядычна забараняе пастаўкі зь Беларусі мясной і малочнай прадукцыі — гэта называюць адпаведна «мяснымі» і «малочнымі войнамі». Паводле расейскіх СМІ, Расея ня хоча прызнаваць беларускі вэтэрынарны кантроль.
5 красавіка Расея забараніла ўвоз зь Беларусі буйной рагатай жывёлы і ялавічыны на костцы. З 12 красавіка Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі яблыкаў і грушаў зь Беларусі. Таксама Расея пагражае забараніць беларускія шампіньёны і трускалкі.
Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў 30 красавіка даручыў Расьсельгаснагляду замест абмежаваньня цэлых сэктараў паставак беларускай малочкі пакінуць абмежаваньні толькі ў дачыненьні да прадпрыемстваў, якія не змаглі пацьвердзіць бясьпеку сваёй прадукцыі.