Хоць дата не «сакральная», але выбары на Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі — кепская ідэя, заявіла Лідзія Ярмошына.
Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына ў інтэрвію БелаПАН падрабязна расказала, чаму ёй не спадабалася ідэя Аляксандра Лукашэнкі правесьці парлямэнцкія выбары 7 лістапада 2019 году.
Гэтую ідэю Лукашэнка агучыў у час звароту да беларускага народу 19 красавіка, але казаў: «Я яшчэ не вызначаўся наконт даты, але скажу, што, калі гэта прымальна па законе, у нас ёсьць добрае сьвята — Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі».
Выбары фактычна датэрміновыя, бо іх трэба было праводзіць не пазьней як 10 верасьня 2020 году. Ярмошына прызнала, што прапанаваная Лукашэнкам дата ранейшая за тэрмін, але заявіла, што ніякага датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў парлямэнту няма, а калі выбары праводзяцца не пазьней за тэрмін, а раней, гэта не пярэчыць закону.
Ярмошына зноў заявіла, што гэта не супярэчыць закону, але дата няўдалая. Яна адзначыла, што 7 лістапада — «гэта выходны дзень, ён ня ёсьць днём, зьвязаным зь нейкімі сакральным момантамі, я маю на ўвазе рэлігійнымі», але дадала, што гэты дзень стаіць у пачатку «шэрагу доўгіх выходных».
«Гэта, цалкам магчыма, прывядзе да таго, што вельмі многія людзі будуць у гэты пэрыяд недзе адпачываць, можа быць, знаходзіцца за мяжой, — тлумачыла Ярмошына. — І таму я проста баюся: гэты дзень няўдалы тым, што ён можа адмоўна адбіцца на яўцы выбарнікаў».
Яна дадала, што Лукашэнка «не казаў адназначна» пра 7 лістапада, і зноў прапанавала правесьці выбары 17-га. Прапанова Лукашэнкі для яе была нечаканай, і яна падкрэсьліла, што той «ня раіцца з ЦВК наконт гэтага»: можа абмяркоўваць нейкія «тактычныя моманты», казала Ярмошына, але «стратэгію заўсёды вызначае сам».
Што яшчэ расказала Ярмошына:
- Унесьці зьмены ў выбарчае заканадаўства «ўжо нерэальна». Лукашэнка казаў, калі іх і ўносіць, то пасьля зьменаў у Канстытуцыю, а яшчэ невядома, якія плянуюцца зьмены.
- У тым, што дата прэзыдэнцкіх выбараў, калі іх праводзіць «дакладна ў тэрмін» (што трэба так, заяўляў сам Лукашэнка), супадае з днём народзінаў Лукашэнкі, «няма нічога асабістага». Іх трэба правесьці не пазьней за 5 верасьня, але гэта субота, а апошняя перад гэтым нядзеля — 30 жніўня. Пра супадзеньне яна сама ня думала: прачытала ў «Камсамольскай праўдзе» пра такі «падарунак» і «ашаламілася», бо «гэта вельмі перакручанае разуменьне пра падарунак».
- Перамога Ўладзімера Зяленскага на прэзыдэнцкіх выбарах ва Ўкраіне «зьдзівіла» яе. Яна «ня думала, што безаглядна такая колькасьць грамадзянаў Украіны аддасьць галасы Зяленскаму і што ў грамадзтве існуе такое запатрабаваньне на перамены». Але выбарчая кампанія «была бездакорнай».