Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць у 2020 годзе. А выбары ў Палату прадстаўнікоў ён прапанаваў прызначыць на 7 лістапада 2019 году.
Таксама Лукашэнка выказаўся за ўнясеньне зьменаў у Канстытуцыю краіны.
Судзьдзі Канстытуцыйнага суду цяпер займаюцца пытаньнямі карэктываў у Асноўны закон, — пацьвердзіў Лукашэнка, прызнаўшыся, што не хацеў бы аддаць «пераемніку» Канстытуцыю і цяперашнім выглядзе.
«Я ўжо наўладарыўся, таму разьбяромся, якой яна павінна быць. Мы ня будзем секчы Канстытуцыю на галіны ўлады. Разам сядзем за парты, возьмем асадкі і пачнем пісаць — каб было добра ўсім».
Кіраўнік варшаўскага Цэнтру палітычнага аналізу і прагнозу Павал Вусаў сказаў, што «ніколі яшчэ не было ў гісторыі Беларусі, каб выбары адбываліся не ў нядзелю».
«Таму цяжка сказаць, ці пройдуць 7-га, у чацьвер, ці будуць трымацца традыцыйнай арганізацыі выбараў у нядзелю. Бо паўсюль выбары ў нядзелю. Гэта ж не ЗША, дзе выбары прывязаныя да канкрэтнага дня. Таму тут можна паставіць знак пытаньня. Калі ж яны адбудуцца 7-га, то гэта будзе даволі нечаканая зьмена традыцыяў».
Раней меркавалася, што прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары могуць аб’яднаюць. Цяпер Лукашэнка канкрэтна заявіў, што яны пройдуць у розныя гады. Паводле Паўла Вусава, Лукашэнка не пайшоў бы на аб’яднаньне прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў зь дзьвюх прычынаў.
«Бо папраўдзе сытуацыя вельмі складаная. І пераносіць прэзыдэнцкія выбары на 2019 год ён не пагадзіўся б. А праводзіць парлямэнцкія ў 2020-м таксама для яго не было б карысна з прычыны агульнай складанай сытуацыі. Ён бы хацеў, каб выбары максымальна адбыліся спакойна і безь ніякіх выклікаў. А аб’яднаньне выбараў прывяло б да сур’ёзнай напружанасьці для сыстэмы. Таму гэта першая прычына, чаму выбары разьядналі».
Таксама Аляксандар Лукашэнка заявіў, што новы парлямэнт павінен заняцца распрацоўкай Канстытуцыі.
«І, як Лукашэнка казаў, гэтыя зьмены павінны быць вельмі радыкальныя. Гэта азначае, што, напэўна, выбары прэзыдэнта могуць адбыцца паводле новай канстытуцыі. Гэта першае. Альбо выбары прэзыдэнта могуць быць аб’яднаныя з рэфэрэндумам аб прыняцьці новай канстытуцыі. І гэта можа паўтарыць варыянт 1996 году, калі прыняцьце новай канстытуцыі абнуляла тэрміны і фактычна замяняла выбары прэзыдэнта. Я думаю, што ў межах такой схемы будуць разьвівацца электаральныя падзеі. Прынамсі я бачу такую лёгіку, зьвязаную з выбарамі», — сказаў Вусаў.