Як сьмерць падлетка-весьляра падчас трэніроўкі на Дняпры паўплывала на сыстэму падрыхтоўкі прадстаўнікоў акадэмічнага веславаньня ў Магілёве.
Сьцісла
- Ці азначае «вяртаньне» трэніровак на недабудаваны вясьлярны канал пераглядам падыходаў да падрыхтоўкі весьляроў пасьля леташняй трагедыі?
- Ці бясьпечны для заняткаў канал у параўнаньні з хуткаплыннай ракой?
- Якія ўмовы «ідэальныя» для трэнаваньня весьляроў?
Трагедыя і пакараньне вінаватай у ёй
Падлетак патануў на трэніроўцы «акадэмічных» весьляроў 26 чэрвеня 2018 году. На ім не было ратавальнай камізэлькі, што недапушчальна для трэнаваньня на адкрытай вадзе.
Паводле судовага выраку, 25-гадовая трэнэрка Цэнтру алімпійскага рэзэрву ў вясьлярных відах спорту самаўхілілася ад выкананьня ўскладзеных на яе абавязкаў і не гарантавала бясьпекі жыцьцю і здароўю непаўналетняга навучэнца.
Сёлета 8 красавіка яе асудзілі на 3 гады калёніі-пасяленьня. Суд абавязаў Цэнтар алімпійскага рэзэрву ў вясьлярных відах спорту кампэнсаваць маральную шкоду бацькам патанулага ў суме 60 тысяч рублёў.
Што цяпер з трэніроўкамі
Сёлета на недабудаваным з савецкіх часоў вясьлярным канале, які ў Магілёве называюць Фацінскай затокай, аднавіліся трэніроўкі. Раней іх праводзілі на самім Дняпры.
На судзе абвінавачаная ў сьмерці падлетка казала пра цяжкасьці трэнаваньня ў акваторыі Дняпра. Яна даводзіла, што берагавая лінія зьвілістая і гэта ўскладняе кантроль за навучэнцамі, асабліва калі трэнуецца вялікая група весьляроў.
У адрозьненьне ад зьвілістай акваторыі Дняпра выцягнутая ўздоўж яго і злучаная зь ім Фацінская затока добра праглядаецца на ўсёй яе адлегласьці. Даўжыня яе больш за кілямэтар. Праект вясьлярнага канала не завершаны з савецкіх часоў.
Аляксандар Масяйкоў: «Вясьлярны канал не ліквідуе небясьпеку»
Алімпійскі чэмпіён 1992 году, дырэктар Магілёўскага абласнога цэнтру алімпійскага рэзэрву ў вясьлярных відах спорту Аляксандар Масяйкоў ня бачыць праблемаў з трэніроўкамі на Дняпры. Ён кажа, што ў Беларусі на вясьлярных каналах трэнуюцца толькі ў Менску, Берасьці і Гомлі. У іншых мясьцінах большасьць заняткаў праводзіцца на рэках.
«Калі вы падводзіце, што вясьлярны канал ліквідуе небясьпеку, то не», — даводзіць сваю пазыцыю суразмоўца. Ён перакананы, што трагедыя з навучэнцам цэнтру сталася вынікам грубага парушэньня трэнэркай службовых абавязкаў і тэхнікі бясьпекі.
«Безумоўна, сьмерць падлетка на трэніроўцы — гэта трагедыя, але мы не павінны перакручваць усю сыстэму падрыхтоўкі спартоўцаў. Яна выпрацоўвалася дзесяцігодзьдзямі і працуе выдатна. Калі б трэнэрка зрабіла ўсё слушна, як таго вымагае тэхніка бясьпека, то юнак ніколі не патануў бы», — настойвае дырэктар спартовай навучальнай установы.
Масяйкоў: «Сьмерць навучэнца на трэніроўцы лягла плямай на ўсю нашу арганізацыю»
У судзе падначаленая Аляксандра Масяйкова дапусьціла, што патануламу падлетку не хапіла ратавальнай камізэлькі. Кіраўнік цэнтру такі довад лічыць нікчэмным. Паводле яго, шматлікія праверкі ў ходзе сьледзтва выявілі, што сродкаў ратаваньня для навучэнцаў хапала.
Паводле Аляксандра Масяйкова, неабгрунтаванымі застаюцца закіды трэнэркі, што Цэнтар не стварыў умоваў для праверкі, ці ўмеюць навучэнцы плаваць. Ён кажа, што ад 2007 году навучальная ўстанова мае дамовы на выкарыстаньне басэйна.
«Сьмерць навучэнца лягла плямай на ўсю нашу арганізацыю. Зь яе зрабілі монстра. На нас наклалі штраф, але за што — незразумела», — даводзіць Аляксандар Масяйкоў.
Па яго словах, займацца веславаньнем, як і раней, прыходзяць дзеці, а сталыя гадаванцы ўдзельнічаюць у спаборніцтвах.
Мара алімпійскага чэмпіёна
Аляксандар Масяйкоў марыць, каб у Магілёве быў дабудаваны вясьлярны канал. У 2017 годзе ў інтэрвію Свабодзе ён казаў, што быў сярод ініцыятараў будаўніцтва вясьлярнага каналу з належнай інфраструктурай.
Будаўніцтва адміністрацыйна-спартовага корпусу замарозілі праз брак фінансаваньня з 2013 году. Сёлета будынак узялі перарабляць пад шматпрофільны спартовы комплекс.
Былы трэнэр асуджанай: «У нас адбыўся адток навучэнцаў»
Асуджаная — былая выхаванка трэнэра Магілёўскай школы алімпійскага рэзэрву прафсаюзаў «Дняпро» Ўладзімера Гаўрылава. Трагедыю на Дняпры ён называе «дзікім выпадкам» і адзначае, што падобнае магло здарыцца ў кожнага трэнэра. Паводле яго, здарэньне паўплывала на вясьлярны від спорту.
«Нам пра яго будуць яшчэ дужа доўга нагадваць. У нас і так ужо адбыўся адток навучэнцаў», — прызнаецца ён.
Як заўважае суразмоўца, для разьвіцьця вясьлярнага спорту канал сапраўды патрэбен, але грошай для яго няма. Сваіх гадаванцаў на Фацінскую затоку трэнавацца ён не выпраўляў сёлета. Заняткі праводзяцца на Дняпры.
Мэтадыстка вучэльні алімпійскага рэзэрву: «Вясьлярны канал — гэта ідэальныя ўмовы»
Мэтадыстка з вучэльні алімпійскага рэзэрву, якая пажадала застацца ананімнай, сказала, што месца для заняткаў весьляроў вызначае трэнэр згодна са сваімі плянамі. Саму яе трэнавалі ў тым ліку на Фацінскай затоцы, дзе «больш зацішна і навучэнцы на відавоку».
«Але тое, што цяпер на затоцы праводзяцца заняткі і гэта зьвязана з трагедыяй, не зусім слушна. На затоцы для трэніровак месца малавата, таму іх будуць праводзіць на Дняпры, асабліва для высокакваліфікаваных спартоўцаў», — тлумачыць суразмоўца.
На яе думку, калі б у Магілёве дабудавалі вясьлярны канал, то ўмовы для трэніровак былі б «ідэальнымі», але для ўсіх такіх умоваў ня створыш, падкрэсьлівае яна.