Юрыст Ігар Случак, вядомы ў байнэце як «моўны інспэктар», склаў для блога «Мова спартова» чарговы рэйтынг ужываньня беларускай мовы ў спорце. Уверсе «турнірнай табліцы» ёсьць пэўныя зьмены.
Як і ў ранейшых рэйтынгах, балы даваліся за ўжываньне беларускай мовы практычна ў любым аспэкце на полі, па-за полем і ў інтэрнэце, у тым ліку за прозьвішчы на форме, мову дыктара на матчах, мову на прэс-канфэрэнцыях, мову сайтаў і сацсетак. 23 клюбы мелі балы за некалькі такіх аспэктаў, яшчэ 16 клюбаў ужывалі беларускую толькі ў адным аспэкце, пераважна ў эмблеме. 90 разгледжаных клюбаў ніяк не ўжывалі беларускую мову.
Леташні «чэмпіён», футбольны клюб «Нёман» цяпер толькі на трэцім месцы — ён памяняўся месцамі зь менскім «Тарпэда». А «Крумкачы», якія займалі пятае месца, апусьціліся на сёмае. Летась у топе не было ніводнага хакейнага клюбу, цяпер жа менскае «Дынама» займае 20 месца.
«Колькасьць прафэсійных клюбаў, якія выкарыстоўвалі беларускую мову ў мінулым годзе, у параўнаньні з Рэйтынгам-2017 не зьмянілася, — адзначае Ігар Случак. — Але агулам гэтыя каманды пачалі ўжываць беларускую мову больш. Гэта дае падставу прагназаваць, што ў Рэйтынгу-2019 зьявяцца новыя беларускамоўныя каманды.
У беларускім спорце, асабліва ў футболе, вымалёўваецца сталы трэнд на пашырэньне ўжываньня беларускай мовы. Напрыклад, калі ў мінулым годзе толькі 3 з 16 камандаў футбольнай Вышэйшай лігі мелі беларускамоўныя эмблемы, то ў гэтым — ужо 6 з 16. Падобная дынаміка была і з нанясеньнем беларускамоўных прозьвішчаў на футболкі. За тры гады колькасьць клюбаў, што пісалі прозьвішчы сваіх гульцоў па-беларуску, вырасла ад нуля да 12 з 16».