Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці затрымалі 9 актывістаў — праціўнікаў акумулятарнага заводу


Іх выклікалі позвай у міліцыю, затрымалі за «парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў», паведамляе «Брестская газета».

У Ленінскі РАУС Берасьця 12 красавіка выклікалі адразу 20 актывістаў-праціўнікаў акумулятарнага заводу. Іх выклікалі ў якасьці сьведак, па якой справе, не паведамлялася. Як стала вядома, 9 актывістаў затрымалі. Верагодна, яны прабудуць пад вартай да суду.

Паводле інфармацыі актывісткі Юліі Зубік, людзей затрымалі за парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Сярод затрыманых Кацярына Басаргіна, Дзьмітры Андросюк, Уладзімер Казлоўскі, Дзяніс Малашэнка, Сяргей Сьвірскі, Уладзіслаў Абрамовіч, Алег Ярмоленка, Дзямʼян Лепясевіч, Уладзімер Вялічкін.

Яшчэ дваіх актывістаў — Ірыну Сіліцкую і Анатоля Ярмоленку — адпусьцілі, уручыўшы позвы.

Паведамляецца таксама, што перад тым, як ісьці ў РАУС, актывісты зладзілі флэшмоб перад будынкам. У аднаго зь іх быў касьцюм ваўка.

На выходныя актывісты плянавалі чарговую акцыю супраць акумулятарнага заводу.

У Берасьці людзі пратэстуюць супраць акмулятарнага заводу ўжо больш за год. Ужо некалькі тыдняў актывістаў затрымліваюць па адміністрацыйных і крымінальных справах.

Майсей Мазько і ягоны сын Дзяніс Мазько трапілі пад падазрэньне па крымінальнай справе аб незаконным валоданьні зброяй і выбуховымі рэчывамі. Нібыта ў машыне Майсея знайшлі патроны. Яго і ягонага сына затрымлівалі, але пасьля адпусьцілі.

Актывіст Дзьмітры Бекалюк не вярнуўся з РУУС пасьля выкліку па адміністрацыйнай справе аб незаконным масавым мерапрыемстве, яго затрымалі. Тацяну Фесікаву спрабавалі затрымаць у яе дома тыдзень таму.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG