Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне стала страшна як лекару і маці». Чаму берасьцейская доктарка змагаецца супраць акумулятарнага заводу


Тацяна Фесікава на мітынгу супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці, 28 красавіка 2018 году
Тацяна Фесікава на мітынгу супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці, 28 красавіка 2018 году

Ужо трое праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу каля абласнога цэнтру пабывалі за кратамі. Чацьвёртую актывістку выклікаюць у РУУС.

Майсей Мазько, Дзяніс Мазько, Дзьмітрый Бекалюк і Тацяна Фесікава — гэтыя людзі на працягу мінулага тыдня атрымалі магчымасьць бліжэй пазнаёміцца зь беларускімі праваахоўнымі органамі. Двое першых, бацька і сын, трапілі пад падазрэньне па крымінальнай справе аб незаконным валоданьні зброяй і выбуховымі рэчывамі.

Дзьмітрый Бекалюк не вярнуўся з РУУС пасьля выкліку па адміністрацыйнай справе аб незаконным масавым мерапрыемстве, Тацяна Фесікава ня трапіла за краты толькі дзякуючы хуткай рэакцыі паплечнікаў, якія апэратыўна прыехалі да актывісткі і не далі забраць яе ў пастарунак.

«Улады выбралі некалькіх чалавек»

«Мы перайшлі ў стадыю жорсткага супрацьстаяньня, — кажа берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк. — Яны выбралі некалькіх чалавек, лідэраў пратэсту, каб на іх ціснуць. Рэпрэсаваць. Як звычайна ў адносінах да апазыцыі дзейнічаюць, да блогераў, праваабаронцаў. Калі раней мы былі ў такім лайт-рэжыме, то цяпер, я думаю, яны ўзяліся за лідэраў».

Раман Кісьляк, архіўнае фота
Раман Кісьляк, архіўнае фота

Першая ж пасьля пачатку арыштаў традыцыйная нядзельная акцыя сабрала амаль удвая больш людзей, чым звычайна. На галоўную плошчу Берасьця прыйшло прыкладна 300 чалавек. Пасьля збору ўсе яны прайшлі па цэнтры гораду, упершыню скандуючы: «Не — акумулятарнаму заводу». Раман Кісьляк кажа, што ўсё гэта праз арышты.

«Усе Тэльмы гудзяць, Сьцімава гудзе (паселішчы побач з будаўнічай пляцоўкай. — РС), — кажа праваабаронца. — Усе былі абураныя гэтымі затрыманьнямі. Увечары ў пятніцу, у суботу ўсе абмяркоўвалі гэтыя апошнія падзеі. Затрыманьні Майсея Мазько, яго сына, затрыманьне Тацяны. Я не сумняваюся, што павелічэньне колькасьці ўдзельнікаў акцыі ў нядзелю выклікана гэтымі крокамі ўлады. Людзі абураныя такімі дзеяньнямі ўлады і праваахоўных органаў. Страху я ня бачу, людзі гатовыя абараняць свае сем’і і працягваць барацьбу».

Па словах Рамана Кісьляка, ніхто з арыштаваных актывістаў ніколі не займаўся палітыкай. Удзел у кампаніі супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу стаў для іх першай вялікай грамадзкай актыўнасьцю. Майсей Мазько працуе ў жаночым манастыры, Дзьмітрый Бекалюк — спэцыяліст у тэхнічнай сфэры, Тацяна Фесікава — лекарка. Усе яны пазнаёміліся год таму, калі далучыліся да зьбіраньня подпісаў супраць будаўніцтва заводу.

«Раней я нават ня ведала, што такое акумулятарны завод»

«Я карэнная берасьцейка, вырасла ў сям’і лекараў, — кажа Тацяна Фесікава. — Мой бацька быў нэўролягам, я таму таксама выбрала гэтую спэцыяльнасьць. Працавала ўрачом у Цэнтральнай гарадзкой бальніцы 16 гадоў. З 2002 па 2018 год. Апошнія гады працавала па сумяшчальніцтве, у мяне яшчэ дадатковая праца была. На заробак лекара цяжка было выжыць. Калі ў мінулым годзе быў мітынг, у красавіку, мяне звольнілі. Празь дзень пазванілі з бальніцы і паведамілі, што ў маіх паслугах больш ня маюць патрэбы. Хоць на той момант у аддзяленьні былі месцы, незанятыя стаўкі, і ніякай неабходнасьці мяне звальняць не было».

Дом Тацяны Фесікавай, дзе яна жыве з мужам і дзіцем, стаіць за чатыры кілямэтры ад заводу. Каб яго набыць, кажа Тацяна, аддалі усе зьберажэньні. Сям’я спадзявалася там спакойна цешыцца жыцьцём, але са студзеня 2018 году прыйшлося ўдзельнічаць у пратэстах.

«Я ў пратэстах удзельнічаю ад самага пачатку, — кажа Тацяна. — Як толькі зьявілася інфармацыя ў інтэрнэце пра пачатак будаўніцтва, мы пачалі шукаць больш інфармацыі пра гэтую вытворчасьць. Знайшлі справаздачу аб узьдзеяньні на навакольнае асяродзьдзе. Дакумэнт, які быў разьмешчаны на сайце гарвыканкаму. Я тады яшчэ не разумела, што гэта ўсё такое, з чым яго ядуць, што гэта значыць. Ня ведала, што такое акумулятарны завод, шчыра вам скажу. Але калі стала чытаць і ўбачыла, што там на кожнай старонцы па дзесяць словаў „сьвінец“, мне стала страшна як урачу, як маці і як жанчыне. Я зразумела, што тут нешта страшнае побач з намі будзе».

Па словах жанчыны, яна не адразу зразумела, у што можа ператварыцца збор подпісаў супраць будаўніцтва заводу пад самым горадам і складаньне лістоў да гарадзкіх уладаў. Тацяна кажа, што спадзявалася — улады зразумеюць сваю памылку і прымуць правільнае рашэньне. Але аказалася, што ўсё ня так.

«У мяне расьце дзіця, я не хачу яму нашкодзіць»

«Мы да апошняга думалі, што гэта проста памылка, — кажа Тацяна. — Але аказалася, што ўсё ня так на самой справе. Цяжка сказаць, што зараз будзе. Улічваючы, што адбылося з Майсеем Сьцяпанавічам (Майсея Мазько абвінавачваюць па крымінальным артыкуле за захоўваньне боепрыпасаў і выбухоўкі, актывісты перакананыя, што іх Майсею падкінулі. — РС), мяне ахопліваюць страхі. У мяне расьце дзіця, і не хацелася б актыўным сваім удзелам у пратэсьце неяк паўплываць нэгатыўна на яго лёс. Бо калі дзейнічаюць так подла і непрыгожа, то няма ніякіх гарантый і шансаў, што не атрымаецца такая ж гісторыя. Але пакуль я дзейнічаю, так скажам».

Па словах жанчыны, цяпер цяжка спрагназаваць, у што выльюцца незадаволенасьць гараджан будаўніцтвам заводу і дзеяньні ўладаў у дачыненьні да актывістаў.

«Наш пратэст адпачатку ня быў палітызаваны, — кажа Тацяна. — Але зараз так складаецца, што без палітыкі, відаць, не атрымаецца. Усё зводзіцца ў выніку да таго, што нас ня чуе ўлада. Мы спрабуем данесьці інфармацыю, фактаў пра парушэньні вельмі шмат, яны значныя, але ўлада нас па-ранейшаму ня чуе. Таму вось так усё і адбываецца. Пратэст ператварыўся ў палітычны, хоць гэта была акцыя выключна супраць экалягічна небясьпечнага заводу, і ў нас у гэтым няма ніякіх сумневаў».

14 красавіка, у бліжэйшую нядзелю, Тацяна Фяськова павінна зьявяцца ў міліцыю. Яе запрасілі акурат на час, калі мае адбыцца чарговая акцыя пратэсту. Жанчына ня ўпэўненая, ці вернецца дадому ў той жа вечар.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG