Хто тыя ўкраінцы, якія ў першым туры галасавалі за кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзіміра Зяленскага і Пятра Парашэнкі? Сацыяльныя псыхолягі адзначаюць пратэставае галасаваньне моладзі, прыклад дэмакратычнага галасаваньня сярод вайскоўцаў і схільнасьць да паступовых зьменаў выбарнікаў за мяжой.
Дадзеныя нацыянальнага экзыт-полу, які сумесна правялі Фонд «Дэмакратычныя ініцыятывы» імя Ілька Кучарава, КМІС і Цэнтар Разумкова, дапамагаюць лепш уявіць сацыяльна-дэмаграфічны партрэт выбарнікаў двух лідэраў галасаваньня.
Хто і дзе галасаваў за Ўладзіміра Зяленскага
Геаграфічна найбольшая доля выбарнікаў Уладзіміра Зяленскага пражывае ў паўднёвых і цэнтральных абласьцях Украіны. Ад агульнай колькасьці тых, хто прагаласаваў за гэтага кандыдата, доля жыхароў названых рэгіёнаў складае 35,5 і 34% адпаведна. Менш за ўсё галасоў кандыдат атрымаў у трох заходніх абласьцях, а таксама ў Данбасе.
Уладзімір Зяленскі таксама лідэр у падтрымцы ў гарадах з насельніцтвам больш за 100 тысяч жыхароў і абласных цэнтрах. За яго там прагаласавала 39 і 31,5% выбарнікаў адпаведна. А вось у пасёлках за яго галасавалі менш актыўна — усяго 27%.
Асноўная асаблівая прыкмета выбарніка Зяленскі — гэта ўзрост. Кандыдат у прэзыдэнты змог сабраць вакол сябе маладзейшы электарат: 57% яго выбарнікаў — гэта людзі ва ўзросьце 18-40 гадоў.
Нягледзячы на адназначную ўзроставую прыкмету сярэднестатыстычнага выбарніка Ўладзіміра Зяленскі, па гендэрнай прыкмеце за кандыдата галасавала аднолькавая колькасьць як жанчын, так і мужчын.
Асноўная група па ўзроўні адукацыі, якая падтрымала Зяленскага ў першым туры, — гэта студэнцтва. Ён атрымаў 42% падтрымкі сярод людзей зь незакончанай вышэйшай адукацыяй. У групе з вышэйшай адукацыяй кандыдат атрымаў 31% падтрымкі. А вось менш за ўсё галасоў кандыдат атрымаў сярод людзей зь незакончанай сярэдняй адукацыяй — усяго 26% ад тых, хто прагаласаваў за яго.
Абагульняючы, сярэднестатыстычны выбарнік Уладзіміра Зяленскага — гэта студэнт або студэнтка, якія жывуць або вучацца ў абласным цэнтры поўдня або цэнтру Ўкраіны.
Хто і дзе галасаваў за Пятра Парашэнку
Асноўны электарат дзейнага прэзыдэнта Ўкраіны — гэта пераважна людзі старэйшага ўзросту (50-60 гадоў), сярод якіх ён атрымаў каля 18-19% падтрымкі. Менш галасавала за Пятра Парашэнку моладзь — усяго 14% выбарнікаў, якія ўваходзяць ва ўзроставую групу 18-29 гадоў.
А вось паводле гендэрнай прыкметы за Парашэнку больш галасавалі мужчыны, чым жанчыны — 19% і 17% адпаведна.
Свой высокі вынік падтрымкі Пятро Парашэнка атрымаў у заходніх абласьцях Украіны (25,5%), а па колькасьці насельніцтва — у абласных цэнтрах (21%). У сёлах за Парашэнка прагаласавала 18% выбарнікаў. У адрозьненьне ад ягонага апанэнта Уладзіміра Зяленскага, за Пятра Парашэнку найменш галасавалі на ўсходзе і поўдні Ўкраіны — 6,4 і 16,5% падтрымкі адпаведна.
Паводле ўзроўню адукацыі асноўная група падтрымкі Пятра Парашэнкі — гэта людзі з поўнай вышэйшай адукацыяй. Самую нізкую падтрымку Парашэнка-кандыдат атрымаў сярод людзей з поўнай сярэдняй адукацыяй.
Абагульняючы, сярэднестатыстычны выбарнік Пятра Парашэнкі — гэта чалавек ва ўзросьце 50-59 гадоў з вышэйшай або няскончанай вышэйшай адукацыяй, які пражывае ў абласным цэнтры заходняга або цэнтральнага рэгіёнаў Украіны.