Зранку 11 кастрычніка лідэры краінаў Эўрапейскага зьвязу паведамілі аб згодзе на перанос выхаду Вялікай Брытаніі з альянсу на 31 кастрычніка. Перамовы цягнуліся восем гадзінаў.
Прэзыдэнт Эўрапейскай рады Дональд Туск адзначыў у Twitter, што гэты перанос значыць «дадатковыя шэсьць месяцаў на пошук Вялікай Брытаніяй найлепшага магчымага рашэньня».
Рашэньне яшчэ мусіць ухваліць брытанская прэм’ерка Тэрэза Мэй. Першапачаткова яна выступала за адтэрміноўку да 30 чэрвеня — заяўляла, што гэтага часу хопіць, каб парлямэнт ратыфікаваў пагадненьне пра Brexit.
Але брытанскі парлямэнт адрынуў як пагадненьне, якога дасягнулі Мэй і Эўразьвяз (тройчы прагаласавалі супраць «May’s Deal»), так і варыянт выхаду без папярэдніх пагадненьняў («No Deal»). Парлямэнтары галасавалі супраць практычна кожнага магчымага варыянту разьвіцьця падзеяў: другога рэфэрэндуму пра Brexit, датэрміновых выбараў, вотуму недаверу прэм’ерцы, мытнага пагадненьня з Эўразьвязам і гэтак далей. У ліку адхіленых прапановаў былі і тыя, што тычыліся пераносу Brexit на восень.
Калі б Эўразьвяз ня даў адтэрміноўкі цяпер, Брытанія аўтаматычна пакінула б Эўразьвяз 12 красавіка. Гэтая дата таксама зьявілася з прычыны пераносу ранейшай — спачатку Brexit плянаваўся на 29 сакавіка.