Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэтыцыя аб скасаваньні Brexit набрала больш за 5 мільёнаў подпісаў


Пэтыцыя з просьбай да брытанскага ўраду перагледзець пляны выхаду з Эўразьвязу набрала больш за 5 млн подпісаў пасьля масавай дэманстрацыі ў Лёндане 23 сакавіка, паведамляе The Guardian.

На момант публікацыі пэтыцыю падпісалі ўжо больш за 5 мільёнаў 348 тысяч чалавек, што зрабіла яе самай папулярнай з прадстаўленых на сайце парлямэнту.

Перад гэтым найбольшую агульную колькасьць подпісаў (4 150 260) сабрала пэтыцыя 2016 году, якая заклікала да паўторнага рэфэрэндуму наконт Brexit.

Колькасьць подпісаў пад пэтыцыяй працягвае расьці пасьля маршу ў Лёндане 23 сакавіка, у якім, сьцьвярджаюць арганізатары, удзельнічала больш за мільён чалавек.

Аўтарка пэтыцыі Маргарэт Геаргіяду раней заявіла, што ёй пагражалі забойствам. Актывістка напісала ў твітэры, што 22 сакавіка яна атрымала тры такія пагрозы праз тэлефон.

Яна таксама сказала, што выдаліла свой акаўнт на Facebook пасля атрыманьня «плыні абразаў».

Як піша The Guardian, «вакол пэтыцыі існавалі тэорыі змовы па абодва бакі дэбатаў». Некаторыя кажуць, што збоі на сайце, якія ўзьніклі пасьля публікацыі звароту, былі арганізаваныя знарок для процідзеяньня далейшым подпісам. Іншыя сьцьвярджаюць, што нейкая частка подпісаў зьявілася з замежных IP-адрасоў, у тым ліку з Паўночнай Карэі, што, маўляў, азначае, што пэтыцыю падпісвалі боты. Папраўдзе 96% подпісаў пад зваротам зьявіліся ў Вялікай Брытаніі.

Эўразьвяз на гэтым тыдні пагадзіўся зь пераносам даты Brexit з 29 сакавіка на 12 красавіка. Яна можа быць зноў перанесеная, калі брытанскі парлямэнт ухваліць пагадненьне аб выхадзе з ЭЗ, якое ён раней двойчы адхіліў (у гэтым выпадку Брэксыт адбудзецца 22 траўня), або калі Брытанія да 12 красавіка пагодзіцца на правядзеньне на сваёй тэрыторыі выбараў у Эўрапарлямэнт у канцы траўня. У такім выпадку Брэксыт можа быць адтэрмінаваны да канца году.

Вялікая Брытанія далучылася да ЭЗ у 1973 годзе і стане першай краінай, якая яго пакіне. Законапраект аб Brexit прадугледжвае скасаваньне Акту аб Эўрапейскіх супольнасьцях 1972 году, на падставе якога краіна ўступіла ў Эўрапейскі зьвяз, а таксама замену законаў Эўразьвязу брытанскімі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG