Новай кіраўніцы ўраду Літвы 44 гады, яна нядаўна ў вялікай палітыцы, што, на думку вядомага літоўскага журналіста Вітаўтаса Брувярыса, ускладняе прагназаваньне яе дзейнасьці на такой важнай пасадзе. Як мяркуе экспэрт, брак значнага палітычнага досьведу ў Інгі Ругінене дазваляе прагназаваць толькі яе будучую залежнасьць ад вядомых палітычных доўгажыхароў Літвы.
«Будзе больш палітычнага хаосу»
«Бачна, што яна амбіцыйная, што ёй хапае ўпэўненасьці ў сабе, але ўсё ж ніхто ня ведае, якой яна будзе на пасадзе прэм’ера, бо за ёй нічога няма, каб рабіць такія прагнозы. Кажучы мэтафарай, Інга Ругінене толькі ўчора прыйшла ў вялікую палітыку. Наколькі я памятаю, гэтак здараецца ўпершыню ў Літве. А значыць, замест яе будуць кіраваць іншыя, тыя, хто яе прасунуў на пасаду. Кажу пра аксакалаў Сацыял-дэмакратычнай партыі і найперш пра Віцяніса Андрукайціса, які выстаўляе сябе як прадстаўніка левай празаходняй палітыкі. Ясна, ня ён адзіны будзе на яе ўплываць, але вядома, што ён яе моцна падтрымліваў, і таму ягоны ўплыў можа захавацца», — мяркуе Вітаўтас Брувярыс.
«Калі вы спытаеце мяне, якой можа быць агулам палітыка новага ўраду, дык галоўнае — курс, якім пайшоў урад пасьля апошніх парлямэнцкіх выбараў, калі кансэрватары пацярпелі паразу, збольшага гэты курс ня зьменіцца. А што тады зьменіцца? Мяркую, будзе яшчэ больш палітычнага хаосу», — сказаў экспэрт.
Ён дадаў, што гэта ўжо назіралася пры ўключэньні ў кіроўную кааліцыю «Нёманскай зары» і Зьвязу сялянаў і зялёных Літвы, а таксама «Выбарчай акцыі палякаў у Літве — Зьвязу хрысьціянскіх семʼяў».
«Гэта партыі, унутры якіх хапае самых радыкальных, самых антызаходніх элемэнтаў, таму пра стабільнасьць казаць цяжка. Напрыклад, не ўяўляю, як пры такім партнэрстве сацыял-дэмакраты будуць бараніць празаходнюю, пранатаўскую арыентацыю літоўскай дзяржавы. І ўвогуле ці будуць бараніць? Ня думаю, што гэтая арыентацыя застанецца такой жа стабільнай, як была раней», — сказаў экспэрт Вітаўтас Брувярыс.
Якой будзе вонкавая палітыка ўраду
Вітаўтас Брувярыс таксама пракамэнтаваў пытаньні замежнай палітыкі, якія закранула ў прамове ў Сейме новая кіраўніца ўраду Інга Ругінене. Экспэрт нагадаў выказваньне пра неабходнасьць нармалізацыі адносін з Кітаем і абяцаньне зрабіць першы афіцыйны візыт ва Ўкраіну. Некаторыя словы новай прэм’еркі журналіст Брувярыс патлумачыў «звычайным папулізмам».
«Нас могуць усьцешыць словы Інгі Ругінене пра першы візыт ва Ўкраіну і яе ўспаміны пра дзяцінства ў Краматорску. Аднак згадваю, што ў сацыяльных сетках раней яна чамусьці напісала, што Краматорск нібыта зьнішчаны вайной, а я два месяцы таму яго наведаў і ведаю: горад жывы і працягвае жыць і змагацца. Чаму такая недакладнасьць у словах, мне цяжка патлумачыць», — адзначыў журналіст Вітаўтас Брувярыс.
Беларускай дыяспары будзе больш складана
«Агулам павялічылася тэндэнцыя зноў згуляць у вядомую гульню пад назвай „давайце паспрабуем адцягнуць Беларусь ад Расеі“. Маўляў, мы зараз прыцягнем яе да сябе, чымсьці Лукашэнку залагодзім. Мяркую, гэтай ілюзіі паддаліся ня толькі ў Літве, і зноў пачнуцца танцы вакол Лукашэнкі, як некаторыя танчаць вакол Пуціна. Але, мяркую, гэта будзе неразумна. Тут у мяне ўся надзея на прэзыдэнцкі офіс, які апякае міністэрствы замежных справаў і абароны, каб захаваць праўкраінскі трэнд літоўскай палітыкі. Але ёсьць і трывожныя сымптомы», — мяркуе экспэрт.
Вітаўтас Брувярыс прагназуе новыя складанасьці для беларусаў, якія жывуць у Літве, найперш для палітычных уцекачоў зь Беларусі.
«Што да зьменаў палітыкі стасоўна беларускай дыяспары, то мы бачым у пэўных колах тэндэнцыю да варожасьці. Зь беларусаў галоўнай мішэньню гэтыя колы выбіраюць Сьвятлану Ціханоўскую і яе мужа Сяргея. Лідэр „Нёманскай зары“ Рэмігіюс Жамайтайціс ды некаторыя іншыя радыкалы з партыі сялян увогуле выказваюцца за тое, каб выгнаць штаб Ціханоўскіх зь Літвы. Мяркую, што цяпер, калі гэтыя арганізацыі апынуліся ў кіроўнай кааліцыі, падобныя размовы ўзмацняцца. Канстатую, што пад уплывам такіх палітыкаў гэтая варожасьць распаўсюджваецца ў грамадзтве. Мне цяжка пакуль патлумачыць яе прычыны, але, магчыма, адна зь іх — меркаваньне, што лепш бы беларусы заставаліся ў сваёй дыктатуры, чым будавалі эўрапейскую дэмакратычную дзяржаву. Нельга параўноўваць гэта з стаўленьнем расейцаў да ўкраінцаў, але нешта такое ўсё ж і ў нашых людзях ёсьць», — мяркуе Вітаўтас Брувярыс.
Экспэрт ня выключыў, што новы ўрад пад кіраўніцтвам Інгі Ругінене, як і папярэдні — Гінтаўтаса Палуцкаса, не пратрымаецца да канца сваёй кадэнцыі. Шэсьце і мітынг пратэсту, якія адбыліся ў Вільні 26 жніўня і сабралі, паводле падлікаў паліцыі, да 8 тысяч чалавек, Вітаўтас Брувярыс назваў «здаровай праявай дэмакратыі і нармальнай палітычнай барацьбой у Літве».
Форум