Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Куды небясьпечна ехаць беларусам, якія асьцерагаюцца перасьледу. Запыталіся экспэртаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Абставіны зьнікненьня былога дыплямата і чыноўніка Анатоля Котава па-ранейшаму невядомыя. Паведамляецца, што ён зьнік у Турэччыне. Куды небясьпечна езьдзіць беларусам, якія асьцерагаюцца перасьледу з боку рэжыму?

Свабода запыталася Леаніда Марозава, дарадцу Сьвятланы Ціханоўскай у юрыдычных пытаньнях, і Алеся Міхалевіча, юрыста ў галіне міжнароднага права.

Алесь Міхалевіч: У базу вышуку краінаў СНД можна патрапіць празь адзін клік беларускага міліцыянта

Паводле юрыста ў галіне міжнароднага права Алеся Міхалевіча беларусам, якія баяцца перасьледу з боку рэжыму, можна ехаць у краіны з высокім узроўнем прававой культуры.

Алесь МІхалевіч
Алесь МІхалевіч

— Гэта краіны, дзе пры наяўнасьці запыту дакладна будзе экстрадыцыйны працэс, дзе беларускія спэцслужбы адчуваюць сябе дрэнна, таму што ім там ніхто не дазволіць займацца свавольствам. Гэта краіны Эўразьвязу, Злучаныя Штаты, Канада, Аўстралія, можа дадаць Японію, Сынгапур. Большасьць так званых цёплых, бедных краінаў — вельмі небясьпечныя, і я б ня раіў нікому туды ехаць.

Пытаемся Алеся Міхалевіча пра тое, на якой падставе можа адбыцца затрыманьне ў такіх краінах — праз запыт у Інтэрпол ці проста праз дамоўленасьць з уладамі краіны? Паводле Алеся Міхалевіча, гэта можа адбыцца і праз дамоўленасьць паміж спэцслужбамі.

— Тут трэба адрозьніваць звычайнага актывіста, які проста ўдзельнічаў у пратэставых падзеях у Беларусі, і чалавека, які як, напрыклад, Анатоль Котаў, працаваў у дзяржаўных структурах, то бок заяўляецца здраднікам для Лукашэнкі.

Алесь Міхалевіч падкрэсьлівае, што беларусам, якія асьцерагаюцца перасьледу, нельга ні ў якім разе езьдзіць у так званыя краіны СНД — Армэнію, Азэрбайджан, Казахстан, Расею і гэтак далей.

— Грамадзяніна Беларусі вельмі лёгка падаць у вышук у гэтых краінах, туды ў базу вышуку можна патрапіць празь адзін клік беларускага міліцыянта. А ўсе астатнія краіны, такія як Турцыя, Эгіпет, куды любяць езьдзіць адпачываць, зьяўляюцца небясьпечнымі. Пры гэтым усё залежыць ад узроўню, на якім чалавека шукаюць. Калі гэта сур’ёзны палітычны актывіст, то Турцыя і Эгіпет зьяўляюцца вельмі небясьпечнымі і там можа адбыцца ўсё, што заўгодна.

Пытаемся ў Алеся Міхалевіча, колькі было выпадкаў у ягонай юрыдычнай практыцы пасьля 2020 году, калі даводзілася дапамагаць беларусам, якіх затрымлівалі ў іншых краінах на запыт уладаў Беларусі?

— Дзясяткі выпадкаў, але ўсё залежыць ад таго, ці дзейнічаюць у краіне прававыя мэтады. Прававыя мэтады — гэта затрыманьне і афіцыйны экстрадыцыйны працэс. Тады прынамсі ўзьнікаюць хаця б нейкія прававыя мэханізмы, каб бараніцца. У Віетнаме былога беларускага добраахвотніка Верамейчыка спэцслужбы Віетнама проста перадалі ў Беларусь. Усё было вырашана неправавым шляхам. Можам узгадаць, калі Юрася Зяньковіча Расея без экстрадыцыйнага працэсу проста давезла да мяжы зь Беларусьсю, і яго ўжо афіцыйна затрымалі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Ёсьць прыклады, калі адбываецца супраца паміж спэцслужбамі, калі можа адбывацца проста абмен, калі папрасілі кагосьці пра дапамогу па адной справе для таго, каб вырашыць нейкую іншую справу. Але такіх выпадкаў ня так шмат. Так ня будзе адбывацца са звычайнымі беларускімі актывістамі, якія проста прымалі ўдзел у пратэстах, але ў выпадку з першаплянавымі людзьмі гэта, безумоўна, магчыма.

Многія беларусы, якія апынуліся за мяжой, хочуць сустрэцца з роднымі. Атрымаць шэнгенскую візу ў Беларусі вельмі складана цяжка, пажылым людзям цяжка стаяць суткамі на мяжы. І часам людзі, каб пабачыць родных, выбіраюць для сустрэчы нэўтральную краіну, куды беларусам не патрэбная віза. Ці ёсьць бясьпечныя краіны для сустрэчаў з роднымі, якія не вымагаюць шэнгенскіх візаў? Алесь Міхалевіч адказвае:

— Гарантыі наконт цалкам бясьпечных краінаў я б не даваў. Але раіў бы разглядаць Чарнагорыю або Альбанію. Гэта краіны, якія ўваходзяць у NATO, якія імкнуцца да ўступленьня ў Эўразьвяз, але пры гэтым не зьяўляюцца візавымі краінамі для беларусаў.

Марозаў: Беларусь працягвае злоўжываць мэханізмамі Інтэрполу

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у прававых пытаньнях Леанід Марозаў падзяліўся са Свабодай рэкамэндацыямі Офісу Ціханоўскай, куды ня варта ехаць праз рызыку палітычнага перасьледу.

Леанід Марозаў
Леанід Марозаў

— Найбольш небясьпечнымі зьяўляюцца дзяржавы і тэрыторыі, дзе высокі шанец затрыманьня/экстрадыцыі праз базы СНД/ШАС або праз двухбаковыя пагадненьні аб прававой дапамозе. Паводле рэкамэндацый Офіса, не варта ехаць:

у Расею, Азэрбайджан; краіны Цэнтральнай Азіі (Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан, Туркмэністан, Узбэкістан), а таксама Пакістан, Індыю, Кітай;

у непрызнаныя тэрыторыі (Прыднястроўе, Абхазія, Паўднёвая Асэтыя, «ДНР/ЛНР», Крым);

Вэнэсуэлу, Паўночную Карэю, Тайлянд, Віетнам, Шры-Ланку; Кубу, Лаос, Сырыю, Камбоджу;

асобна адзначаюцца краіны, дзе рызыка ўзрастае праз двухбаковыя пагадненьні (як мінімум): Сэрбія, ААЭ, М’янма, Замбія, Зімбабве, Аўганістан, Іран, Ірак.

Леанід Марозаў падкрэсьлівае, што сьпісы не зьяўляюцца вычарпальнымі, а Беларусь працягвае злоўжываць мэханізмамі Інтэрпола, таму затрыманьні здараліся нават у адносна «бясьпечных» краінах (хоць гэта рэдка).

На пытаньне Свабоды, якія краіны выглядаюць адносна бясьпечнымі, але туды ўсё роўна ня варта ехаць, Марозаў называе так званую «шэрую зону» — краіны, дзе цяпер масавых экстрадыцый у Беларусь не было, але прававыя падставы або практыка ўзаемадзеяньня існуюць. Сярод іх, напрыклад:

Грузія (ёсьць пагадненьне СБ Грузіі з КДБ РБ), Турцыя, Эгіпет, Манголія, Марока, Саудаўская Арабія, Мэксыка, Катар.

Дарадца Ціханоўскай лічыць, што варта прыняць да ўвагі краіны, якія маюць двухбаковыя пагадненьні аб прававой дапамозе з Беларусьсю. Такія пагадненьні, напрыклад, заключаны са Шры-Ланкой, Віетнамам, Турцыяй, Манголіяй, ПАР, Іранам і Сэрбіяй. Перамовы вядуцца зь Індыяй, Ганконгам і Эгіптам. Такім чынам, у гэтых краін ёсьць законная магчымасьць экстрадыцыі ў Беларусь.

Што да краінаў, у якіх бясьпечна сустракацца з роднымі, Марозаў папярэджвае:

— Сапраўды, многія беларусы, у якіх сваякі ня маюць шэнгенскіх візаў, выбіраюць для сустрэч так званыя «нэўтральныя краіны». Але тут трэба ўлічваць, што ўзровень бясьпекі вельмі розны. Найбольш надзейны варыянт — гэта краіны Эўразьвязу, ЗША, Вялікабрытанія, Канада, дзе рызыкі мінімальныя. Калі ж казаць пра больш даступныя напрамкі, то часта людзі едуць у Грузію, Турцыю, ці краіны Балканаў. Мы называем іх «шэрай зонай»: гэта ня так небясьпечна, як Расея ці краіны Цэнтральнай Азіі, але ўсё ж рызыкі існуюць, бо дзейнічаюць пагадненьні аб прававой дапамозе ці ёсьць практыка ўзаемадзеяньня з беларускімі спэцслужбамі. Таму для кароткай сустрэчы гэтыя краіны можна разглядаць, але затрымлівацца там надоўга я б ня раіў. І заўсёды важна загадзя падумаць пра асабістую бясьпеку. Калі вы лічыце, што ў вас павышаная рызыка затрыманьня і экстрадыцыі ў Беларусь, варта паглядзець уважліва на сытуацыю ў краіне, якую вы зьбіраецеся наведаць. Гэта можна зрабіць альбо на адмысловым сайце pashpart.org, альбо на спэцыяльнай старонцы «Прававой Ініцыятывы».

Што рабіць, калі беларусы адчуваюць, што трапілі ў бяду? Парада ад дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай у прававых пытаньнях Леаніда Марозава:

— Найперш — спакой і яснасьць дзеяньняў. Калі адбываецца затрыманьне, трэба адразу патрабаваць адваката і перакладчыка, і ні ў якім разе не падпісваць дакумэнтаў, якіх вы не разумееце. Вельмі важна загадзя мець «надзейную асобу», якая будзе ведаць ваш маршрут і зможа паведаміць пра сытуацыю звонку. Асабліва раю тым, хто ўжо атрымаў у Эўропе міжнародную абарону або статус уцекача: лепш загадзя зрабіць натарыяльна завераную копію дакумэнта, мець пераклад на англійскую мову ці на мову краіны, куды вы едзеце. Трымаць гэты дакумэнт варта і ў онлайн-доступе (Google Drive ці іншае воблачнае сховішча), і пры сабе ў папяровым выглядзе. Гэта можа адыграць ключавую ролю, калі раптам узьнікнуць пытаньні да вашага статусу.

Паводле Марозава, адзін істотны момант — кантакты мясцовых праваабаронцаў і юрыстаў. Іх трэба мець загадзя: альбо праз дыяспару, альбо праз міжнародныя арганізацыі. Гэта можа стаць галоўнай гарантыяй, што пра сытуацыю стане вядома публічна і што будзе прафэсійная падтрымка зь першых хвілінаў.

— І, вядома, тэхналёгіі — проста незаменная рэч. Лепш загадзя настроіць двухфактарную аўтэнтыфікацыю, зашыфраваныя каналы камунікацыі і трымаць важныя дакумэнты ў аблоках. Гэта ўсё дробязі, але менавіта яны могуць выратаваць у крытычнай сытуацыі.

Марозаў раіць паралельна варта выходзіць на Офіс Святланы Ціханоўскай ці мясцовыя праваабарончыя арганізацыі, якія могуць хутка адрэагаваць. Паводле яго, апэратыўная інфармацыя і сыгнал вонкі часта бываюць вырашальнымі ў такіх сытуацыях.


Праваабарончыя арганізацыі, куды можна зьвяртацца па дапамогу

Грузія

  • Lawtrend – Цэнтар прававой трансфармацыі (чат-бот)
  • Rights Georgia – Tbilisi: #11a, Akaki Gakhokidze Str, 0160; Phone+995 (32) 299 88 56 E-mail: office@rights.ge
  • Human Rights House – Tbilisi: #11a, Akaki Gakhokidze Str, 0160; Phone: +995 32 2 38 20 18 E-mail: hrht.ge tbilisi@humanrightshouse.org
  • The Tolerance and Diversity Institute – Tbilisi, 4 Ghambashidze str., flat #5 0179 Phone: +995 32 298 21 71 E-mail: info@tdi.ge
  • Transparency International Georgia – Tbilisi, 61 Agmashenebeli Ave., 0102. Tel:+995 322 921403 E-mail: info@transparency.ge Batumi, 74 Parnavaz Mepe Str., 6010 Tel:+995 422 294488 E-mail: info@transparency.ge
  • Social Justice Centre – Tbilisi: 12b I. Abashidze (entrance from 14-16) 0179, Tel:+995 32 2 233 706 E-mail:info@socialjustice.org.ge
  • Young Lawyers Association – Tbilisi, Uznadze Street N.101 Tel: (995 32) 299 50 76 E-mail: Gyla@gyla.com

Армэнія:

  • Helsinki Citizens’ Assembly-Vanadzor Office in Yerevan – E-mail: info@hcav.am, Tel:(+374) 11 24 22 68 (https://hcav.am/en)

Турцыя:

  • Human Rights Foundation of Turkey – E-mail: tihv@tihv.org.tr, https://en.tihv.org.tr/
  • İnsan Hakları Derneği/Ankara – E-mail: ihd@ihd.org.tr, Tel: 03122303567-68-69, https://www.ihd.org.tr/tag/ankara/
  • İnsan Hakları Derneği/Diyarbakır – E-mail: diyarbakir@ihd.org.tr, Tel: 04122233033/04122295866 http://www.ihddiyarbakir.org
  • Amnesty International in Türkiye – Tel: 00902123616218, Address – Uluslararası Af Örgütü Hacımimi Mah. Kemeraltı Cad. Adahan No:31 Kat:2 34425 Karaköy-Beyoğlu/İstanbul


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG